«Беларусам патрэбная ўласная песьня». 8 цытатаў Данчыка, якому споўнілася 65 гадоў

Багдан Андрусышын (Данчык). 2009 год. Фота - Milan Josipovic.

3 студзеня споўнілася 65 гадоў Багдану Андрусышыну (Данчыку), журналісту, грамадзкаму дзеячу, легендарнаму беларускаму сьпеваку 90-х з Амэрыкі, нашчадку сям’і Луцкевічаў.

Бабуля ДанчыкаЯніна Каханоўская, пляменьніца заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона і Івана Луцкевічаў. У дзяцінстве яе даглядаў Максім Багдановіч, яна ведала Янку Купалу, была найбліжэйшай сяброўкай Натальлі Арсеньневай, працавала ў Нью-Ёрскім бюро Радыё Свабода. Прабабуля Данчыка — Эмілія Луцкевіч-Шабуня, малодшая сястра Антона і Івана Луцкевічаў.

Данчык нарадзіўся ў 1958 годзе ў Нью-Ёрку. Яго бацька Паўло — украінец, а маці Юлія — беларуска. Зь дзяцінства Данчык ведаў беларускую і ўкраінскую мовы. У 1981 годзе скончыў Унівэрсытэт Нью-Ёрку са ступеньню бакаляўра журналістыкі. Калі яму было 16 год, трапіў на канцэрт «Песьняроў» — ансамбль гастраляваў у Амэрыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом, які стаў першым беларускім дыскам у ЗША. У 1989 годзе наведаў Беларусь, дзе выступіў з канцэртамі. Другі раз наведаў з канцэртамі Беларусь у 1996-м. У 1997-м заявіў, што спыняе сваю музычную кар’еру.

Данчыку – 60. Фатаздымкі розных гадоў

Асноўным заняткам Данчыка стала журналістыка. Працаваў на Радыё Свабода з 1992 да 2021, з 2002 году — намесьнікам дырэктара беларускай Свабоды. Як музыка выдаў 6 альбомаў беларускіх песень. Цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Герой двух дакумэнтальных фільмаў «Данчык» (Беларусьфільм — 1989, Белсат — 2015).

Сабралі найбольш цікавыя выказваньні Данчыка зь ягоных перадачаў, блогаў, інтэрвію, падкастаў на Свабодзе розных гадоў.

«Яе заўсёдны гонар за сваю беларускасьць» — пра маці Юлію Андрусышыну

Данчык (Багдан Андрусышын) і ягоная маці Юлія на яе 85-годзьдзе, 19 чэрвеня 2017 году

«Я прыгадваю гісторыю пра тое, як сям’я мамы, якой тады было дванаццаць гадоў, пасьпешліва пакідала Менск, калі саветы пачалі наступ на горад. У хаосе і сумятні гэтая маладая дзяўчына спакойна зьняла абрус з абедзеннага стала і пашыла зь яго заплечнік. У яго яна склала тое, што яна ў тым юначым узросьце падсьвядома лічыла найбольшымі сямейнымі каштоўнасьцямі: не лялькі ці нейкія цацкі — а ўлюбёнага ката і альбомы зь сямейнымі фатаграфіямі. Гэта шмат што кажа пра яе сыстэму каштоўнасьцяў.

Кот уцёк, калі цягнік, у якім яны выехалі, падарваўся на міне, але фатаграфіі дажылі да гэтых дзён. Уратаваныя больш як паўстагодзьдзя таму з абгарэлых руінаў іх менскага дома ў 1944 годзе, гэтыя здымкі прыдаліся маме, калі яна ня так даўно выдала поўныя ілюстрацыяў успаміны пра яе ўлюбёную вялікую сямʼю і папярэднія пакаленьні, яе ня менш улюбёны горад Менск і яе заўсёдны гонар за сваю беларускасьць», — пісаў Данчык з нагоды сьмерці маці ў 2017 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мама

«Я прыехаў у горад, які заўсёды сьпіць», — пра розьніцу паміж Нью-Ёркам, Мюнхэнам і Прагай

На пачатку 1990-х Данчыка можна было пачуць на хвалях беларускай Свабоды пад псэўданімам Максім Лукашэвіч. У 2014 годзе ў цыклі «На хвалі Свабоды» Данчык расказваў, як лёс прывёў яго ў беларускую рэдакцыю Радыё Свабода ў Мюнхэн:

