«Не для таго пералазіла праз плот, каб пакутаваць». Шчырая гутарка з Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінэту ў сацыяльных пытаньнях

Вольга Гарбунова

Гэта першае інтэрвію прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях Вольгі Гарбуновай.

Былая палітзьняволеная, былая кіраўніца шэлтэру для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» — пра ўцёкі з «хатняй хіміі», пра першыя крокі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце, пазыцыю ў справе вызваленьня палітвязьняў і маштабы хатняга гвалту.



41-гадовая Вольга Гарбунова — заснавальніца прытулку для жанчын і іх дзяцей, пацярпелых ад хатняга гвалту, былая кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Радзіслава», ліквідаванага ўладамі ў 2021 годзе. Больш за 10 гадоў вучыла прадстаўнікоў праваахоўных органаў, сыстэмы сацыяльнай абароны і аховы здароўя, псыхолягаў і настаўнікаў, як працаваць з ахвярамі хатняга гвалту, прадухіляць яго цяжкія наступствы. 20 гадоў дапамагае абараняць правы ўразьлівых сацыяльных груп, у тым ліку жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.

Скончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка. Псыхоляг па адукацыі. У траўні-чэрвені 2020 году ў Менску рыхтавала адкрыцьцё кавярні-клюбу «Норм», сацыяльна-культурнай прасторы з вэганскай кухняй і барам, дзе меліся працаваць дзяўчаты і жанчыны, пацярпелыя ад гендэрнага (у тым ліку хатняга) гвалту. Праз пандэмію праект было вырашана закрыць.

У лістападзе 2021 году Вольгу Гарбунову арыштавалі ў Менску за нібыта ўдзел у арганізацыі маршаў за правы жанчын у 2020 годзе.Улады ўключылі яе ў сьпіс «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў». Пасьля вынясеньня прысуду — 3 гады «хатняй хіміі» — Вольга Гарбунова ўцякла зь Беларусі. Вольга не хавае прыналежнасьці да ЛГБТ. Яна ляўрэатка міжнароднай праваабарончай прэміі Front Line Defenders «Праваабаронцы ў небясьпецы» за 2022 год. Гарбунова — адна з гераінь міжнароднага дакумэнтальнага фільму «Woman», дзе сабраныя аповеды дзьвюх тысяч жанчын з 50 краін сьвету.

Сьцісла

  • Прыярытэтны кірунак — палітвязьні. У фокусе людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, а таксама людзі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну.
  • Вельмі важна зьвяртацца да тых беларусаў, якія трымаюць у зьняволеньні нашых родных і ўсіх палітвязьняў, трымаюць у зьняволеньні ўсю нашу краіну. Вельмі важна разумець, што толькі ў гэтых беларусаў ёсьць рычагі ўплыву.
  • Усё жыцьцё я працавала і жыла, імкнучыся прымаць слушныя рашэньні, заснаваныя на маіх перакананьнях і каштоўнасьцях. Я пералезла праз плот не для таго, каб пакутаваць. Хачу зрабіць усё, каб у мяне, у маіх блізкіх, ва ўсіх астатніх, хто захоча на той момант вярнуцца, была такая магчымасьць.
  • Я адкрытая прадстаўніца ЛГБТК-супольнасьці, з гэтай нагоды таксама ня раз гучала крытыка. Я ведаю, што пасьля затрыманьня мая тэхніка засталася ў сілавікоў, што можна капаць маю асабістую галерэю і маю перапіску. Я мяркую, што гэта ўсё можа быць, але як з гэтым працаваць, я ня ведаю, бо ня ведаю, як да гэтага разважлівы чалавек можа сур’ёзна ставіцца.
  • Калі мы не прыкладзем апошнія сілы, каб паглядзець адзін аднаму ў вочы, абняць адзін аднаго і сказаць, што я ня буду на цябе нападаць, ты робіш важную справу, мы будзем рабіць гэта разам, то тады прапаганда і рэжым зрабілі сваю справу — мы проста разьедземся па розных краінах, вывучым замежныя мовы, адаптуемся і больш ніколі не пабачымся.

