- Мадэль першая: Расея выводзіць свае войскі да той лініі, дзе яны знаходзіліся да 24 лютага 2022 году, — гэта значыць, акупаванымі застаюцца Крым і часткі Данецкай і Луганскай абласьцей.
- Мадэль другая: Расея выводзіць войскі з Данбасу, але Крым застаецца акупаваным.
- Трэцяя мадэль: Расея выводзіць войскі з усёй тэрыторыі Ўкраіны.
Тое, што Ўкраіну задаволіць толькі трэці варыянт, гэта значыць поўная дэакупацыя, Уладзімір Зяленскі кажа на ўсіх пляцоўках. Амэрыканскае выданьне The Washington Post піша, што ўкраінскі прэзыдэнт працягвае падштурхоўваць Вашынгтон да перадачы новых узбраеньняў. Аднак Джо Байдэн па-ранейшаму баіцца эскаляцыі. У артыкуле іншай газэты — The New York Times — гаворыцца, што, нягледзячы на цёплую сустрэчу ў ЗША, Зяленскаму не ўдалося перамагчы скепсіс некаторых рэспубліканцаў у пытаньні выдзяленьня новай дапамогі Ўкраіне. А выданьне Politico піша, што «ўнутраная падтрымка вайны ня можа бясконца працягвацца, калі не рабіць адчувальных крокаў па заканчэньні канфлікту дыпляматычным шляхам».
Ці ёсьць перадумовы для хуткага заканчэньня вайны ва Ўкраіне і ці сапраўды ёсьць разыходжаньні паміж Зяленскім і Байдэнам наконт узбраеньняў — «Настоящему Времени» расказалі ўкраінскі палітоляг Мікалай Давыдзюк і навуковая супрацоўніца Інстытуту ЗША і Канады Аляксандра Філіпенка.
«Калі Пуцін едзе да свайго стратэгічнага партнэра — у Менск да Лукашэнкі, то мы едзем да нашых стратэгічных партнэраў у Вашынгтон»
— Мікалай, здавалася б, Уладзімір Зяленскі з трыюмфам вяртаецца з ЗША. Але заходняя прэса піша, што ня ўсё так адназначна. Ёсьць разыходжаньні паміж Зяленскім і Байдэнам наконт узбраеньня. Ваша ацэнка — Зяленскі дамогся ад сустрэчы з Байдэнам усяго, чаго хацеў?
Мікалай Давыдзюк: Мы ж ня ведаем, пра што гаварылі за зачыненымі дзьвярыма. І гэтыя тры сцэнары, якія зьявіліся ў The Washington Post, — гэта, хутчэй за ўсё, адзін з тых момантаў, якія маглі абмяркоўвацца. Зразумела, што Зяленскі сапраўды стаяў на трэцім. Але я сказаў бы так. Нам абяцалі Patriot, нам абяцалі Grey Eagle і ATACMS — два з трох мы атрымаем. Я думаю, што гэта пасьпяховы візыт.
Другое. Мы ж паехалі ня толькі прасіць зброю. Палітычная падтрымка, дыпляматычная падтрымка, фінансавая падтрымка Штатаў — гэта проста неацэнна. За што народ Украіны вельмі ўдзячны, таму што ў наступным годзе мы атрымаем каля 45-50 млрд даляраў. Гэта насамрэч вельмі шмат. Гэта практычна памнажае на два наш бюджэт.
Вельмі важна было зафіксаваць: сёлета Штаты былі самым вялікім саюзьнікам Украіны. Мы атрымалі ад іх больш за 20–25 млрд даляраў... Таму трэба было падзякаваць. Я думаю, гэта была самая галоўная мэта візыту. Вядома ж, і сустрэча тэт-а-тэт, і выступ з Байдэнам, і выступ у Кангрэсе, я думаю, што гэта ўсё ж была ня толькі зброя. Візыт быў шматбаковы, рознабаковы. Таму судзіць толькі па зброі, кажучы, добры ён ці дрэнны, я думаю, было б няслушна.
