Міністэрства падаткаў і збораў адводзіць на рашэньне праблемы 10 дзён. Калі за гэты час яе вырашыць ня ўдасца, МПЗ просіць кампаніі паведамляць пра гэта.
Як удакладнілі ў міністэрстве, праблема «выклікана збоем у праграмным забесьпячэньні самога касавага абсталяваньня і не зьвязана з функцыянаваньнем сродку кантролю падатковых органаў».
У ведамстве растлумачылі, што рабіць кампаніям, якія сутыкаюцца такімі праблемамі ў рабоце касавых апаратаў.
«У выпадку выяўленьня праблем, зьвязаных з функцыянаваньнем касавых падсумавальных апаратаў, суб’ектам гаспадараньня неабходна ў неадкладным парадку зьвярнуцца ў ТАА „Тусон“ альбо цэнтар тэхнічнага абслугоўваньня, зь якім заключана дамова на іх тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт, зь пераказам праблемы і падаць заяўку на яе ліквідацыю».
Калі праблема функцыянаваньня касавага абсталяваньня ня вырашыцца да 13 студзеня, у МПЗ просяць паведаміць ім пра гэта па тэлефоне (017) 2 297 979 або 189.
Кампаніі «Тусон» па стане на поўдзень 3 студзеня не ўдалося вырашыць праблемы з працай касавага абсталяваньня ў цэлым шэрагу гандлёвых сетках, якія яна абслугоўвае. Сярод іншага гэта «Востраў чысьціні», «ОМА», «Мацярык», «Эўраопт». У кампаніі гавораць, што спрабуюць вырашыць праблемы, але зарыентаваць па тэрмінах ня могуць.
Тэхнічныя збоі ў касавым абсталяваньні некаторых гандлёвых сетак узьніклі 2 студзеня. Частка крамаў ад таго ня можа працаваць, частка працуе з істотнымі абмежаваньнямі.