Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марыю спрабуюць зламаць любымі сродкамі». Натальля Хершэ пра тое, як катуюць за кратамі


У эфіры Свабоды Premium размаўляем з былой палітзьняволенай Натальляй Хершэ пра тое, што адбываецца з Марыяй Калесьнікавай, пра турэмную мэдыцыну і ўмовы, у якіх вымушаны знаходзіцца палітычныя зьняволеныя, у тым ліку ў ШЫЗА.

Натальлю Хершэ вызвалілі сёлета 18 лютага пасьля 17 месяцаў зьняволеньня. Пасьля вызваленьня яна вярнулася ў Швайцарыю, грамадзянства якой мела разам з грамадзянствам Беларусі. Натальлю Хершэ асудзілі на 2,5 года калёніі за тое, што ў 2020 годзе на жаночым маршы яна сарвала з амапаўца балаклаву (якую папраўдзе і не сарвала). У верасьні 2021 году ёй зьмянілі ўмовы рэжыму, перавялі з калёніі ў турму: у калёніі яна адмаўлялася шыць форму для сілавікоў. У гомельскай калёніі яна правяла 46 дзён у ШЫЗА.

Сьцісла

  • Калі я заявіла, што ў мяне праблемы са здароўем, што ў мяне баляць суставы, мне сказалі, што я атрымаю мэдычную дапамогу толькі пасьля таго, як закончу адбываць тэрмін пакараньня ў ШЫЗА.
  • Такія практычна ўсе мэдыкі ў пагонах. Мала, але ёсьць мэдыкі, якія спачуваюць палітычным, а ёсьць людзі, якім усё абыякава.
  • Мэта — каб Марыі было дрэнна, каб яна атрымала шмат фізычнага болю, каб яна была гатовая зьмяніць свае прынцыпы, але якія яна ня зьменіць.
  • Не магу ўявіць, як можа выглядаць паўнавартаснае выздараўленьне Марыі ва ўмовах калёніі.

«Уначы ў ШЫЗА наступае самы страшны і цяжкі час»

— Натальля, апішыце ўмовы знаходжаньня ў ШЫЗА гомельскай калёніі, адкуль Марыю адвезьлі ў рэанімацыю.

— Дзень і ноч ты ў камэры шырынёй паўтара мэтра, даўжынёй тры мэтры. Рукамыйнік і прыбіральня-дзірка. Заходзіш туды, здымаеш зь сябе адзеньне, застаесься ў майтках, табе даюць моцна зношаную ўніформу з тонкай тканіны. Можаш мець пра сабе невялікую колькасьць рэчаў — мыльніца, футарал ад яе, зубная паста, зубная шчотка, туалетная папера і кухонны ручнік. На ноч не даюць ані матраца, ані падушкі, ані коўдры. Прагулак няма.
24 гадзіны на содні ты ў вузкім памяшканьні. Уначы наступае самы страшны і цяжкі час. Тэмпэратура апускаецца. Я сядзела там на пачатку траўня, але было халодна. Усё зьняволеныя насілі яшчэ зімовую ўніформу. Акно ў ШЫЗА ў дзірках, у спэцыяльна зробленых тонкіх шчылінах. Камэра вузкая, схавацца няма дзе, моцная цяга паветра з вакна. З такім холадам немагчыма спаць. Спрабуеш сагрэцца, бегаеш на месцы. Потым пачынаецца зьнясіленьне.

На пяты дзень я проста ўпала, седзячы на тумбе. Паўтара мэтра — шырыня камэры. Двое нараў збоку кладуцца падчас адбою на дзьве цэмэнтавыя табурэткі. Але зьняволеных трымаюць у ШЫЗА па адной. Ляжаць нельга цягам дня. Удзень можна хадзіць, можна сесьці на тумбу, але калі ты нахіліш галаву на калені, ім падасца, што ты сьпіш, цябе заўсёды пабудзяць, нагадаюць, будуць грукаць у дзьверы, што нельга спаць. Я гэтага ня вытрымала. Я проста апусьціла галаву на калені... Нічога далей ня памятаю, бо ўпала і пабіла галаву аб вісячую нару, бо яна акантаваная жалезным профілем. Пашкодзіла скуру галавы. Выклікалі мэдсястру, мне апрацавалі рану і завялі назад у камэру.

