Камэнтуючы пачатак судовага працэсу ў палітычна матываванай справе ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году і кіраўніка праваабарончай групы «Вясна» Алеся Бяляцкага і ягоных калег Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча і Зьмітра Салаўёва, Мары Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Ўсходняй Эўропе, заявіла наступнае:
«Суд над Алесем Бяляцкім і ягонымі калегамі-праваабаронцамі — акт абуральнай несправядлівасьці, відавочная спроба дзяржавы адпомсьціць ім за іх дзейнасць. Падчас гэтага ганебнага інсцэнаваньня правасудзьдзя падсудныя ня могуць нават спадзявацца на падабенства справядлівасьці. Судзьдзя адразу ж ня толькі адмовілася весьці працэс на беларускай мове, а не на расейскай, але і зьняць з падсудных кайданкі ці адкласьці судовае паседжаньне, каб тыя маглі цалкам азнаёміцца з матэрыяламі справы».
«У краіне, дзе палітычна матываваныя судовыя перасьледы і масавыя арышты людзей за крытыку ўраду зьяўляюцца звычайнай справай, праваабарончая праца настолькі ж неабходная, наколькі і небясьпечная. Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі асабліва помсьціць праваабаронцам, і вырак гэтага „суду“ загадзя ўяўляецца актам жорсткасьці», — дадала яна.
«Усе абвінавачаньні з Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча і Зьмітра Салаўёва павінны быць тэрмінова зьнятыя, а тыя зь іх, хто знаходзіцца пад вартай, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя», — заклікала Стразэрс.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch піша ў Twitter пра суд над ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім: «Арыштаваны ў 2021 годзе па фальшывым абвінавачаньні, Бяліцкі знаходзіцца ў судзе разам з калегамі з „Вясны“, адной з самых вядомых праваабарончых арганізацый Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працягваецца суд над нобэлеўскім ляўрэатам Бяляцкім і іншымі лідэрамі «Вясны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Яны не прызналі віны. ФОТА, ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падсудны ў «справе „Вясны“» Салаўёў: «Нават у Кітаі, у М’янме нобэлеўскія ляўрэаты выходзілі на волю» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскае слова — зброя, зь якой страляюць у беларусаў і ўкраінцаў». Коўшык — пра мову суду над Бяляцкім