«Насамрэч я займалася палітыкай у Беларусі кожны дзень, калі вадзіла кліентак у суды, у міліцыю, у пракуратуру»

— Што і хто паўплываў на тое, што ты прыняла рашэньне ўзяць на сябе такую адказнасьць?

— Я вымушаная была пакінуць краіну сёлета пры канцы жніўня. У верасьні са мной выйшлі на сувязь людзі з Офіса Сьвятланы Ціханоўскай і прапанавалі гэтую пазыцыю. Я адмовілася. У мяне на гэта былі свае прычыны. Я адчувала сябе разгубленай, у мяне не было ніякай веры і надзеі, быў вельмі цяжкі маральны стан. Я сустрэлася тады з прадстаўнікамі Офіса, з самой Сьвятланай і паспрабавала патлумачыць, што для мяне гэта насамрэч вялікі гонар...

Я сапраўды была вельмі зьдзіўленая, бо дзе я, а дзе палітыка. І я ўсё сваё сьвядомае жыцьцё рабіла, на мой погляд, вельмі малыя справы. Для мяне верхам дасягненьня быў наш шэлтэр на 30 спальных месцаў у Менску. Мне падавалася, што я дапамагаю людзям, дапамагаю канкрэтным жанчынам, якія сутыкнуліся з гвалтам, але я ня бачу сябе як нейкую палітычную фігуру. Таму я адмовіла. Некалькі разоў.

Я пэрыядычна запытвала ў Офіса, ці зьявілася новая кандыдатура, ці пагадзіўся хто-небудзь. Я разумела, што вельмі часта людзі адмаўляюцца ў сілу розных прычын, у тым ліку зь меркаваньняў бясьпекі, бо асьцерагаюцца супрацоўнічаць з Офісам і ўваходзіць у Кабінэт. Час ішоў. Я ў нейкі момант усьвядоміла ўласны прывілей. У мяне была магчымасьць. Мяне выпусьцілі на «хатнюю хімію», і я знайшла магчымасьць эвакуавацца з краіны. І я пералезла праз плот ня дзеля таго, каб пакутаваць. Я пакутавала, канечне, некаторы час, але ўрэшце зразумела, што я — гэта я. І хоць мама мне ўсё жыцьцё казала, што палітыка — гэта брудная рэч, насамрэч я займалася палітыкай у Беларусі кожны дзень, калі вадзіла кліентак у суды, у міліцыю, у пракуратуру, калі бачыла, што ў жыцьці канкрэтнага чалавека немагчыма дамагчыся зьменаў празь недасканалае заканадаўства.

Мы тады ўдзельнічалі ў лабіраваньні прыняцьця спэцыялізаванага закону супраць хатняга гвалту ў Беларусі. Я зразумела, што і ў мяне, і ў вельмі многіх людзей у Беларусі вельмі скажонае ўяўленьне пра слова «палітыка». І я вырашыла, што буду ставіцца да гэтага як да інструмэнта, які можа дазволіць абараніць не адну жанчыну, ці 10 жанчын, ці 100 жанчын за год, а прыдумаць мэханізмы і інструмэнты, якія будуць на глябальным, сыстэмным узроўні ўкараняць эфэктыўныя мэханізмы абароны і дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Вольгу Гарбунову прадстаўніцай у сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага Кабінэту

«Сацыяльныя пытаньні — гэта жыцьцё, наш кожны дзень, праблемы, зь якімі мы сустракаемся ўвесь час»

— Што бачыш самай галоўнай сваёй задачай?

Вольга Гарбунеова

— Я хачу данесьці даволі простую ідэю. Гэтыя сацыяльныя пытаньнечкі, на якія звычайна ані ў кога не хапае ані часу, ані сіл, ані рэсурсаў. Усім падаецца, што трэба вырашаць глябальныя палітычныя праблемы, але, на жаль, у нас іх апошнія два з паловай гады вельмі шмат. А да гэтых нібы не прыярытэтных сацыяльных пытаньнечкаў калі-небудзь потым мы вернемся, а цяпер дацісьнем галоўныя. Прыярытэтныя задачы выканаем, а потым успомнім пра чалавека. Але сацыяльныя пытаньні — гэта жыцьцё, гэта наш кожны дзень, гэта тыя праблемы, зь якімі мы сустракаемся ўвесь час.

Ёсьць знакаміты лёзунг: асабістае — гэта палітычнае. Гэта сапраўды так. Нам падаецца, што мяне адну б’юць у сямʼі, што я адна жанчына з інваліднасьцю, пазбаўленая эфэктыўнай абароны і падтрымкі. Можна ўзяць і раскласьці так любую сацыяльную праблему, але насамрэч гэта ўсё носіць сыстэмны характар. І мы не павінны заставацца сам-насам з сабой нават у такія цёмныя часы. У Беларусі вельмі шмат сацыяльных праблем, у беларусак і беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць краіну, кожны дзень сацыяльныя праблемы.

Таму мне падаецца, што гэтая пазыцыя і само прадстаўніцтва па сацыяльных пытаньнях у Кабінэце вельмі важныя. Нельга пасунуць гэтыя праблемы на задні плян, сказаць, што толькі пасьля агульнай перамогі мы зоймемся гэтым. Гэтым трэба займацца цяпер. Бо жыцьцё адбываецца цяпер.

— Якія будуць першыя крокі?

— У прадстаўніцтве адзін з прыярытэтных кірункаў — пытаньні, зьвязаныя з палітзьняволенымі ў Беларусі. Я вельмі асьцерагаюся, што крытэрам ацэнкі такога прадстаўніцтва можа стаць тое, ці будуць на свабодзе палітвязьні празь месяц, два ці тры.

Я баюся, што мы ставім такія крытэры для такіх пазыцый, на якія мы ня можам паўплываць у дадзены момант. Для мяне вельмі важна думаць пра тое, што адбываецца цяпер. Прыярытэтны кірунак — палітвязьні. У фокусе — людзі, якія цяпер у Беларусі. І ў фокусе будуць людзі, якія вымушаныя былі пакінуць краіну.

Вельмі важна таксама працаваць стратэгічна, таму што мы ня ведаем, што адбудзецца з намі празь месяц, праз паўгода, праз год. Але мы дакладна павінны быць гатовыя і з пункту гледжаньня праектаў законаў, нарматыўных прававых актаў, якія дапамогуць нам і цяпер, і ў будучыні ствараць сыстэму сацыяльнай абароны, якая будзе эфэктыўна працаваць, рэальна дапамагаць людзям. У тым ліку і асабліва для людзей з уразьлівых групаў.

Складана сказаць, што будзе першым крокам. У мяне было ўжо шмат важных сустрэчаў — абмеркаваньне зь юрыстамі праекту закону аб рэабілітацыі, зносіны з журналістамі. Гэта і прыватныя сустрэчы, падчас якіх ёсьць магчымасьць даведвацца, што было зроблена да таго, як мяне 26 сьнежня абвясьцілі прадстаўніцай у Кабінэце.

Я сама актывістка, доўгі час была ў трэцім сэктары ў Беларусі. Для мяне важна наладзіць дыялёг, узаемную камунікацыю з актывістамі і няўрадавымі арганізацыямі, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на тое, што многія зь іх у Беларусі ліквідаваныя. Кірункаў вельмі шмат. Я думаю, што першае, што варта зрабіць, — падумаць пра каманду, бо адзін чалавек на гэтай пазыцыі ня зможа дасягнуць таго, пра што мы ўсе марым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 фактаў пра шматгадовую кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову, затрыманую ў Менску

«Людзі, якія цяпер знаходзяцца ў закладніках, якія знаходзяцца за кратамі, сутыкнуліся з чыстым злом»

— Ты былая палітзьняволеная і вельмі добра ведаеш, што перажываюць цяпер людзі за кратамі ў Беларусі. Апошнім часам шмат дыскутуецца пытаньне, што можна зрабіць для вызваленьня палітвязьняў, ці робіцца ўсё магчымае, ці магчымы, так бы мовіць, выкуп палітвязьняў, ці магчымыя перамовы па вызваленьні асобных палітвязьняў? Гучалі галасы, што патрэбны асобны прадстаўнік дэмсілаў у справе палітвязьняў. І выглядае, што ты цяпер і ёсьць гэтая прадстаўніца. Якая пазыцыя ў гэтым пытаньні?

— Мая пазыцыя вельмі простая. Людзі, якія цяпер знаходзяцца ў закладніках, якія знаходзяцца за кратамі, сутыкнуліся з чыстым злом. Дзякуючы майму асабістаму досьведу, на жаль, я вельмі шмат даведалася пра тое, што адбываецца па той бок плота.

І калі мы ладзім грамадзкія дыскусіі, заклікаем адзін аднаго, патрабуем ідэяў і канкрэтных дзеяньняў, якія могуць прывесьці да вызваленьня палітвязьняў, то вельмі важна разумець, што мы павінны зьвяртацца ня толькі да беларусак і беларусаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, ці да іх блізкіх, ці да актывістаў, якія аказваюць дапамогу, ці да іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Вельмі важна зьвяртацца да тых беларусаў, якія трымаюць у зьняволеньні нашых родных і ўсіх палітвязьняў, трымаюць у зьняволеньні ўсю нашу краіну. Вельмі важна разумець, што толькі ў гэтых беларусаў ёсьць рычагі ўплыву.

І бяз гэтага разуменьня нам усім будзе вельмі проста пасварыцца, вельмі лёгка патрабаваць адзін ад аднаго нейкіх канкрэтных дзеяньняў, вельмі лёгка абясцэньваць працу адзін аднаго, абражаць адзін аднаго. Калі няма ніякай магчымасьці нападаць на агрэсара (бо гэта страшна і небясьпечна), людзі пачынаюць нападаць на тых, хто больш даступны ў камунікацыі, хто не такі небясьпечны.

Маё прызначэньне адбылося ў кульмінацыйны пэрыяд гэтай грамадзкай дыскусіі. Я лічу, што нам трэба прааналізаваць усе інструмэнты, якія мы выкарыстоўвалі раней, прызнацца сабе ў тым, якія зь іх не працавалі і адмовіцца ад іх, і супольна выпрацаваць новыя стратэгіі. Я ня думаю, што будзе сытуацыя, калі адна канкрэтная пэрсона будзе адказваць за пытаньне палітвязьняў. Я ня думаю, што гэтая сытуацыя будзе вырашаная, калі нехта будзе чакаць, што ў кагосьці ёсьць улада, сіла, рэсурсы аднаасобна вырашыць самую цяжкую задачу, якая стаіць перад намі два з паловай гады, — як выратаваць тых беларусак і беларусаў, якія сёньня павольна гінуць у турмах. Таму я заклікаю да дыялёгу ўсіх беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці сказала, што лепш, каб я была адна». Беларускія лесьбіянкі пра камінг-аўт

«Я адкрытая прадстаўніца ЛГБТК-супольнасьці»

— Выглядае, што кожнага прадстаўніка Кабінэту будуць разглядаць пад люпай і спрабаваць дыскрэдытаваць, зламаць. У выпадку з расейскім пашпартам прадстаўнік Кабінэту Валер Сахашчык удар вытрымаў. Тацяна Зарэцкая (ня будзем яе кейс абмяркоўваць, але нічога злачыннага яна не зрабіла) прыняла іншае рашэньне. Ты, напэўна, прадумвала для сябе сытуацыі, калі цябе будуць спрабаваць дыскрэдытаваць. Што для сябе вырашыла? Ці будзеш трымаць удар?

— Я ня ведаю. Ідэальных людзей не бывае, а калі бываюць, то гэта дакладна ня я. Сёлета ўжо 20 гадоў, як я ў тэме абароны правоў жанчын у Беларусі, у трэцім сэктары. Усе гэтыя гады я і арганізацыя, дзе я працавала, сутыкаліся з крытыкай, нам увесь час казалі, што мы ня тым займаемся, ня так разглядаем праблему, ня тыя крокі прадпрымаем. Калі я прыйшла ў «Радзіславу» на пачатку 2003 году, я ўжо ведала, хто такія «грантасосы». Прапаганда насамрэч вельмі эфэктыўна працуе.

