Расказваем новыя падрабязнасьці таго, як сталіся магчымым выкрыцьцё і арышт тых, хто спрабаваў распачаць пратэсты рабочых.
У Гомлі працягваецца разгляд рэзананснай крымінальнай справы, вядомай як працэс «Рабочага руху». Суд ужо разгледзеў матэрыялы абвінавачаньня, дапытаў пацярпелых. Цяпер ідзе допыт сьведак. Адзін зь іх, пэўна, «крот», які запісваў zoom-канфэрэнцыі «Рабочага руху». Менавіта гэтыя запісы зьяўляюцца асноўным доказам у справе.
Пра тое, што яны выкрылі агента спэцслужбаў, актывісты «Рабочага руху» паведамілі ў канцы верасьня 2021 году. Тады ж пачаліся затрыманьні актывістаў. Пазьней стала вядома, што zoom-канфэрэнцыі запісваліся чалавекам, які прадставіўся супрацоўнікам прадпрыемства «Гомсельмаш».
«На судзе ён патлумачыў, што прыйшоў у «Рабочы рух» дзеля цікавасьці. Маўляў, хацеў паглядзець, чым яны могуць нашкодзіць дзяржаве. Трымаўся вельмі ўпэўнена. Быў падрыхтаваны да ўсіх пытаньняў. Сьцьвярджаў, што і сапраўды раней працаваў на «Гомсельмашы». Ягоную асобу хацелі ўдакладніць: дзе працуе, жыве. Але суд усе такія пытаньні здымаў», — расказала Свабодзе крыніца, блізкая да сытуацыі.
Крыніца дадала, што ў прысутных на працэсе склалася ўражаньне, што сьведка — супрацоўнік КДБ.
«Як яго не праверылі і пусьцілі да такой інфармацыі? Ня ведаю. Ён на судзе «валіў» усіх. Што яны, «Рабочы рух», хацелі нанесьці шкоду дзяржаве, падарваць эканоміку, як і Сьвятлана Ціханоўская і Франак Вячорка, якія прысутнічалі на відэаканфэрэнцыях. Казаў, што там абмяркоўвалі гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі», — дадала крыніца.
Перад “кратом” на працэсе “Рабочага руху” дапытвалі “пацярпелых”. Імі прызналі генэральнага дырэктара прадпрыемства «Гродна Азот» і старшыню прафсаюзу.
«Яны ідуць як пацярпелыя па паклёпе. Нічога такога асаблівага. Апроч таго, што сказалі, што прадпрыемства працавала з эўрапейскімі партнэрамі, нягледзячы на санкцыі. Праўда, не сказалі, зь якімі менавіта», — расказвае суразмоўца Свабоды.
Нагадаем, што ў справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек: Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандар Капшуль.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяньнях у дачыненьні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).
«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзеньня сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За фігурантамі ішло апэратыўнае назіраньне». Што новага ў справе «Рабочага руху» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў». Цяпер яе будуць судзіць паводле 12 артыкулаў