Партал Kosovo online напісаў, што страляніна адбылася, калі спэцназ паліцыі Косава спрабаваў ліквідаваць барыкады на адной зь мясцовых дарог у муніцыпалітэце Зубін Потак.
Прышцінская Koha сьцьвярджае, што мясцовыя сэрбы напалі на членаў міжнародных сіл (KFOR), а KFOR пазьней пацьвердзіў гэтаму парталу факт страляніны каля іх патруля, але не напад на яго.
Косаўская паліцыя абвергла паведамленьні бялградзкіх СМІ пра сутыкненьні з паліцыяй у Зубіным Потаку.
«Ніякай атакі на косаўскую паліцыю не было, таксама не было перастрэлкі паміж косаўскай паліцыяй або якой-небудзь групоўкай, паліцыя ні па кім не вяла агонь», — гаворыцца ў заяве, якую цытуе Балканская служба Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барыкады ў Косаве застаюцца. У нядзелю на памежным пераходзе праходзіць маніфэстацыя сэрбскіх ультраправыхМіністар унутраных спраў Косава Джэляль Свэчля ў сваім Twitter адрэагаваў на паведамленьні сэрбскіх СМІ. Ён напісаў, што «гульні Вучыча працягваюцца».
«Спачатку яны казалі, што ў Зубіным Потаку адбыліся сутыкненьні з ініцыятывы паліцыі Косава. Калі яны зразумелі, што напалі на КФОР, яны хацелі адмаўляць усе напады. Барыкады павінны быць ліквідаваныя. Сэрбія павінна спыніць арганізацыю незаконных, злачынных структур, якія накіраваны на дэстабілізацыю Косава».
Кіраўнік Генштабу Ўзброеных сіл Сэрбіі генэрал Мілан Майсілавіч у камэнтары TV Pink заявіў, што ў мясцовасьці разгорнутыя войскі.
«Сытуацыя складаная, яна патрабуе прысутнасьці вайскоўцаў уздоўж адміністрацыйнай лініі, і ў найбліжэйшы пэрыяд войска будзе сканцэнтравана на выкананьні сваіх задач».
25 сьнежня ўвечары генэрал Майсілавіч сустрэўся з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам і прэм’ер-міністаркай Анай Брнабіч. Сустрэча адбылася ў горадзе Рашка на поўдні Сэрбіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Гаазе прысудзіў экс-камандзіру арміі Косава 26 гадоў турмы за катаваньніНапружанасьць на поўначы Косава працягваецца ўжо два тыдні, пасьля таго як паліцыя Косава арыштавала сэрбскага паліцыянта за парушэньне канстытуцыйнага парадку, на што мясцовыя сэрбы ў адказ паставілі барыкады, патрабуючы яго вызваленьня. У наступныя дні арыштавалі яшчэ двух сэрбаў, а зьняць барыкады запатрабавалі прадстаўнікі ЗША і Вялікай Брытаніі ў Бялградзе і Прышціне, а таксама амбасадар Нямеччыны ў Косаве.
Акрамя таго, напружанасьць паміж косаўскімі альбанцамі і сэрбамі адбываецца вакол перарэгістрацыі аўтамабільных нумароў. Сэрбы, якія пераважна пражываюць на поўначы Косава, не жадаюць мяняць свае старыя сэрбскія нумары на новыя косаўскія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На поўнач Косава ўведзены паліцэйскі спэцназ. Сэрбы перакрылі дарогі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра канфлікт Сэрбіі з Косавам? Тлумачым