«Каб дастаць гэтую працу, трэба было ехаць у Мюнхэн на інтэрвію... Мне там вельмі спадабалася, бо адчувальна было, што гэта журналісцкая ўстанова, і я думаў, што будзе цікава... Я вельмі любіў Нью-Ёрк, і ясна — сям’я, сябры, цэлае жыцьцё ў Нью-Ёрку — я ніколі ня думаў, што апынуся ў Эўропе. Хоць незадоўга перад гэтым я хадзіў да варажбіткі, і яна мне сказала, што будучыня мая ў Эўропе. Так і здарылася. У лютым 1992-га я прыехаў у Мюнхэн. І быў вельмі і вельмі незадаволены!

Я прыехаў зь Нью-Ёрку, гораду, які ніколі ня сьпіць, у горад, які, мне здавалася, заўсёды сьпіць. Ясна, што вельмі прыгожая краіна, і навакольле, і гэтыя горы, і Альпы, але мне проста лад жыцьця не спадабаўся. Не спадабалася, што няма сэрвісу... Стаю ў супэрмаркеце і чакаю — няма ветлівасьці, той, што ёсьць у амэрыканцаў... Сьмех і плач, бо мне здавалася, што я прыехаў у нейкі Савецкі Саюз!..

2015 год. Прага.

Але прывык... Тады кажуць: едзем у Прагу... У Празе дзесяць гадоў пасьля заняпаду камунізму куды лягчэй амэрыканцу было жыць, чым у Мюнхэне. Мне і чэхі падабаюцца больш, і стыль жыцьця, і горад цудоўны на рэдкасьць у сьвеце. Сама праца цікавіла мяне, і цяпер, як я гляджу на гэтыя гады ў Мюнхэне і параўноўваю, якая тады была праца там і якая яна сёньня, Мюнхэн восем гадоў таму назад — гэта было XIV стагодзьдзе ў параўнаньні зь Беларускай службай Радыё Свабода, якой яна ёсьць сёньня», — расказваў Данчык у 2003 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данчык: «Я ехаў у Беларусь з думкай, што паміраю»

«Я быў аж празьмерна шчырым». Расповеды Данчыка, якія шакавалі кансэрватыўную Беларусь

У 2019 годзе выйшаў падкаст-цыкль Свабоды «Невядомы Данчык» — гранічна шчырыя гутаркі Алены Радкевіч з Данчыкам, у якіх сьпявак падзяліўся сваімі асабістымі гісторыямі і гісторыяй сям’і.

  • Расказаў пра сувязь са сваёй школьнай настаўніцай-францужанкай і расказвае, чаму забараніў сабе артыстычную кар’еру.
  • Патлумачыў, чаму ня выканаў зароку больш ніколі ў жыцьці не заходзіць у царкву.
  • Расказвае, наколькі не пераносіць калектывізм і як нэрвуецца, калі яго называюць «Данчык».
  • Распавядае, праз што яму давялося прайсьці, каб публічна прызнацца ў сваёй сэксуальнай арыентацыі.
  • Узгадвае, як атрымаў сьмяротны дыягназ і ў 1989 годзе прыехаў з канцэртамі ў Менск упэўнены, што невылечна хворы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мая празьмерная адкрытасьць можа мець адмоўны эфэкт»

Вось некалькі яго цытатаў з падкасту:

  • Тое, што я гей, я ведаю ад маленства.
  • Патрыярх беларускай эміграцыі Антон Шукелойць абураўся: «У нас такога ніколі не было!»
  • Прэса, касьцёл, школа, грамадзтва, улада бамбардавалі цябе: «Калі ты гомасэксуал — ты хворы, пачвара, вычварэнец».
  • Маторам таго, што ў мяне адсутнічалі амбіцыі, быў страх. «Я ніколі не хацеў быць famous»
  • «У нас у сям’і не прынята было казаць I love you»
  • «Быць першым пакаленьнем у эміграцыі — крыху шызафрэнічна»
  • «Я думаю як амэрыканец»
  • «У мяне была „кухонная“ беларуская мова»
  • «Спачатку ў сям’і гаварылі па-ўкраінску, а тады мама прынцыпова пачала толькі па-беларуску»
  • «Колькі сям’я пацярпела праз Івана і Антона Луцкевічаў! Рэвалюцыю, бач ты, захацелі!» — наракала іх сястра
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данчык пра кашмар камінг-аўту

