Брытанскі прэм’ер-міністар Рышы Сунак заклікаў ігнараваць любыя заклікі Масквы да перамоваў, пакуль яна не пакіне акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы кіраўнікоў Абʼяднаных экспэдыцыйных сіл у Латвіі, паведамляе Sky News.
«Мы павінны дакладна разумець, што любы аднабаковы заклік Расеі спыніць агонь абсалютна бессэнсоўны ў цяперашнім кантэксьце. Думаю, гэта быў бы ілжывы заклік, ён быў бы выкарыстаны Расеяй для перагрупоўкі, узмацненьня сваіх сіл. І пакуль яны не адыдуць з заваяванай тэрыторыі, сапраўдных перамоваў быць ня можа і не павінна», — цытуе Сунака Sky News.
Паводле словаў Сунака, NATO павінна працягваць засяроджвацца на «скарачэньні здольнасьці Расеі перагрупоўвацца і папаўняць запасы».
Сустрэча адбылася празь некалькі гадзін пасьля таго, як расейскія войскі атакавалі Украіну з дапамогай бесьпілётнікаў-камікадзэ іранскай вытворчасьці «Шахед-136/131».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна трымае на беларускім кірунку каля 15 тысяч вайскоўцаў. Расеі для наступу трэба ў пяць разоў больш». Як Украіна ўмацоўвае абарону