Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін праводзіць перамовы з Лукашэнкам у Менску. Бакі сьцьвярджаюць, што гавораць пра эканоміку


Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Візыт Пуціна ў Беларусь 19 сьнежня — першы для яго за тры з паловай гады.

Прыбыцьцё Пуціна ў беларускую сталіцу пацьвердзіў набліжаны да Крамля канал RIA_Kremlinpool.

Лукашэнка асабіста прыехаў сустракаць Пуціна ў аэрапорт. З аэрапорта на адной машыне Пуцін і Лукашэнка паехалі ў Палац Незалежнасьці, дзе ўжо знаходзяцца прадстаўнікі іх урадаў.

Перамовы пачаліся а 17-й гадзіне. Спачатку бакі сустракаліся ў шырокім складзе з удзелам чальцоў урадаў.

Лукашэнка ва ўступным слове назваў «безумоўным прыярытэтам вырашэньне адчувальных эканамічных пытаньняў, ад якіх залежыць дабрабыт насельніцтва, у канчатковым выніку — падтрымка рэформаў у грамадзкай і палітычнай сфэрах».

Дагэтуль Беларусь і Расея не дамовіліся пра цану на газ для беларускіх спажыўцоў на 2023 год.

Лукашэнка таксама сказаў, што ён спадзяецца, што Захад «прыслухаецца да голасу розуму» і дыялёг аб бясьпецы адновіцца:

«Расея і Беларусь, як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта гаворым, адкрытыя для дыялёгу зь іншымі дзяржавамі, у тым ліку і эўрапейскімі. Спадзяюся, што ў хуткім часе там прыслухаюцца да голасу розуму і мы пяройдзем да канструктыўнага абмеркаваньня як пытаньняў агульнай бясьпекі, так і будучага сьветаўладкаваньня.

Абарона дэмакратыі і прагрэсу з дапамогай абмежаваньняў і вайсковай сілы адносна нашых дзяржаў больш ня ўражвае нават мясцовых выбаршчыкаў, якія спаўна адчулі на сабе недахопы такой палітыкі», — сказаў Лукашэнка.

Пуцін заявіў пра дамоўленасьць разьвіваць далей у Беларусі атамныя праекты і супрацоўніцтва ў космасе. Паводле ягоных слоў, Беларусь і Расея ідуць на рэкорд у аб'ёме тавараабароту, у гэтым годзе ён можа дасягнуць $40 млрд.

Сярод пытаньняў, якія абмяркоўвацца, называюцца:

  • рэалізацыя саюзных праграм дзеля паглыбленьня інтэграцыі,
  • гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне,
  • каапэрацыйныя імпартазамяшчальныя праекты,
  • супрацоўніцтва ў энэргетыцы,
  • будзе аддадзена «прыярытэтная ўвага пытаньням бясьпекі».
  • Лукашэнка і Пуцін абмяняюцца думкамі пра сытуацыю ў рэгіёне і сьвеце, абмяркуюць сумесныя меры рэагаваньня на выклікі.

Тым часам міністры абароны Беларусі і Расеі Хрэнін і Шайгу абмеркавалі «асобныя пытаньні вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва і ўмацаваньня абараназдольнасьці дзьвюх дзяржаў».

Пра гэта ў Twitter паведаміў начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Рэспублікі Беларусь Валер Равенка.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG