Вярхоўны суд па выніках закрытага пасяджэньня 6 студзеня пакінуў у сіле прысуды абвінавачаным у «справе БелаПАН». Паводле інфармацыі BPN, нязначна зьменены толькі некаторыя фармулёўкі, якія не паўплывалі на тэрміны зьняволеньня.
Летась 6 кастрычніка Менскі абласны суд (судзьдзя Вячаслаў Тулейка, унесены ў санкцыйныя сьпісы дэмакратычных краін Захаду) прызначыў 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму дырэктару – галоўнаму рэдактару інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыне Леўшынай, 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму — яе папярэдніку на пасадзе дырэктара Дзьмітрыю Наважылаву, 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму — былому намесьніку дырэктара Андрэю Аляксандраву, 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму — ягонай жонцы Ірыне Злобінай.
Акрамя таго, Наважылава аштрафавалі на 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў), Злобіну — на 800 (25 600), Аляксандрава — на 1000 (32 000).
Яны абвінавачваліся ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» па ч. 1 арт. 3611 КК (Аляксандраў, Леўшына, Наважылаў), «здрада дзяржаве» па ч. 1 арт. 356 (Аляксандраў, Злобіна), нявыплаце падаткаў у буйным памеры па ч. 2 арт. 243 (Аляксандраў, Наважылаў), а таксама ў падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках па ч. 2 арт. 342, што нібыта выявілася ў аплаце штрафаў удзельнікам пратэстаў (Аляксандраў, Злобіна).
Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года, Леўшыну і Наважылава — 18 жніўня таго ж года.
Усіх чацьвярых праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца БелаПАН Ірына Леўшына і яе папярэднік Дзьмітры Наважылаў 500 дзён знаходзяцца за кратамі- Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі знаходзяцца 33 прадстаўнікі СМІ, многія супрацоўнікі недзяржаўных мэдыяў пакінулі краіну з-за пагрозы рэпрэсій.