Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі полк «Пагоня» выступіў з палітычнай дэклярацыяй. Галоўная мэта — вызваленьне Беларусі


Байцы палка «Пагоня», архіўнае ілюстрацыйнае фота
Байцы палка «Пагоня», архіўнае ілюстрацыйнае фота

Беларускія ваяры, якія аб’яднаныя ў полк «Пагоня» і змагаюцца на ўкраінскім баку ў вайне з Расеяй, выступілі з дэклярацыяй, у якой акрэсьлілі свае погляды на цяперашнюю сытуацыю і пляны на будучыню.

Галоўнай мэтай полк назваў «вызваленьне Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, які цалкам залежны ад эканамічнай падтрымкі з Расеі, а таксама спрыяў фактычнай акупацыі нашай краіны і выконвае ролю расейскага губэрнатара».

Іншыя пункты дэклярацыі палку «Пагоня»:

  • Вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году;
  • Шчыльнае супрацоўніцтва зь Літвой, Польшчай і Ўкраінай;
  • Выхад з саюзьніцкіх пагадненьняў з Расеяй, фармаваньне рэгіянальнага аб’яднаньня краінаў Міжмор’я;
  • Уступленьне ў ЭЗ. Пытаньне далучэньня да NATO — на рэфэрэндум;
  • Беларуская мова — адзіная дзяржаўная;
  • Дэсаветызацыя, дэкамунізацыя і дэрусыфікацыя;
  • Адасабленьне беларускіх праваслаўных ад Маскоўскага патрыярхату РПЦ;
  • Больш самакіраваньня рэгіёнам;
  • Люстрацыя.

Ідэйнымі натхняльнікамі стварэньня палка «Пагоня» былі колішні рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў Валер Сахашчык. Полк — гэта выключна намінальная назва: колькасьць добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне, не перавышае некалькіх дзясяткаў чалавек, яны ня дзейнічаюць як асобная баявая адзінка. «Пагоня» славіцца грунтоўнай падрыхтоўкай добраахвотнікаў, якая адбываецца і ва Ўкраіне, і ў Эўразьвязе.

Касьцяк сяброў «Пагоні» ўваходзіць у Першую асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня імя Івана Багуна. Яны вырасьлі з падразьдзяленьня лёгкай пяхоты да мотастралковай брыгады. Частка служыць у шэрагах батальёну «Тэрор». Каманда аэравыведкі «Пагоні» нядаўна далучылася да палка імя Каліноўскага. Некалькі байцоў «Пагоні» далучыліся да ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну, які ўзначальвае Руслан Мірашнічэнка.

Хаця ў СМІ часам зьяўляліся паведамленьні, што камандзір «Пагоні» — Валер Сахашчык, гэта не адпавядае праўдзе. Сваіх камандзіраў «Пагоня» не называе. Вадзім Пракоп’еў ужо ня мае дачыненьня да «Пагоні».

4 лістапада ў дачыненьні да Валера Сахашчыка і Вадзіма Пракопʼева і «іншых асоб» у Беларусі завялі крымінальную справу за стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG