На прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў у Менску Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін зрабілі некалькі заяваў.
Што агучылі Лукашэнка і Пуцін пасьля сустрэчы
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў, што РФ і Беларусь дамовіліся працягваць практыку сумесных вайсковых вучэньняў, што абодва бакі дамовіліся займацца стварэньнем новай вайсковай тэхнікі.
- Пуцін пацьвердзіў пляны наконт палёту беларускага касманаўта ў 2023 годзе.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падчас перамоваў акцэнт быў зроблены на эканамічных пытаньнях. «Фактычна вызначаецца будучыня беларускага і расейскага народаў. Рэальнасьць такая, і тут няма ні кроплі патасу. Сёньня можна адназначна канстатаваць: разам мы змаглі ня толькі выстаяць, але і знайсьці магчымасьці для разьвіцьця нашых эканомік», — сказаў ён.
- Лукашэнка паведаміў, што Беларусь паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй комплексы С-400 і «Іскандэр».
- Лукашэнка таксама падкрэсьліў, што Беларусь задаволеная вынікамі абмеркаваньня з Расеяй стварэньня адзінага газавага рынку і ўмовамі цэнаўтварэньня на энэрганосьбіты на бліжэйшыя тры гады, але не раскрыў ніякіх падрабязнасьцяў.
- Лукашэнка яшчэ заявіў, што Беларусь і Расея дамовіліся весьці падрыхтоўку экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія ўжо пераабсталяваныя «для магчымага прымяненьня боепрыпасаў паветранага базаваньня з спэцыяльнай баявой часткай».
- Лукашэнка таксама адзначыў у падсумаваньні перамоваў: «Расея бяз нас абыдзецца, а мы безь яе ня зможам».
Навошта Пуціну быў гэты візыт? Што было сказана Лукашэнкам і Пуціным і што, магчыма, засталося за кадрам? Сустрэчу ў жывым эфіры Свабоды Premium аналізавалі палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Візыт Пуціна ў Беларусь 19 сьнежня — першы для яго за тры з паловай гады. Перамовы пачаліся, а 17-й гадзіне і ішлі 2,5 гадзіны.
Пуцін перад перамовамі заявіў пра дамоўленасьць разьвіваць далей у Беларусі атамныя праекты і супрацоўніцтва ў космасе. Паводле яго, Беларусь і Расея ідуць на рэкорд у аб’ёме таваразвароту, сёлета ён можа дасягнуць $40 млрд. Ён таксама сказаў, што Расея «на шкоду сабе» працягвае будаваць Беларускую АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін праводзіць перамовы з Лукашэнкам у Менску. Бакі сьцьвярджаюць, што гавораць пра эканоміку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: сустрэча Пуціна і Лукашэнкі можа стаць новым этапам вайны ва Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна пра магчымае ўцягваньне Расеяй Беларусі ў вайну: «Ніхто нікога не прымушае» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае камандаваньне: На сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе абмяркоўвацца прыцягненьне беларускай арміі да апэрацыі на сушы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW: «Пуцін ў Менску, імаверна, будзе ціснуць на Лукашэнку, каб дабіцца саступак у пляне інтэграцыі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра сябе і Пуціна: «Мы ўдвух — суагрэсары, самыя шкодныя і таксычныя людзі на гэтай плянэце». ВІДЭА