Ён упэўнены, што каб навучыцца «паважаць іншага чалавека», трэба " уважліва разважаць пра таямніцу Бэтлеемскіх ясьляў, дзе нарадзіўся Бог-чалавек«.
«Перад намі выбар: жыць Эвангельлем ці паддацца ўплывам сэкулярнага сьвету, — прыводзіць тэкст яго слова партал Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі. — Бог спаткаецца з тымі, хто яго шукае. На жаль, чалавек эпохі постмадэрнізму замест таго, каб шукаць, адкідае. Мы жывем у супярэчнай духу Эвангельля і годнасьці чалавека культуры, што вядзе да крызісу фундамэнтальных чалавечых і маральных каштоўнасьцяў».
«Таму мы павінны адкрыць дзьверы для прыходзячага Збаўцы, а не адараваць саміх сябе. Нельга рабіць з Божага Нараджэньня традыцыі бяз Бога. Сьвяткаваньне толькі дзеля сьвяткаваньня ня мае сэнсу, бо ў ім няма Езуса», — дадаў Кандрусевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Царкоўная дэмакратыя падчас вайны. Ва Ўкраіне паступова пераходзяць на сьвяткаваньне Калядаў 25 сьнежняПаводле слоў арцыбіскупа, «замест таго, каб верыць у Бога», чалавек «верыць у самога сябе, сваю ўсёдазволенасьць», лічыць сябе «валадаром сьвету і жыве ідэяй антрапалягічнага нігілізму, паводле якога сам устанаўлівае нязгодныя з Божым законам маральныя нормы і вырашае, што ёсьць дабро, а што — зло». На тле гэтага ён «забываецца пра галоўны этычны прынцып усіх рэлігій: не рабі нікому таго, чаго ня хочаш, каб іншыя табе рабілі».
«У выніку сьвет перажывае шмат небясьпечных крызісаў, якія ставяць пад пагрозу яго будучыню, — канстатаваў каталіцкі герарх. — Замест таго, каб аб’ядноўвацца і супольна вырашаць насутныя праблемы, ён падзяліўся. Ваенныя дзеяньні ў шматлікіх краінах паказваюць крохкасьць міру, які будуецца толькі чалавечымі намаганьнямі без адносін да маральных прынцыпаў. Трэці год сьвет імкнецца выйсьці з пандэміі каранавірусу, які пастаянна мутуе і, нягледзячы на гераічныя намаганьні мэдыкаў і фармацэўтаў, далей пагражае чалавецтву. Як нябачны мікраскапічны вірус паставіў на калені ўсё чалавецтва, таксама і нябачны грэх нясе з сабой шмат бачных бедаў».
Кандрусевіч прызнаў, што пасьля сьвята Божага Нараджэньня ў сьвеце «ня шмат зьменіцца». Застануцца «маральныя, грамадзка-палітычныя, эканамічныя, ідэалягічныя, фінансавыя, сямейныя і іншыя праблемы», «невядома, калі пачне дзейнічаць Чырвоны касьцёл у Менску», «не завершыцца ў адзіны момант напружанасьць у сьвеце, у тым ліку ваенныя дзеяньні, якія руйнуюць не толькі гаспадарку і інфраструктуру, але таксама маральна і псыхалягічна нішчаць чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазроныя каталікі. Чым уладам перашкодзіў Чырвоны касьцёл?Але «нягледзячы на ўсе паталёгіі сучаснасьці», людзі павінны «выйсьці са сьвята Божага Нараджэньня новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай Богаўцелаўленьня, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцьця, міру і любові».
«Няхай Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас у нашай Айчыне. Няхай прывядзе да справядлівага вырашэньня ўсіх праблем і крызісаў у нашым асабістым жыцьці і грамадзтве. Няхай прынясе мір братняй Украіне і ўсяму сьвету», — адзначыў арцыбіскуп на пэнсіі.
- Каталіцызм — другая паводле колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі. У краіне налічваецца каля 1,5 млн каталікоў (у тым ліку больш за дзесяць тысяч грэка-каталікоў). Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Горадзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.