У дачыненьні да палітзьняволеных Мікіты Емяльянава і Сяргея Раманава, асуджаных на 6 і 20 гадоў зьняволеньня адпаведна, з дазволу адміністрацыі адбываюцца правакацыі, якія пагражаюць іх жыцьцю і здароўю, паведамляе праваабарончая ініцыятыва Dissident.by.
«Паступаюць трывожныя паведамленьні, што з боку адміністрацыі на анархістаў аказваецца вялікі ціск — іх рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА ці ПКТ. Акрамя таго, з дазволу адміністрацыі адбываюцца правакацыі, якія пагражаюць жыцьцю і здароўю вязьняў», — паведамляе Dissident.by
Паводле ініцыятывы, лісты да Раманава і Емяльянава з важнай інфармацыяй не прапускаюць нават ад сваякоў.
«Сяргей і Мікіта вымушаны шукаць шляхі для таго, каб застрахаваць сваё жыцьцё. Яны асьцерагаюцца, што іх напаткае трагічны лёс Вітольда Ашурка», — зазначаюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: анархіст Емяльянаў у калёніі працуе на ачыстцы дроту, яму далі спатканьне са сваякамі- Анархіста Мікіту Емяльянава ў сярэдзіне чэрвеня перавялі ў ваўкавыскую калёнію. З таго часу яго неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА і пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што ў нядаўным лісьце Мікіта напісаў, што з 25 кастрычніка яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Але на наступны дзень яго закінулі ў ШЫЗА на 10 сутак (пры тым, што тэрмін у ШЫЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ)
- 11 сакавіка Емяльянава асудзілі на два гады калёніі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы за парушэньне правілаў унутранага распарадку), а канчаткова прызначылі па сукупнасьці прысудаў з улікам раней неадбытага пакараньня — 3,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Са жніўня 2021 года Мікіту зьмяшчалі ў карцар або ШЫЗА агулам больш як на 7 месяцаў.
- Актывіста анархічнага руху Сяргея Раманава адміністрацыя ваўкавыскай калёніі таксама нядаўна чарговы раз зьмяшчала на тыдзень у ШЫЗА, паведамляе тг-канал «Права на паўстаньне». Раней яго на месяц адпраўлялі ў ПКТ, а таксама пазбавілі рэжымнай перадачы і званкоў.
- Працягваецца ціск і на таварышаў Раманава, якія былі асуджаныя зь ім у адной справе. Так, неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА Ігара Аліневіча, пакаранага 20 гадамі зьняволеньня. 11 жніўня яму ўзмацнілі рэжым і этапавалі з мазырскай калёніі ў турму № 8 у Жодзіна. Пазьней ён абвяшчаў галадоўку. Перасьледуюць і анархіста Дзьмітрыя Дубоўскага, якога нядаўна зноў судзілі (на гэты раз за падзеі Ў Менску і Салігорску 2009-2010 года). Паколькі Дубоўскага летась ужо пакаралі 18 гадамі калёніі, шляхам частковага складаньня пакараньняў, канчаткова яго асудзілі да 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму). Днямі Дубоўскага перавялі ў віцебскі СІЗА да разгляду апэляцыйнай скаргі. За час свайго знаходжаньня ў зьняволеньні Дубоўскі таксама абвяшчаў галадоўку.