Сярэдні заробак трэнера 800 рублёў, 2 мэдалі на апошняй Алімпіядзе. Расказваем у лічбах, што адбываецца зь беларускім спортам

Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей ў 2020 годзе

Трэнэру плацяць 560 рублёў, на спорт трацяць у 1,5 раза больш, чым на культуру. Глядзім, што зь беларускім спортам, якім незадаволены Лукашэнка.

15 сьнежня Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам міністра спорту Сяргея Кавальчука і застаўся моцна незадаволены. Адна з галоўных прэтэнзіяў — Лукашэнка ня ўбачыў беларускую зборную на чэмпіянаце сьвету ў футболе.

«Ідзе чэмпіянат сьвету. Я нешта не заўважыў там нашых футбалістаў. Ці я проста дрэнна назіраю за чэмпіянатам сьвету? Там і блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёньня паказваюць там спартсмэны. І прытым яны паказваюць гэтыя вынікі ў зімовы пэрыяд часу. І як былы футбаліст, які займаўся шмат футболам… мне проста страшна робіцца. Стан гэтага віду спорту, як і многіх іншых, у жахлівым становішчы», — сказаў Лукашэнка.

Ацэнім стан беларускага спорту згодна зь лічбамі.

Трацяць у паўтара раза болей, чым на культуру

У бюджэце налета на фізычную культуру і спорт закладзена 273,8 мільёна рублёў. Гэта на 14% больш, чым сёлета. А таксама ў паўтара раза больш, чым плянуюць патраціць на культуру, і ўдвая больш, чым на ахову навакольнага асяродзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінансаваньне войска павялічаць на 40%, МУС — на 21%. Што заплянавалі ў бюджэце на 2023 год

У 2021 годзе на фізычную культуру і спорт выдаткавалі 204,5 мільёна рублёў. У 2020 – 202,2 мільёна рублёў. То бок за тры гады траты на спорт вырасьлі ў рублях на 26%. Прыкладна на столькі ж за тры гады ў Беларусі вырасьлі цэны.

Па 97 рублёў на кожнага, хто займаецца спортам

Згодна са зьвесткамі на сьнежань 2022 году ў Беларусі 2,4 мільёна чалавек займаюцца фізычнай культурай і спортам. З улікам выдаткаў на спорт сёлета (235,1 мільён рублёў) вынікае, што на кожнага, хто займаецца спортам, прыпала 97 рублёў.

Агулам у Беларусі працуе 23306 фізкультурна-спартовых пабудоваў. У 454 спэцыялізаваных вучэбна-спартовых установах навучаюцца 156,4 тысячы чалавек.

У 11 школах-вучэльнях алімпійскіх рэзэрваў рыхтуюць 3300 прафэсійных спартоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказала трывогу ў сувязі з затрыманьнем чэмпіёнкі Эўропы Надзеі Астапчук

2 мэдалі на апошніх Алімпійскіх гульнях

Падчас апошніх Алімпійскіх гульняў у Пэкіне ў 2022 годзе беларуская зборная заваявала 2 срэбныя мэдалі. Іх прывезьлі Ганна Гуськова (фрыстайл) і Антон Смольскі (біятлён).

А найбольш мэдалёў беларусы мелі на гульнях у Пэкіне ў 2008 годзе, тады іх было 26: 3 залатыя, 4 срэбныя і 7 бронзавых.

0 разоў футбольная зборная трапляла на чэмпіянат сьвету

Беларуская нацыянальная футбольная зборная ніколі не трапляла на чэмпіянат сьвету. Гэта складана, бо ў Эўропе шмат моцных камандаў, на чэмпіянат сёлета ня трапіла нават Італія. Аднак нацыянальная зборная за ўсе гады незалежнасьці не трапляла таксама і ў групавую стадыю чэмпіянату Эўропы. Сёлета ў адборачных матчах на чэмпіянат сьвету Беларусь атрымала буйную паразу ад зборнай Бэльгіі зь лікам 0:8. Гэта адзін з найгоршых вынікаў у яе гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто вінаваты ў спартовых правалах Беларусі

Сярод палітзьняволеных – больш за 30 спартоўцаў

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці ў заяве пра будучыя Алімпійскія гульні паведаміў, што ў беларускіх турмах зьняволеныя больш за 30 спартоўцаў, якіх прызналі палітычнымі вязьнямі.

Сотні спартоўцаў і трэнэраў вымушаныя былі пакінуць Беларусь у сувязі з рэпрэсіямі.

Напрыклад, за сваю грамадзянскую пазыцыю працу ў Беларусі страціла чэмпіёнка сьвету 2019 года, фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская. А таксама срэбны прызэр Алімпіяды 2008 году, чэмпіён Эўропы ў лёгкай атлетыцы Андрэй Краўчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глеб падпісаны на суполку «За Пуціна», Сабаленка абяцала падтрымаць Украіну, але перадумала. Чым жывуць сёньня беларускія спартсмэны

Заробак трэнэра – 660 рублёў

  • У агульным нацыянальным банку вакансіяў знаходзім 268 вакансіяў для трэнэраў. Напрыклад, у Глыбоцкім раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры трэнэру з вышэйшай адукацыяй гатовыя плаціць 660 рублёў на месяц.
  • Галоўнаму трэнэру гандбольнага клюбу «Вікторыя-Берасьце» заплацяць ужо ўтрая больш — 2000 рублёў.
  • Начальніку каманды горадзенскага раённага валейбольнага клюбу “Легіён” прапануюць заробак у 560 рублёў.

Агулам жа з прапанаваных вакансіяў заробкі прафэсійных спартовых трэнэраў рэдка перавышаюць 800 рублёў. Сярэдні ў краіне, паводле Белстату, складае больш за 2200.