Калі я чую, калі прадстаўнікі розных рухаў і ініцыятываў рэальна абясцэньваюць працу адзін аднаго, абражаюць, называюць адзін аднаго махлярамі і грантасосамі, то адразу ўсьміхаюся і згадваю, як дзесяцігодзьдзі я гэта чула на свой адрас. Я адкрытая прадстаўніца ЛГБТК-супольнасьці, з гэтай нагоды таксама ня раз гучала крытыка. Я ведаю, што пасьля затрыманьня мая тэхніка засталася ў сілавікоў, што можна капаць маю асабістую галерэю і маю перапіску. Я мяркую, што гэта ўсё можа быць, але як з гэтым працаваць, я ня ведаю, бо ня ведаю, як да гэтага разважлівы чалавек можа сурʼёзна ставіцца.

Я ведаю адно, што я вельмі хачу дадому. Усё жыцьцё я працавала і жыла, імкнучыся прымаць слушныя рашэньні, заснаваныя на маіх перакананьнях і каштоўнасьцях. Пра гэта я казала судзьдзі ў апошнім слове. Мне ня сорамна за тое, што я рабіла і працягваю рабіць. Я пералезла праз плот не для таго, каб пакутаваць. Я хачу зрабіць усё, каб у мяне, у маіх блізкіх, ва ўсіх астатніх, хто захоча на той момант яшчэ вярнуцца, была такая магчымасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Годны заробак без выгараньня, работніцы — толькі жанчыны. Унікальная кавярня-клюб НОРМ у 15 пытаньнях і адказах

«Сытуацыя з хатнім гвалтам цяпер — гэта адкат у 1990-я гады»

— Мы з табой запісвалі шмат інтэрвію, Я была не адзін раз у «Радзіславе», рабіла гісторыі жанчын, якія там былі ў момант, калі ім было дрэнна, і потым праз год зь імі ж, калі сытуацыя палепшылася дзякуючы «Радзіславе». Мы запісвалі інтэрвію пра праект кавярні «Норм» для жанчын, дзе павінны былі працаваць былыя ахвяры хатняга гвалту. Я добра памятаю перадачу «Толькі жанчыны» пра праблему хатняга гвалту, калі я папрасіла цябе перафармуляваць старую фразу «Б’е — значыць кахае» і назваць сучасную формулу. І твой адказ быў: «Бʼе — значыць сядзе». Цяпер у Беларусі сытуацыя, што той, хто бʼе, той і садзіць, а ня сам ідзе за краты. І ў мяне пытаньне пра праблему хатняга гвалту ў Беларусі, пра праблему хатняга гвалту ва ўмовах рэпрэсій, беспакаранасьці, траўматычных сытуацый, ва ўмовах вайны. Як бы ты акрэсьліла маштаб праблемы?

— Я паспрабавала сабраць нейкую інфармацыю, калі апынулася ў Літве, каб зразумець, што цяпер адбываецца ў Беларусі. На жаль, на дадзены момант вельмі цяжка знайсьці хоць якія лічбы, хоць якую інфармацыю пра тое, што адбываецца, каб ацаніць маштаб, каб аказаць дапамогу пацярпелым. Я дакладна ведаю, што людзі, якія сутыкаюцца з хатнім гвалтам і знаходзяцца ўнутры краіны, на дадзены момант маюць магчымасьць зьвяртацца ў дзяржаўныя сэрвісы, якія былі раней. Яны могуць зьвяртацца на лінію 102.

Гэта было ў краіне да зьяўленьня такіх арганізацый, як «Радзіслава», як агульнанацыянальная Гарачая лінія «Гендэрных пэрспэктываў» і іншых ініцыятываў. Гэта адкат у 1990-я гады. Я заклікаю тых беларусак, якія сутыкаюцца з гвалтам, выкарыстоўваць наяўныя магчымасьці па максымуме. Я бачу статыстыку, якую цяпер падае МУС. Па ўскосных дадзеных можна казаць, што людзі страцілі давер да прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Людзі ўсё менш тэлефануюць на лінію 102...

Праўдападобна, гэта зьвязана з страхам, што ты будзеш пакутаваць ня толькі ад агрэсіі з боку хатняга тырана (як называюць іх праваахоўныя органы), але ад перасьледу з боку дзяржавы. Мы бачым, што давер да праваахоўнай сыстэмы рухнуў, што законы не працуюць, што займацца пытаньнем хатняга гвалту практычна няма каму, бо ўся машына заточаная пад тое, каб забясьпечваць палітычныя рэпрэсіі.