Ну, і трэцяе. Мы паказалі розьніцу паміж Украінай і Расеяй. Калі Пуцін едзе на імітаваны «нуль», сустракаецца ў Растове са сваімі вайскоўцамі, то Зяленскі едзе на перадавую ў Бахмут. Калі Пуцін едзе да свайго стратэгічнага партнэра — у Менск да Лукашэнкі, то мы едзем да нашых стратэгічных партнэраў у Вашынгтон. У гэтым і ёсьць розьніца паміж нашымі дзьвюма краінамі. Гэта і ёсьць трэнд будучай перамогі — на чыім баку яна будзе.
— Аляксандра, Украіна прасіла сыстэмы Patriot яшчэ да поўнамаштабнага наступу Расеі. Пасьля прасіла дзесяць месяцаў вайны. ЗША нібыта ня бачылі гэтага запыту. Цяпер быццам убачылі, пагадзіліся на пастаўку. Вы разумееце, што зьмянілася?
Аляксандра Філіпенка: Самае галоўнае, як мне падаецца, — зьмянілася сытуацыя «на зямлі». Усё, што адбываецца ва Ўкраіне, гэта бачаць і амэрыканскія палітыкі, і амэрыканскія выбаршчыкі, што вельмі важна, бо ўсё ж такі амэрыканскія палітыкі залежаць ад сваіх выбаршчыкаў. Ім вельмі важна тлумачыць сваім выбаршчыкам, чаму прымаюцца тыя ці іншыя рашэньні, чаму перадаюцца сродкі ці зброя. І прэзыдэнт Байдэн некалькі разоў падчас прэс-канфэрэнцыі падкрэсьліў, што гэтая зброя для абароны, а не для нападу. Тое, што ЗША хаця б прадаставілі Patriot, — гэта ўжо вельмі важны сымбалічны жэст для саміх амэрыканскіх палітыкаў. Як мы памятаем, апошняе пытаньне на прэс-канфэрэнцыі ўжо тычылася зброі далёкага дзеяньня, таму тут крок за крокам паступова амэрыканцы ідуць да таго, каб прадастаўляць усё больш і больш сур’ёзныя віды ўзбраеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна верне сабе Крым да канца лета». Што казалі ўдзельнікі дыскусіі Atlantic Council пра хаду вайны«Калі б Гітлера не пакаралі ў 1945 годзе, то фашызм працягваўся б па сёньняшні дзень»
— Мікалай, хачу задаць вам пытаньне наконт трох сцэнараў завяршэньня вайны. Зяленскі і Байдэн гэта абмяркоўвалі, паводле газэты The Washington Post. Хіба зараз на парадку дня стаіць пытаньне завяршэньня вайны? Ці ёсьць нейкія перадумовы да завяршэньня вайны?
Мікалай Давыдзюк: З боку Расеі іх дакладна няма. Расея атакуе. Я знаходжуся ў Кіеве, у нас пастаянна атакі — вось зараз чакаюцца новыя ўдары па інфраструктуры, цывільнай і энэргетычнай. І сказаць, што Расея настроена на мір, — мы гэтага ня бачым. Бахмут, які зьнішчаюць, — проста камень на камені спрабуюць не пакінуць. Мне здаецца, што расейцы, наадварот, спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя плёткі аб перамовах і магчымыя перамоўныя трэкі, якія яны запусьцілі, каб зьнізіць нашу пільнасьць і рэалізаваць альбо паўторны напад на Кіеў, альбо напад зь Беларусі на Валынь і Ровенскую атамную станцыю. У іх у руках зараз Запароская атамная станцыя. Ніякіх перадумоў з боку Расеі няма.
