У Польшчы перадалі ў суд справу беларуса і расейца, якіх падазраюць у шпіянажы на расейскае ГРУ

Беласток

Справу ў суд за шпіянаж накіравалі 30 сьнежня. Абодвух падазраваных трымаюць пад арыштам ад красавіка 2022 году.

Пра перадачу іхнай справы ў акруговы суд у Беластоку паінфармавала прэс-сакратарка акруговай пракуратуры Варшавы Аляксандра Скшыняж. У пракуратуры адзначылі, што грамадзяне Расеі і Беларусі праводзілі шпіёнскую дзейнасьць з 2017-га па красавік 2022 году, піша Польскае прэсавае агенцтва.

Вайсковая контравыведка Польшчы і сьледчыя пракуратуры высьветлілі, што двое мужчын працавалі на Галоўнае выведнае ўпраўленьне Расеі (расейская абрэвіятура — ГРУ). Яны зьбіралі інфармацыю пра крытычна важныя для абароназдольнасьці Польшчы вайсковыя аб’екты, пра баявую здольнасьць, маральны стан і рэжым працы вайсковых адзінак краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Альбаніі арыштавалі двух расейцаў і ўкраінца, якія спрабавалі трапіць на вайсковы завод у цэнтры краіны

Грамадзянін Беларусі вучыўся ў адной з ВНУ Беластоку, а затым заводзіў патрэбныя сувязі, працуючы ў цэнтры навучаньня скачкам з парашутам. Сувязі затым выкарыстоўваў для збору інфармацыі ў інтарэсах ГРУ Расеі.

Расеец займаўся культурніцкай і турыстычнай дзейнасьцю, прыкрываючы ёй зьбіраньне інфармацыі пра Польскае войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне супрацоўніка выведкі арыштавалі за шпіянаж на карысьць Расеі

У шпіёнскія заданьні абодвух уваходзіў пошук і перадача інфармацыі пра вайсковыя адзінкі і часткі ў паўночна-ўсходняй Польшчы. У тым ліку яны сачылі за тым, як вайскоўцы дапамагаюць пры ахове дзяржаўнай мяжы ў час мігранцкага крызісу, колькі жаўнераў выконваюць заданьні і ў якіх пунктах дзяржаўнай мяжы, якая структура ў падразьдзяленьняў, адпраўленых туды.

Таксама яны зьбіралі інфармацыю аб маральным стане польскіх вайскоўцаў, здольнасьці і апэратыўнасьці выкананьня імі заданьняў, ступені ўзаемадзеяньня з вайскоўцамі іншых краін NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік контравыведкі Нямеччыны паведаміў пра рост актыўнасьці расейскіх спэцслужбаў у краіне