— Можам меркаваць, што і Марыя магла ўпасьці, моцна ўдарыцца, страціць прытомнасьць.

— Калі я была ў ШЫЗА, чула, што ў суседняй камэры ШЫЗА была іншая зьняволеная, якая хварэла на эпілепсію. У яе былі эпілептычныя прыпадкі. Я чула, як цела бʼецца аб падлогу. Падышла наглядчыца, выклікала мэдпэрсанал. Хвілінаў праз 15-20 яны прыходзяць з чамаданчыкам, адчыняюць дзьверы, напэўна, мераюць ціск, даюць таблеткі, магчыма, робяць нейкую іньекцыю — і ўсё. Прыпадак на той момант ужо скончыўся, і яе пакідаюць у камэры, далей сядзець. Гэта мэтады лячэньня ў ШЫЗА.

Калі я заявіла, што ў мяне пачаліся праблемы са здароўем, што баляць суставы, мне сказалі, што я атрымаю мэдычную дапамогу толькі пасьля таго, як закончу адбываць тэрмін пакараньня ў ШЫЗА.

Мяне абурыў факт з хворай на эпілепсію, і калі я пазьней сустрэлася з начальнікам калёніі, то запыталася — як вы можаце такое рабіць. Так усё вузка, яна можа ўпасьці, ударыцца скроняй аб жалезны край і памерці. Талсьцянкоў глядзіць на мяне і гаворыць: дык ніхто ж не памёр яшчэ.

«Першыя 40 дзён у ШЫЗА — за адмову шыць адзеньне для сілавікаў, апошнія 6 дзён — за тое, што адмовілася зьняць летнюю сукенку, якую надзела пад касьцюм»

— Колькі разоў вы былі ў ШЫЗА і колькі дзён?

— Агулам я там правяла 46 дзён. Першыя 40 дзён — за адмову шыць адзеньне для сілавікаў, апошнія 6 дзён за тое, што адмовілася зьняць летнюю сукенку, якую надзела пад касьцюм, бо было вельмі халодна. Гэта быў верасень 2021 году, мяне павінны былі вывесьці на паўгадзінную прагулку, і я надзела сукенку пад касьцюм, каб нармальна сябе адчуваць гэтыя паўгадзіны. Наглядчыца падняла спадніцу, пабачыла сукенку, запатрабавала, каб я яе зьняла, я адмовілася, за гэта мяне адправілі на 6 дзён у ШЫЗА.

Без матраца, без падушкі, бяз коўдры было вельмі халодна. Яны самі апрануліся ў зімовыя курткі ў верасьні 2021-га. Схавацца не было дзе ад холаду. У некаторых камэрах ёсьць мэталічная шырма паміж нарай і прыбіральняй, дык яе спэцыяльна прадзіравілі малатком па ўсёй паверхні, каб і там чалавек ня мог схавацца ад скразьняку і халоднага паветра.

— Вы кажаце, што за вамі назіралі ўвесь час. Гэта азначае, што калі робіцца дрэнна, то павінны хутка заўважыць і зрэагаваць?

Першыя дні камэры ШЫЗА была безь відэакамэры, потым ува ўсіх камэрах усталявалі відэакамэры. Гэта спрашчае працу наглядчыцы. Яна сядзіць за сталом, у яе на кампутары відаць адначасова ўсе камэры. Калі яна бачыць нейкае парушэньне, то прыходзіць і адразу гаворыць. Натуральна, калі камусьці дрэнна, яна павінна прыйсьці і зрабіць нейкія захады.

«У ШЫЗА просьба мэдычнай дапамогі проста ігнаруецца»


Я хачу працытаваць допіс былой палітзьняволенай Вольгі Гарбуновай, было кіраўніцы прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава».