«Размова ідзе зусім не пра сэкс», — пра гамафобію

У офісе Радыё Свабода

Вось як Багдан Андрусышын адказаў у сваім блогу на вялікую колькасьць зьняважлівых гамафобных камэнтароў пад перадачай, прысьвечанай праблеме ЛГБТ-людзей у Беларусі і на постсавецкай прасторы:

«Сярод асноўных місіяў нашага радыё — прасоўваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў і змаганьне з сацыяльнай неталерантнасьцю шляхам пашырэньня факталягічнай інфармацыі і ідэяў, каб дайсьці да ўзаемаразуменьня. Сваім блогам і заклікам спыніць сыстэмную зьнявагу ў дачыненьні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці я і імкнуся хаця б наблізіцца да гэтай мэты. Дыялёг павінен быць, а маўчаньне, страх і сорам хай спыняцца. І размова ідзе зусім не пра сэкс, а пра ідэнтычнасьць і годнасьць асобы. Першае ў вялікай ступені залежыць ад сэксуальнай арыентацыі, а другое — ад стаўленьня да гэтай арыентацыі шырэйшага грамадзтва. У цывілізаваным грамадзтве геі павінны мець гэтулькі ж правоў і свабодаў адчуваць сябе камфортна ў сваёй заўважанасьці, бяз страху якіх-кольвечы наступстваў, як і гетэрасэксуалы. У сёньняшняй Беларусі гэта, на жаль, немагчыма.

У чэрвені на парадзе гей-прайд у Празе я нечакана спаткаў адну з сваіх калегаў, дырэктарку адной з усходнеэўрапейскіх службаў нашага радыё. „Што ж вы тут робіце?“ — запытаўся я. — „Усё вельмі проста: у мяне двое сыноў, і калі б атрымалася так, што адзін зь іх быў бы геем, я хацела б, каб ён быў шчасьлівы“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я думаў: калі рэлігія так памыляецца адносна геяў — што казаць пра астатняе?»

«Мужчыны павінны на сябе браць 50% адказнасьці за хатнюю працу» — пра павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі

«Пралічыў усе варыянты з пункту погляду гендэрнай роўнасьці. Мужчыны жывуць у Беларусі ў сярэднім 66,5, жанчыны — 78 гадоў. Такім чынам, мужчыны атрымліваюць пэнсію 6,5 года, жанчыны — 23 гады. Утрая даўжэй! Каб было гендэрна справядліва, трэба, каб жанчыны ішлі на пэнсію ў 65, а мужчыны ў 53 — тады ўсе будуць мець па 13 гадоў „заслужанага адпачынку“. Але тады, лічу, час разьвітацца з паняцьцямі „жаночая“ і „мужчынская“ праца. Мужчыны павінны на сябе браць 50% адказнасьці за хатнюю працу. Гэта значыць, памагаць з мыцьцём посуду, праньнем, гатаваньнем абедаў. Пэніс зусім гэтым заняткам не перашкаджае», — напісаў Данчык у праекце «100 словаў» у 2016 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данчык: «Цеплыня Лёні Барткевіча застанецца са мной назаўжды»

«Я заўсёды адчуваў ягоную блізкасьць», — пра сябра Лявона Барткевіча

Данчык і Леанід Барткевіч

«Лёня Барткевіч адыграў вялікую ролю ў маім жыцьці, асабліва ў мае маладыя гады. З таго моманту, як мы пазнаёміліся падчас гастроляў „Песьняроў“ у Нью-Ёрку ў канцы 1970-х гадоў, я заўсёды адчуваў ягоную блізкасьць. У гісторыі сучаснай беларускай музыкі Лёня меў унікальны двайны дар — ён быў прыгожым чалавекам і меў такі цудоўны голас.

Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб я ў 1989 годзе ўпершыню прыехаў у Беларусь. Ён даслаў запросіны, што ў той час зрабіць было няпроста, і арганізаваў наш побыт у Беларусі. Зь вялікім энтузіязмам ён дапамагаў арганізоўваць нашы сумесныя канцэрты і штурхаў мяне на сцэну нават тады, калі мне ня вельмі гэтага хацелася. Ніколі не забуду дні, праведзеныя ў іх з Вольгай Корбут кватэры на вуліцы Камсамольскай у Менску. Для мяне ж у пэўны пэрыяд майго жыцьця ён быў вельмі блізкім чалавекам. Гэтая ягоная цеплыня застанецца са мной назаўжды», — пісаў Данчык з нагоды сьмерці Барткевіча ў красавіку 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данчык: "Эўропа для мяне - чужая"

«Яны былі ў адным шэрагу з Beatles, Rolling Stones» — пра «Песьняроў» і Мулявіна

2011 год

«Для тых, хто слухаў рок-музыку ў 1970-х гадох, „Песьняры“ былі ў адным шэрагу з Beatles, Rolling Stones... Я, канечне, быў вельмі шакаваны навіной, што Мулявін памёр... Ягоная заслуга хіба найбольш у тым, што ён проста вынес на міжнародную арэну беларускую песьню. Нават у Нью-Ёрку, як яны прыяжджалі — я яшчэ вельмі добра гэта помню, у 1977 годзе, здаецца, — яны на Брадвэі выступалі...

Яны тады вялікае ўражаньне зрабілі на нью-ёрскіх крытыкаў. Вельмі арыгінальны быў гук. Я наагул калі першы раз пачуў „Песьняроў“, дык гэта было такое нешта своеасаблівае... Цудоўныя галасы, і Мулявіна, і Барткевіча, і потым гэтыя аранжыроўкі — яны здаваліся вельмі складанымі, з рознымі такімі трох-, чатырохчастковымі гармоніямі, шмат інструмэнтаў, скрыпкі, цымбалы... Яны былі нашмат больш скамплікаваныя, чым, скажам, нават Beatles... Такія зоркі ніколі ня гаснуць. Нават сьмерць ня можа іх патушыць», — пісаў Данчык у 2003 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзёньнік сьпевака

Пра гімн беларускага пратэсту

У чэрвені 2020 году напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Данчык выказаўся пра тое, чаго, на яго думку, бракавала беларускаму пратэсту:

«У руху за грамадзянскія правы, які цяпер разгортваецца ў Беларусі, адсутнічае адзін вельмі важны элемэнт — песьня гэтага руху. Кожны значны рух мінулага стагодзьдзя меў сваю песьню. Музыка і песьня надзвычай важныя для чалавечага духу, каб перадаць памкненьні многіх людзей супольным голасам.

Хіба некага могуць ня ўзрушыць унівэрсальныя пачуцьці, выказаныя ў „Песьні свабодзе“, сучаснай адаптацыі „Хору габрэйскіх рабоў“ з опэры Вэрдзі „Набука“? Хіба ня тыя самыя думкі і памкненьні мае сёньня беларускі народ?

...Сьпявайма ж і радуймася, стварайма нашу гісторыю,
Песьні надзеі супольным голасам вядуць нас да перамогі.
Свабода, свабода!


...Або вечны гімн, які сьпявалі дзесяцігодзьдзямі рухі за правы чарнаскурых — „Мы адолеем“.

...Мы адолеем, зможам, пераможам аднойчы,
Глыбока ў сэрцы я веру, мы пераможам аднойчы...
Мы не баімся, не баімся, не баімся сёньня,
Глыбока ў сэрцы я веру, мы пераможам аднойчы.


Няўжо словы, выказаныя ў гэтай апошняй страфе, — ня тыя самыя словы, якія беларусы сёньня выразна выказваюць па ўсёй краіне?

Або вазьміце таксама прыклад непакорлівага гімну руху за правы геяў „Я такі, як я ёсьць“:

...Мой сьвет, якім я хачу хоць крыху ганарыцца,
Мой сьвет, месца, у якім я ня мушу хавацца,
Жыцьцё нічога ня вартае, пакуль ты ня можаш сказаць:
Эй, сьвет, я такі, як я ёсьць!


Гэта толькі некалькі песень, якія суправаджалі прыхільнікаў унівэрсальных правоў чалавека на працягу эпохаў. Ёсьць мноства іншых...

Я думаю, беларусам цяпер больш чым калі патрэбная ўласная песьня. Вядома, гэта павінна быць нешта свойскае, выразна беларускае, з простай, даступнай мэлёдыяй, якая б лёгка сьпявалася».

22 сакавіка 2008 году. Данчык сьпявае на імпрэзе з нагоды 90-й гадавіны БНР у Празе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра музу Данчыка і аднаўленьне музычнай сэрыі