У сьнежні 2022-га стала вядома, што гандлёвая сетка «Віталюр» здасьць усе свае плошчы сваім канкурэнтам — кампаніі «Санта рытэйл». Такім чынам «Віталюр» хоча атрымаць магчымасьць расплаціцца з пазыкамі і пастаўшчыкамі.
«Узгоднены ключавыя парамэтры, у тым ліку аб’ём плошчаў, якія перадаюцца ў арэнду. Гэта 84 гандлёвыя абʼекты. Хачу падкрэсьліць, што мы не плянуем ніякіх рэарганізацыйных рухаў. У рамках бягучай угоды юрыдычныя асобы абʼектаў нерухомасьці, якія перадаюцца ў арэнду, застануцца ранейшымі. Ніякіх іншых субʼектаў гаспадараньня, каб пазьбегнуць патрабаваньняў па запазычанасьці, стварацца ня будзе. Тым больш не разглядаюцца ніякія пытаньні, зьвязаныя зь ліквідацыяй ці банкруцтвам», — сказаў 27 сьнежня гэндырэктар «Віталюра» Аляксандар Калесьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі адвяло на вырашэньне «касавай праблемы» 10 дзён
Яшчэ ў верасьні пастаўшчыкі патрабавалі ў «Віталюра» праз суд вяртаньня пазык на 4,5 мільёна рублёў.
19 сьнежня «Наша ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што гісторыя «Віталюра» можа скончыцца банкруцтвам. Прыгадваем гісторыю кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта агульная перамога». Асіповіцкі райвыканкам не дазволіў «Віталюру» будаваць супэрмаркет у гарадзкім паркуПачыналі з імпарту рыбы
Кампанія пачала дзейнічаць з 1995 году, тады займалася імпартам рыбы і морапрадуктаў. Назва кампаніі паходзіць ад імёнаў сыноў уладальніка, Аляксандра Яцука, — Віталь і Юры.
У 2003 годзе «Віталюр» становіцца першым беларускім пастаўшчыком новазэляндзкай, аргентынскай і гішпанскай рыбы.
У 2005 годзе кампанія стварае сетку прадуктовых крамаў. У 2006-м адкрывае сваю фірмовую краму на Маскоўскай шашы, а ў 2011-м — першы супэрмаркет у Лідзе.
Яшчэ праз тры гады «Віталюр» валодаў ужо двума буйнымі гандлёвымі цэнтрамі ў Менску — на вуліцы Рафіева, 56 і Жылуновіча, 7. Цяпер «Віталюр» — адна з самых буйных гандлёвых сетак у Беларусі: мае 94 крамы ў 15 гарадах. 2020 год «Віталюр» скончыў са стратамі ў 25 мільёнаў рублёў, але ўжо ў 2021 годзе кампанія выйшла на чысты прыбытак памерам 4 мільёны.
Па стане на 31 сьнежня 2021 году «Віталюр» агулам меў запазычанасьцяў на больш як 400 мільёнаў рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія «Віталюр» зьбіраецца здаць крамы ў арэнду свайму канкурэнту, сетцы «Санта Рытэйл»Суды з пастаўшчыкамі
Пра даўгі і спробы пастаўшчыкоў вярнуць грошы ў кампаніі «Віталюр» стала вядома яшчэ на самым пачатку мінулага году. У студзені свае грошы зь «Віталюра» хацелі спагнаць больш за тры дзясяткі кампаній. Толькі за 6 месяцаў мінулага году пастаўшчыкі спрабавалі атрымаць ад уласьнікаў «Віталюра» звыш 21 мільёна рублёў. У адным лістападзе 2022-га пазоваў было больш як на 2,5 мільёна рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: $400 мільёнаў даўгоў, завод будавалі інвэстары з Аўстрыі: што вядома пра Miory Steel, які нацыяналізаваў ЛукашэнкаХто вінаваты і што гэта значыць
У кастрычніку мінулага году Лукашэнка забараніў крамам павышаць цэны, гэта прывяло да дэфляцыі: цэны не павышаліся, а наадварот, падалі. Па сёньня падняць цэны на нешта рытэйл можа толькі пасьля ўзгадненьня зь мясцовымі чыноўнікамі.
Такая сытуацыя не магла не адбіцца на буйных гандлёвых сетках, у тым ліку на «Віталюры», лічыць экспэртка Beroc Анастасія Лузгіна.
«Пастанова аб рэгуляваньні цэнаў прывяла да дадатковых праблемаў, гэта не выклікае сумневаў. Пацярпелі і гандлёвыя сеткі, і пастаўшчыкі. „Віталюр“ атрымаў запазычанасьць, якую яму цяжка было выконваць. Немагчымасьць падняць цэны пагоршыла сытуацыю. Гандлёвыя сеткі ня могуць вызначаць нацэнкі», — кажа Анастасія Лузгіна.
Экспэртка гаворыць, што падобныя праблемы можна чакаць і сярод іншых гандлёвых сетак.
«Цяпер ёсьць супрацьлегласьць паміж адміністрацыйным рэгуляваньнем цэнаў і рыначнымі патрэбамі. З аднаго боку, яны працуюць у рынкавых умовах, а з другога боку — ёсьць адміністрацыйнае кіраваньне цэнамі. На ўзроўні дробнага бізнэсу ўжо думаюць некаторыя, каб закрываць свой бізнэс. Прайшло мала часу з моманту прыняцьця пастановы. Калі яна працягне далей дзейнічаць, падобныя праблемы, як у „Віталюра“, могуць узьнікаць і ў іншых сетках», — гаворыць экспэртка.