Зразумела, што і ў Штатах, і ў цэлым на Захадзе хацелі б бачыць нейкі перагаворны трэк, які б вёў да фіналу. Але мы ня можам абяцаць таго, чаго мы не гарантуем, і таго, што не залежыць ад нас. І тут можна працытаваць толькі выказваньне спадара Блінкена двухмесячнай даўнасьці: «Калі Ўкраіна перастане ваяваць, яна проста зьнікне». Таму мы ня можам перастаць ваяваць. А сцэнар нам падабаецца толькі адзін: мы жадаем вярнуць сваю тэрыторыю. Калі б Гітлера не пакаралі ў 1945 годзе, то фашызм працягваўся б па сёньняшні дзень. Чаму мы павінны пакінуць Пуціна беспакаранага, падарыўшы яму Данбас, падарыўшы яму Крым, і сказаць: «Дзякуй. Вось табе за сотні тысяч забойстваў». Нагадаю, учора фатографы знайшлі яшчэ плюс дзесяць тысяч магіл мірных жыхароў у Марыюпалі. Дзякаваць яму і ўзнагароджваць Крымам, мне здаецца, дастаткова дзіўная стратэгія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы павінны перамагчы Расею на полі бітвы, якую немагчыма замарозіць або адкласьці», — Уладзімір Зяленскі ў Кангрэсе ЗША«Мы страцілі ў гэтую вайну зашмат, каб вярнуцца да 23 лютага»
— Калі няма перадумоў для завяршэньня вайны, чаму Байдэн і Зяленскі могуць абмяркоўваць гэтае пытаньне? Ці не падаецца вам, што Байдэн можа прамацваць Зяленскага, на што можа пагадзіцца Ўкраіна, на якія саступкі можа пайсьці?
Мікалай Давыдзюк: Кісынджэр у свой час спачатку дамовіўся з арабамі, а потым прыехаў да Голды Мэір і паклаў ёй плян рэалізацыі мірнага працэсу. І Голда пакрысе згаджалася. Прыкладна падобны трэк мы можам бачыць з боку афіцыйнага Вашынгтона.
Але я ня бачу сёньня перадумоў сярод насельніцтва Ўкраіны, якое рыхтуецца паўсюль да халоднай зімы. Людзі купляюць спальнікі, каб спаць у кватэрах, вайскоўцам закупляюць зімовую форму. Людзі будуць ваяваць, людзі ня будуць здавацца. Гэта ж не пытаньне Крыма і Данбаса як тэрыторый. Гэта пытаньне мільёнаў людзей, якія сёньня пад прыцэлам расейскіх марадэраў і салдат. Таму палітыкі гэта могуць абмяркоўваць, але сацыялёгія сёньня наступная: 90–95% людзей — на баку вяртаньня ўсёй тэрыторыі краіны. Мы страцілі ў гэтую вайну зашмат, каб вярнуцца да 23 лютага. Занадта шмат мірных ахвяр, людзей, якія нічога нікому ні разу ў жыцьці не зрабілі. Сотні тысяч забітыя, ляжаць у брацкіх магілах, згвалтаваныя, абрабаваныя. Як насельніцтву сказаць: «А зараз мы з расейцамі будзем сябраваць. Мы ім за гэта яшчэ і Крым падорым»? Таму гэта вельмі цяжкі працэс, вельмі цяжкае пытаньне. І 40 мільёнаў людзей зь ім ня згодныя.
— Аляксандра, Байдэн мог прамацваць Зяленскага на прадмет таго, на што пагодзіцца Ўкраіна, на якія саступкі пойдзе? Ці разумеюць у амэрыканскім грамадзтве, што Ўкраіна пакуль ці ўвогуле ніколі ня будзе гатовая да завяршэньня вайны на сярэдзіне шляху?
Аляксандра Філіпенка: Я думаю, што якраз гэтыя спробы прамацаць з Вашынгтона і паходзяць. І гэтая фраза пра «справядлівы мір», just peace — тут можна было б крыху пагуляць з сэнсамі, таму што just peace можна было б перакладаць як «справядлівы мір» і як «усяго толькі мір», «проста мір» — just some peace. Зразумелая справа, што гэта не задаволіць ніякім чынам Украіну. І прэзыдэнту Зяленскаму вельмі важна было зразумець і пачуць, што ЗША ня страцяць волю і рашучасьць зараз, прэзыдэнт Байдэн ня страціць гэтую рашучасьць — падтрымліваць Украіну да канца. Тут ёсьць такое ўражаньне, што, напэўна, праводзіліся нейкія закулісныя перамовы, абмеркаваньні. Калі ўжо The Washington Post пра гэта піша, я думаю, там гэта абмяркоўвалася...