Мы бачым, што суды па-ранейшаму даюць мізэрныя штрафы, што крымінальныя справы спыняюцца праз прымірэньне бакоў, што людзям прасьцей працягваць жыць у гэтай сытуацыі ці, калі ёсьць магчымасьць, уцякаць у іншыя краіны.

Да нас ужо даходзяць кейсы, калі хатні гвалт адбываецца ў семʼях, якія вымушаныя былі пакінуць краіну. Як спэцыялісты, якія даўно працуюць у гэтай галіне, мы разумеем, што прагназуецца рост хатняга гвалту, зьвязанага як з сытуацыяй палітычных рэпрэсій, так і з ваеннымі дзеяньнямі. Ужо ёсьць звароты ў службы дапамогі ад жанчын, у семʼі якіх вярнуліся добраахвотнікі, якія ваявалі ва Ўкраіне. На жаль, прагноз несуцяшальны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для беларусак — ахвяраў хатняга гвалту зьявілася бясплатная онлайн-лінія

У 2003 годзе я ўжо працавала ў «Радзіславе», і да мяне на псыхалягічную кансультацыю прыйшоў мужчына. Гэта адзіны мужчына-кліент, які ў мяне быў за гэтыя 20 гадоў, бо наш сэрвіс для жанчын, але я правяла гэтую сямейную кансультацыю. Высьветлілася, што мужчына ваяваў у Аўганістане. Мяне тады гэта моцна шакавала, таму што савецкія войскі вывелі адтуль у 1989 годзе, а ён прыйшоў да мяне ў 2003 годзе, пасьля таго як вельмі жорстка зьбіў жонку на працоўным месцы.

Я тады зразумела, што такое хатні гвалт пасьля ваенных дзеяньняў. Гэта наступствы на 20–30 гадоў. І гэта будуць вельмі сурʼёзныя выклікі для нас усіх. І як бы мы ні прадумвалі, што важна прадпрыняць і прадумаць на будучыню, мы, напэўна, нават ня можам уявіць, з чым мы сутыкнёмся, калі гэтая цемра сыдзе і мы пачнём адбудоўваць усё нанава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вяла ў РУУС сэмінар для ўчастковых, а потым сядзела там затрыманая»

«У мяне цяпер totаl black стыль»

— Я, падаецца, больш-менш ведаю твой стыль. Ён спартовы, нефармальны. І я ўпершыню бачу цябе ў пінжаку. Я так разумею, што пасада ў Аб’яднаным пераходным кабінэце абавязвае насіць пінжак, абавязвае вельмі дакладна ўяўляць, што гаворыш і каму. Што зьмянілася ў табе за апошнія два з паловай гады, акрамя пінжака?

Вольга Гарбунова

— Насамрэч гэта ня мой пінжак, а маёй дачкі, яе школьная форма, якую купілі яшчэ ў Менску. У Кабінэце мне кажуць, што я магу заставацца такой, якая я ёсьць. У мяне цяпер totаl black стыль, як і totаl black унутраны сьвет. Я пагрузілася зараз у гісторыю, дзе знаходжу гісторыі пра беларусак. Напрыклад, Каміла Марцінкевіч, якая была прадстаўніцай пратэстаў жанчын у чорным. Гэта хутчэй маё палітычнае выказваньне, бо я імкнуся выглядаць сур’ёзна як палітычная фігура.

Але я і актывістка, і ў сваёй працы буду зыходзіць з нашага галоўнага лёзунгу ў «Радзіславе», што кожная і кожны важны. Выбіраючы паміж дабром і выгадай для краіны — і жыцьцём асобнага чалавека, я да апошняга буду стаяць на абароне кожнага чалавека паасобку. Таму наўрад ці мой спосаб мысьленьня і мае стратэгіі вельмі моцна зьмяніліся.

Але падзеі 2020 году і ўсё, што адбылося асабіста са мной пасьля гэтага... Я спачатку спалохалася... Мне гэта было неўласьціва... Я адчула вельмі шмат злосьці. Я адчула вельмі многа нэгатыўных пачуцьцяў, якія ўсё жыцьцё баялася адчуваць і праяўляць. Заўсёды хацелася быць добрай, зручнай, правільнай для ўсіх. Напэўна, гэта жаночая, гендэрная сацыялізацыя. Тым ня менш новы падыход і новы стыль дае мне нейкае апірышча ўнутры сябе. Можа, гэта нешта, за чым я хаваюся, але ў гэтым для мяне ёсьць вельмі шмат энэргіі. І я хачу расходаваць гэтую энэргію і пасьпець зрабіць хоць нешта, каб прынесьці карысьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязынка», «Бачная», «Яе экспэртыза». Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2022 году

«Я мару пераадолець гэтыя 34 кілямэтры, якія цяпер паміж мной і мяжой зь Беларусьсю»

— Цяпер цёмныя змрочныя часы напярэдадні сьвята. Беларускае грамадзтва збольшага траўмаванае. Якія б словы ты знайшла для людзей у гэтыя перадсьвяточныя дні?

— Калі я выйшла зь СІЗА, то ўпершыню за вельмі доўгі час, напэўна за 15 гадоў, зьвярнулася па прафэсійную псыхалягічную дапамогу. Я заўсёды рэкамэндавала гэта ў «Радзіславе», але разумела, што гэта ня мой інструмэнт, мне гэта ня трэба. Гэта былі кароткія сустрэчы. Я больш не атрымліваю падтрымкі, але я цудоўна разумею, у якім стане цяпер знаходзяцца многія.

Я сама жыву з пачуцьцём, што я вельмі шмат страціла — краіну, справу майго жыцьця, магчымасьць бачыць блізкіх, сямʼю, магчымасьць даць хоць якую стабільнасьць і пачуцьцё абароненасьці сваёй дачцэ. У мяне дрыжыць голас, на вочы набягаюць сьлёзы, калі я думаю пра свой унутраны стан. Я мяркую, што такі стан у многіх. Гэта таксама будзе вялікі, сурʼёзны выклік для многіх. Калі мы такія абясточаныя, калі мы такія выматаныя і ў нас няма рэсурсаў, то мы можам быць азлобленыя, можам нападаць адзін на аднаго.

Людзі — гэта тое, што мяне выцягвала ўвесь гэты час, што мяне натхняла ў 2020 годзе, што мне дапамагло ня здацца ў 2021 годзе, калі мяне затрымалі. Гэта тая падтрымка, дзякуючы якой я вырашыла ўцячы і выратавацца. Гэтая каштоўнасьць заўсёды будзе з намі, калі мы ўключым сваё крытычнае мысьленьне і адначасна эмпатыю і ўменьне цаніць адзін аднаго. Я разумею, што ўсе мы вельмі розныя і ў нас вельмі шмат прэтэнзій адзін да аднаго. І многія з нас зусім не аднадумцы, але нас абʼядноўвае лёзунг, што мы хочам вярнуцца дадому, каб зрынулася дыктатура і запанавала справядлівасьць і правасудзьдзе. І мы ўсе зайшлі вельмі далёка, і маральны стан цэлай краіны, усяго народу — гэта вельмі рызыкоўны момант.

Калі мы не прыкладзем апошнія сілы, каб паглядзець адзін аднаму ў вочы, абняць адзін аднаго і сказаць, што я ня буду на цябе нападаць, ты робіш важную справу, мы будзе рабіць гэта разам, то тады прапаганда і рэжым зрабілі сваю справу — мы проста разьедземся па розных краінах, вывучым замежныя мовы, адаптуемся ў гэтых краінах і больш ніколі не пабачымся.

А я мару пераадолець гэтыя 34 кілямэтры, якія цяпер паміж мной і мяжой зь Беларусьсю, і пабачыць там усіх вас, усіх сваіх блізкіх, абняцца і працягваць працаваць раней, каб якасьць нашага жыцьця палепшылася, каб мы вярнулі гэтае пачуцьцё бясьпекі, каб мы працягнулі разьвіцьцё нашай краіны і памяталі пра ўсіх, хто быў з намі і каго больш няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе ніхто ня выступіў у абарону прытулку, нават офіс ААН», — асуджаная на «хатнюю хімію» кіраўніца «Радзіславы» Вольга Гарбунова