Фігуранта «справы Ціханоўскага» Цыгановіча перавялі на турэмны рэжым
42-гадовага аўтара Youtube-канала MozgON Уладзімера Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 году. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадзкія, а потым і палітычныя навіны. 31 траўня 2020 году правёў трансьляцыю пікету з Камароўкі, перад пачаткам якога затрымалі Мікалая Статкевіча. Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
14 сьнежня 2021-га Ўладзімера асудзілі ў «справе Ціханоўскага» на 15 гадоў калёніі. МУС 4 лістапада ўключыла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў».
У чэрвені яго этапавалі ў папраўчую калёнію № 3. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Ўладзімеру ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў тэрмінам на 3 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у справе «Рабочага руху» зрабілі закрытымПрызначылі дату суду над журналістам Анджэем Пачобутам
Суд над журналістам і сябрам Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам мусіў пачацца 28 лістапада. Аднак зь невядомых прычынаў працэс адклалі. Сёньня стала вядома новая дата пачатку працэсу — 9 студзеня. Разгяд справы пройдзе у абласным судзе Горадні.
Судзіць журналіста мае Дзьмітры Бубенчык.
Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).
У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Да Пачобута даходзяць толькі заказныя лісты