Жонка Аляксея Стрэльнікава Алена Іванюшэнка напісала ў фэйсбуку, што расказаць абставіны сьмерці мужа яе папрасіла сям’я, «каб сябры ведалі, што адбылося».
Яна паведаміла, што Аляксей у той дзень ехаў на тэатральныя заняткі ў «прыгожае месца на прыродзе», далёка ад населеных пунктаў. Дарогі занесла, і ім давялося пераходзіць возера.
«Гэта не было легкадумнае рашэньне. Але Лёша праваліўся пад лёд. Ён выбраўся. Але стаяў моцны мароз. Дапамога не пасьпела прыйсьці. Я ведаю, што Лёша зрабіў усё, што было ў яго сілах, і больш, абы застацца тут з нашым сынам», — напісала яго жонка.
Раней, паведамляючы пра сьмерць, даўні сябар Стрэльнікава Сяргей Будкін напісаў, што з Аляксеем здарыўся няшчасны выпадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў«Давайце разам успамінаць нашага дарагога чалавека. Няхай у нас у душы боль і страта, але там павінна знайсьціся месца міру і чалавечнасьці. Гэтага б Лёша вельмі хацеў», — напісала жонка загінулага тэатральнага крытыка.
Таксама яна ўзгадала ў допісе, што незадоўга да гібелі муж гуляў з сынам Львом і казаў, як добра яны правялі час. Быў вельмі спакойны.
Тэатральнаму крытыку, рэжысэру, пэдагогу, актору, арт-мэнэджару Аляксею Стрэльнікаву было 39 гадоў. 21 сьнежня зь ім разьвіталіся. Стрэльнікаў пахаваны на Лясных могілках у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэмарш купалаўцаў — галоўная падзея ўсёй гісторыі беларускага тэатру». Апошняе інтэрвію Аляксея Стрэльнікава