З Расеі Чыбрыну ўдалося дабрацца да Гішпаніі, дзе ён папрасіў палітычны прытулак. Мікіта Чыбрын кажа, што хоча супрацоўнічаць з міжнародным сьледзтвам па злачынствах Расеі ва Ўкраіне. Тарас Леўчанка з украінскай службы Радыё Свабода паразмаўляў з расейскім дэзэртырам.
— 24-га чысла ў пяць раніцы ўжо сказалі: «Усё, едзьце ***, вы едзеце на вайну». Я такі: «Не-не!» Я адразу ж у адмову пайшоў. Камандзірам кажу, што я не паеду. І яны пачалі мне: «Ты, ***, ты жадаеш у турму?» Пагрозы пайшлі. Але яны там былі ўсе са зброяй, вакол мяне стаялі, што б я зрабіў? У пачатку сакавіка мы ўжо сядзелі ў Ліпаўцы, непасрэдна ў самой вёсцы. У Ліпаўцы я зымітаваў атручваньне, што мяне трасе, прымушалі мяне ўсякую нізкую працу рабіць, абслугу зь мяне зрабілі.
— Скажыце, калі ласка, вы былі ў Андрэеўцы?
— У Андрэеўцы быў, толькі калі камандзір забіраў, нібы прыкрыць яму. Мы стаім-стаім, і бачу — «пацаны» бягуць, уцякаюць. А потым я даведаўся, што гэтыя хлопцы былі тыя, хто згвалтаваў маці з дачкой, іх было чацьвёра. Будучы п’янымі яны ўсё гэта рабілі. Каманда іх пакарала, пачалі іх да паўсьмерці табурэткамі зьбіваць, што кроў там усюды была. Гэта значыць рэальна проста звольнілі з войска, і ўсё. Іх не асудзілі. А другі раз у Андрэеўку я заехаў, калі мы адтуль ішлі. Гэта значыць, як у канцы сакавіка, па-мойму, 29 сакавіка, нам казалі: «Гэта жэст добрай волі».
Які жэст добрай волі? Я прашу прабачэньня за выраз, проста ўкраінская армія *** зрабіла расейскай арміі, а тыя пачалі паступова ***, я так лічу. Зноў заехалі ў Андрэеўку. Там іншыя камандзіры сказалі, што заходзіце ў гэты дом, будзем там сядзець, будзеце тут адседжвацца перад тым, як выехаць. Калі я заходзіў у двор хаты, там стаяў белы Lexus і справа Honda стаяла. Акупанты спрабавалі ўсё скрасьці.
— Вы кажаце «акупанты». А вы хто тады?
— Дзякуючы гэтым сьмярдзючым расейскім ванькам я акупант. Я пра Бучу даведаўся толькі тады, калі мы 29 сакавіка адступалі, калі мы назад зьяжджалі ў Беларусь. І тады ў мяне зноў зьявіўся доступ да інтэрнэту, і я ў іншых салдат пачаў пытацца, тыпу «Вы ***, у натуры гэта рабілі?» Хтосьці казаў, што гэта ўсё пскоўскія дэсантнікі, бо яны да пачатку спэцапэрацыі да нас прыходзілі, у нас нашыўкі прасілі.
— А калі вы пакінулі тэрыторыю Ўкраіны?
— 29 сакавіка або 30 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дэакупаваных тэрыторыях Украіны зафіксавалі 54 «катоўняў» і больш за 5 тысяч ахвяраў катаваньняў і гвалту з боку расейцаў— І куды вы паехалі са сваім падразьдзяленьнем?
— Назад у той жа лягер. 16 чэрвеня машына адпраўлялася ў Расею па гуманітарную дапамогу. Рэзка заскочыў у сам грузавік «Урал» і бачу, што тамака іншыя былі хлопцы. Я кажу: «Вы што тут робіце?» — «А мы яму бабкі далі, каб адсюль зьехаць».
Недзе напрыканцы чэрвеня я ўжо быў у Маскве. І пасьля Масквы я паехаў у Хабараўск, узяў бальнічны. Мне сказалі: «Ты ня зможаш проста так звольніцца». Я: «Чаму?» Яны: «Ты пасьля водпуску вяртаесься і павінен будзеш паехаць ва Ўкраіну на вайну альбо сесьці ў турму, калі ты адмаўляесься». А мяне гэтыя два варыянты не задавальнялі, вырашыў, што трэба звальваць. 24 ці 25 верасьня прагучала навіна недзе, што закрываюць нібыта межы для расейцаў для выезду. І ўсё, я прыняў рашэньне, сеў на цягнік, паехаў у Беларусь, у Менску знайшоў беларусаў, якія дапамагаюць расейцам пакінуць Расею, то бок квіткі знаходзяць, жыльлё знаходзяць.
— Як вас выпусьцілі за мяжу?
— У Расеі на мне нічога няма, у Расеі на мне толькі крэдыт застаўся. А з Расеі ўвогуле можна спакойна зьехаць праз Беларусь, бо там няма КПП. На тэрыторыі Гішпаніі зараз знаходжуся, вось дакумэнт, гэта карта ўцекача, вось расейскі пашпарт, які я спалю, калі тут у мяне атрымаецца памяняць грамадзянства.
— Мікіта, а вы гатовыя даць паказаньні ў Гаазе, гэта значыць у Міжнародным крымінальным судзе або ў Міжнародным судзе ААН?
— Так, вядома. Я ўжо, дарэчы, даў тут паказаньні ў гішпанскай паліцыі, якая працуе над вайсковымі злачынствамі, а таксама па генацыдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі тэрарыстычным