Вайна прысьпешыла працэс пазбаўленьня ад імпэрскіх сымбаляў. Рана ці позна гэта павінна адбыцца ва ўсіх краінах, якія пазбавіліся ад каляніяльнай залежнасьці.
Адэскі помнік Кацярыне я бачыў на свае вочы: прыгожы, гістарычны (адноўлены ў 2007 годзе паводле арыгінальных эскізаў) і стаяў у прыгожым месцы.
Але мастацкая і гістарычная каштоўнасьць не нагода, каб помнік стаяў у цэнтры горада, калі ён зьяўляецца сродкам візуальнай прапаганды варожага рэжыму.
Гісторыі і мастацтву месца можа быць і ў музэі. Туды адэсіты Кацярыну і пераносяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адэсе зьнесьлі помнікі Кацярыне ІІ і Сувораву. ФОТА і ВІДЭАБезумоўна, мы абавязаныя праводзіць паралелі зь Беларусьсю, для якой дэкамунізацыя і дэрусыфікацыя яшчэ больш актуальныя, чым для Ўкраіны, хоць яны, вядома ж, не адбудуцца пры цяперашнім рэжыме. І Ўкраіна зараз наглядна бурыць тыя табу, якія ўсё яшчэ сядзяць у галовах многіх з нас.
Здаецца, многія і ў Беларусі ўжо зразумелі, што Ленін і Калінін, а пагатоў Сталін і Дзяржынскі, павінны быць прыбраныя з пачэсных месцаў у цэнтрах гарадоў. Бо гэтыя людзі не заслугоўваюць ушанаваньня, а мастацкая і гістарычная каштоўнасьць канкрэтных помнікаў не губляецца ад знаходжаньня ў музэі.
Ня могуць старажытныя вуліцы ў цэнтрах тысячагадовых Менску, Полацку, Горадні называцца ў гонар Маркса, Леніна, Дзяржынскага, акупацыйнага гаўляйтэра Машэрава, камуністычнага інтэрнацыяналу ці савецкіх памежнікаў. Ня можа гасьцей Менску на плошчы перад чыгуначным вакзалам вітаць гіганцкі герб таталітарнага акупацыйнага рэжыму на адной зь вежаў «гарадзкой брамы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі полк «Пагоня» выступіў з палітычнай дэклярацыяй. Галоўная мэта — вызваленьне БеларусіГэтак жа сама ня можа найбуйнейшая беларуская кадэцкая вучэльня называцца ў гонар крывавага замежнага захопніка, які душыў вызвольнае паўстаньне Касьцюшкі, а потым валодаў як рабамі 60 тысячамі беларускіх сялянаў. Гэта я пра Суворава.
Ня можа ў цэнтры Менска стаяць помнік аўтару верша «Клеветникам России», які гнюснавата, цалкам у духу пуцінскай прапаганды, апраўдваў крывавае задушэньне паўстаньня 1831 году.
Ня могуць у гонар гэтага чалавека — другаснага ў маштабе сусьветнай літаратуры рэгіянальнага паэта, але «іхнага ўсяго» з пункту гледжаньня расейскага каляніялізму і русыфікатарства — масава называцца вуліцы, плошчы, станцыя менскага мэтро і пагатоў унівэрсытэт у Берасьці — што асабліва гратэскна, бо ён ня меў ніякага дачыненьня ані да Берасьця, ані да ўнівэрсытэцкай асьветы.
Гэта я пра Пушкіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчукі папрасілі дэмантаваць бюст Дзяржынскага насупраць КДБ. Улады адмовілі: гэта гісторыка-культурная каштоўнасьцьУ 2020 годзе актывіст Піліп Шаўроў ледзьве не атрымаў тры гады зьняволеньня за тое, што пафарбаваў рукі помніку Аляксандру Пушкіну ў Менску ў крывавы чырвоны колер.
І магчыма, гэты помнік у будучыні і варта будзе пакінуць у цэнтры беларускай сталіцы, але з пафарбаванымі рукамі — у якасьці помніку русыфікацыі Беларусі.
Часам можна пачуць: «Вінаваты ня помнікі, навошта зь імі змагацца?». Так, вінаваты ня помнікі, а людзі, якія прымалі рашэньні ставіць у цэнтры гарадоў чужыя сымбалі — каб пазначаць імі панаваньне імпэрыі, «русского мира». Пакінуць іх на ранейшым месцы — значыць зьмірыцца з такім станам рэчаў, з другаснасьцю, непаўнавартасьцю сваёй краіны і нацыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Леніна да Пушкіна. Як Расея сваім ваенным уварваньнем адкрыла шлях дэрусіфікацыі Ўкраіны