Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Альбаніі арыштавалі двух расейцаў і ўкраінца, якія спрабавалі трапіць на вайсковы завод у цэнтры краіны


Прэм'ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама
Прэм'ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама

Улады Альбаніі арыштавалі двух расейцаў і ўкраінца, якія спрабавалі трапіць на вайсковы завод у цэнтры краіны. Іх падазраюць у шпіянажы.

Пра арышт шпіёнаў гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Альбаніі.

Міністэрства паведаміла, што двое альбанскіх вайскоўцаў былі параненыя, калі спрабавалі перашкодзіць тром замежным грамадзянам — двум мужчынам і жанчыне — сфатаграфаваць фабрыку Gramsh, прыкладна ў 80 кілямэтрах на поўдзень ад сталіцы краіны Тыраны.

«Афіцэры, якія ахоўвалі завод, адрэагавалі імгненна, але падчас іх намаганьняў спыніць трох замежных грамадзян, двое нашых вайскоўцаў атрымалі раненьні» адным з тых, хто нападаў. Нападнік ужыў балёнчык з паралітычным газам.

Двое вайскоўцаў дастаўлены ў шпіталь Тыраны і атрымліваюць мэдычную дапамогу, іх жыцьцю цяпер нічога не пагражае.

Расейцу, названаму ў заяве М.З., 24 гады, расейка, названая С.Т., мае 33 гады ўзросту, украінцу, названаму Ф.А. — 25. Яны былі затрыманыя на месцы, а іх аўтамабіль канфіскаваны, паведамілі ў міністэрстве.

Па факце інцыдэнту пачата расьсьледаваньне.

Вайсковы завод Gramsh адкрыўся ў 1962 годзе для вытворчасьці аўтаматаў АК-47. Пасьля падзеньня камунізму ў 1990 годзе ён спыніў вытворчасьць і замест гэтага пачаў дэмантаваць старыя аўтаматы Калашнікава і іншую стралковую зброю. Таксама займаецца рамонтам іншай армейскай зброі.

Прэм’ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама позна ўвечары 20 жніўня заявіў, што тры асобы «падазраюцца ў шпіянажы».

Альбанія, былая краіна сацлягеру, доўгія гады была ў ізаляцыі праз палітыку свайго дыктатара Энвэра Ходжы, які быў пасьлядоўнікам палітыкі Іосіфа Сталіна ў СССР. Пасьля яго сьмерці дзяржава стала на шлях дэмакратыі, увайшла ў NATO ў 2009 годзе, рашуча асудзіла ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і далучылася да санкцый Эўразьвязу і ЗША супраць Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG