Аб гэтым паведамляе амэрыканскае выданьне Axios, спасылаючыся на словы неназваных украінскіх і ізраільскіх чыноўнікаў.
Нэтаньягу ў тэлефоннай размове зь Зяленскім у пятніцу нібыта прасіў яго, каб Украіна прагаласавала ў Генэральнай асамблеі ААН супраць рэзалюцыі, якая заклікае Міжнародны крымінальны суд даць юрыдычнае заключэньне аб наступствах ізраільскай акупацыі палестынскіх тэрыторый.
Паводле ізраільскай крыніцы, Нэтаньягу прасіў Украіну прагаласаваць супраць ці хаця б устрымацца. На паседжаньні камітэту некалькі тыдняў таму Ўкраіна прагаласавала «за».
Зяленскі на гэтую просьбу нібыта сказаў, што ў абмен на такое галасаваньне Ўкраіны хацеў бы пачуць, як новы ўрад Ізраілю плянуе зьмяніць пазыцыю ў справе дапамогі Ўкраіне, у прыватнасьці, ці можна разьлічваць на сродкі абароны ад балістычных ракет і іранскіх дронаў. Паводле ўкраінскай крыніцы, Нэтаньягу ня стаў даваць якіх-небудзь абяцаньняў, але адзначыў, што гатовы абмеркаваць просьбу Зяленскага ў будучыні. Зяленскі ня быў задаволены такім адказам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біньямін Нэтаньягу сфармуе новы ўрад ІзраілюГенасамблея ААН прыняла гэтую рэзалюцыю 30 сьнежня 2022 году. Яе падтрымалі 87 краін, 24 прагаласавалі супраць, 53 устрымаліся. Нэтаньягу выступаў супраць прыняцьця дакумэнта.
Украінскі прадстаўнік не прысутнічаў на галасаваньні. Крыніцы Axios у Кіеве адзначылі, што такое ўказаньне даў Зяленскі.
- Біньямін Нэтаньягу, лідэр партыі «Лікуд», 29 сьнежня афіцыйна ўзначаліў урад Ізраілю. Ерусалім працягвае аказваць гуманітарную падтрымку Кіеву, але не пастаўляе ўзбраеньня. Паводле Axios, такая пазыцыя абумоўленая тым, што Ізраіль асьцерагаецца рэакцыі Масквы, якая можа нанесьці шкоду яго інтарэсам у Сырыі. 19 кастрычніка, яшчэ да перамогі на выбарах, Нэтаньягу выступіў супраць паставак зброі ва Ўкраіну.