Ціханоўская ў віншаваньні на Раство пажадала беларусам заканчэньня вайны і крызісу

7 студзеня праваслаўныя вернікі сьвяткуюць Раство Хрыстова. Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў калядным віншаваньні пажадала беларусам, каб вайна «скончылася перамогай дабра».

«У гэтую куцьцю я хачу пажадаць ня проста дабрабыту і шчасьця. Я жадаю вам, каб вайна, у якую ўцягваюць нашу краіну, скончылася — і скончылася перамогай дабра», — сказала Ціханоўская.

Таксама яна пажадала, «каб скончыўся палітычны і эканамічны крызіс, празь які больш за два гады растуць цэны і падаткі, пусьцеюць паліцы крамаў і кашалькі беларусаў».

«Каляды — гэта сьвята, якое прынята сустракаць дома ўсёй сям’ёй. І я жадаю, каб вашыя семʼі заўсёды былі разам — ці ўзьядналіся як мага хутчэй, калі вы яе побач. Жадаю, каб ваша вера не слабела, а мацнела. Жадаю, каб тое, пра што вы марыце і моліцеся, хутчэй адбылося. І каб на нашай зямлі сьвятло перамагло цемру», — сказала палітык.

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысьціянскай канфэсіяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў у чатыры мільёны. Паводле сацапытаньня 2016 году, праваслаўнымі сябе лічылі 83% вернікаў, каталікамі — 9,5%, да іншых рэлігійных напрамкаў сябе аднесьлі сябе 2% апытаных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа рымскі заклікаў на Раство памятаць пра ўкраінцаў «у цемры, на холадзе, далёка ад сваіх дамоў»