Але, тым ня менш, прэзыдэнт Зяленскі абсалютна выразна і шмат разоў бліскуча адказаў на пытаньні адносна гэтага «справядлівага міру», задаўшы простае пытаньне, вельмі зразумелае амэрыканцам і амэрыканскім выбаршчыкам: «Што значыць „справядлівасьць“ для бацькоў, чыіх дзяцей забілі, якія страцілі сваіх дзяцей у гэтай вайне?» І гэта падводзіць рысу. Гэта становіцца зусім ясным ня толькі палітыкам і дзякуючы нейкім закулісным перамовам, але становіцца зразумела тым самым амэрыканскім выбаршчыкам — а я гляджу ўвесь час з гэтага пункту гледжаньня, — гэта абсалютна зразумелая формула.
Што значыць «справядлівы мір» для Ўкраіны? Гэта не just peace, ня проста нейкі мір, а гэта мір, калі адноўлена тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны. Але прэзыдэнт Байдэн падчас прэс-канфэрэнцыі пацьвердзіў, што бачаньні сыходзяцца, што ніякіх саступак адносна тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны быць ня можа, што Ўкраіна ўспрымаецца як незалежная сувэрэнная дзяржава ў тых межах, у якіх юрыдычна гэта прызнана міжнародна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны дапусьціў перамовы з Пуціным адносна вайны ва Ўкраіне«Савецкі Саюз раскідаў зброю — яна ўся сёньня ва Ўкраіне»
— Ва Ўкраіне хочуць хуткай перамогі, і ў ЗША быццам хочуць хуткай перамогі. Чаму тады ЗША, даючы зброю, не даюць усё, чаго просіць Украіна? Байдэн на прэс-канфэрэнцыі аджартоўваецца. Чаму ЗША не дадуць усё ўзбраеньне, якога просіць Зяленскі?
Аляксандра Філіпенка: Якраз ужо складана патлумачыць, чаму перадаецца зброя. Усё ж амэрыканцы на працягу ўсёй халоднай вайны сапраўды жылі ў пастаянным страху супрацьстаяньня з Савецкім Саюзам і з Расеяй. Таму такая ўнутраная глыбокая перакананасьць, што любы від вайны паміж Расеяй ці Савецкім Саюзам і ЗША — гарантаванае ўзаемнае зьнішчэньне. Гэта вельмі глыбока сядзіць ва ўсіх амэрыканскіх грамадзянах. Таму вельмі важна ім разумець, што яны даюць зброю, якая створана для абароны, а не для нападу. Але чым далей час ідзе, тым, можа, будзе больш дадзена розных відаў узбраеньня...
— Усё ж чаму ЗША не згаджаюцца даць усё ўзбраеньне?
Мікалай Давыдзюк: Я вам адкажу. Гэта розны маштаб палітыкаў. Калі Пуцін спрабуе недзе шашачкі здымаць, то Байдэн вядзе надзвычай глыбокую геапалітычную гульню з пункту гледжаньня і стратэгіі, і тактыкі. І вельмі часта гэтыя заявы, што яны робяць, яны маюць глыбокі характар. Спачатку нам таксама казалі: вераць у нас ці ня вераць. Я памятаю, калі Кулеба зьяжджаў 22 лютага з Вашынгтона, маючы толькі добрае слова, а потым па ледзь-ледзь, па ледзь-ледзь — і да канца году мы атрымалі 23–25 млрд даляраў. Таму, мусіць, эмацыйна нам «бігмак-мэню» на касе не выдаюць, але ўлічваючы, што мы стала працуем, мы ў сталым дыялёгу, у сталым кантакце, мы атрымалі досыць шмат. Я вам скажу больш. Сёньня ў Эўропе няма савецкай збройнай спадчыны. Савецкі Саюз раскідаў зброю — яна ўся сёньня ва Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.