«Аднойчы я ў СІЗА разьвітвалася з жыцьцём, я думала, што паміраю і мне ніхто не дапаможа з мэдыкаў. Памятаю, як я ляжала, плакала і ў думках разьвітвалася з блізкімі. Я б і ня ўспомніла пра гэта, але вось ужо амаль содні ўвесь час думаю пра Марыю Калесьнікаву ў рэанімацыі, увесь час бачу флэшбэкі і плачу.
Я ня ведаю, як гэта — апынуцца ў іх у закладніцах на гады. Каб спалохацца за сваё жыцьцё, мне хапіла некалькі месяцаў хворых нырак ад холаду на Акрэсьціна, двух ковідаў, выкашліваньня лёгкіх, пары прыступаў страўніка, парушаных гармонаў, запаленьня суставаў і анальных крывацёкаў ад нерухомасьці, зьніжанага зроку, поўнага роту крыві пасьля некалькіх тыдняў адсутнасьці зубной шчоткі і ўсякіх іншых „дробязяў“. Калі я не магла дыхаць і задыхалася, мэдык хацеў слухаць мае лёгкія праз кармушку. На хвіліначку — маёй сяброўцы менавіта так, праз кармушку, праводзілі агляд кутняй кішкі (не ў СІЗА): ён проста ёй сказаў „станьце сьпінай да дзьвярэй і нахіліцеся“.

„Ды нічога страшнага, проста зэчка ёб*улася са шконкі!“ і „Здохні, толькі не на маёй зьмене!“ — гэта цытаты ад мэдыкаў СІЗА.

А двух палітвязняў, якія спрабавалі скончыць жыцьцё самагубствам у карцарах, спачатку пабілі нагамі (гэта было чуваць), а потым адвялі ў мэдычны блёк. Я ведаю, што, хутчэй за ўсё, Марыя спачатку ветліва прасіла аб дапамозе (я сядзела калісьці празь сьценку ад яе ў СІЗА і чула, як яна зь імі камунікавала), потым, хутчэй за ўсё, яна патрабавала (такое я таксама чула), потым, хутчэй за ўсё, заклікала да чалавечнасьці, ёй было вельмі балюча і яна была напалоханая (яна была на той момант у ШЫЗА калёніі, і ёй нават не маглі дапамагчы іншыя жанчыны), потым яна, хутчэй за ўсё, проста разьвітвалася з жыцьцём, а потым сытуацыя стала крытычнай і яе забрала хуткая з калёніі. Толькі такі парадак аказаньня мэдычнай дапамогі ў СІЗА ды калёніях. Іншых гісторыяў я ня бачыла і ня чула. Жыві, калі ласка!»

Натальля, раскажыце: ці можна ўвогуле атрымаць мэдычную дапамогу за кратамі? Якую?

— У ШЫЗА просьба аб мэдычнай дапамозе проста ігнаруецца. Я памятаю, як боль у каленях дасягнуў апагею, я ніколі ў жыцьці не адчувала такога болю. Я проста стагнала. Падумала, што выйду адсюль калекай. Начальнік мэдычнай часткі сказаў, што зоймецца пасьля выхаду маім далейшым лячэньнем, але нічога гэтага не было зроблена. Магу ўявіць, што Марыя была ў такой сытуацыі, як піша Вольга, што яна спрабавала розныя варыянты, але ўсе яе просьбы былі непачутыя і праігнараваныя.

Мэта — каб ёй было дрэнна, каб яна атрымала шмат фізычнага болю, каб была гатовая зьмяніць свае прынцыпы, сваю пазыцыю, якую яна ня зьменіць. Я ня ведаю, чаму яна трапіла ў ШЫЗА. Думаю, што, напэўна, гэта было заплянавана адміністрацыяй, бо знайсьці прычыну, чаму зьняволеную можна пасадзіць у ШЫЗА, — тысяча і адна магчымасьць у адміністрацыі. Як мне сказаў адзін апэратыўны супрацоўнік калёніі — калі ў зьняволенай няма парушэньняў, гэта ня сьведчыць пра тое, што яна стала на шлях выпраўленьня, гэта сьведчыць пра тое, што апэратыўны аддзел дрэнна выконвае сваю працу.

«Калі я была ў мэдычнай частцы, сустрэла там жанчыну, якая практычна асьлепла»

— Ці маглі б вы даць ацэнку кваліфікацыі і чалавечым якасьцям турэмных мэдыкаў?

— Гэта практычна ўсе мэдыкі ў пагонах. Ёсьць розныя мэдыкі. Мала, але ёсьць людзі, якія спачуваюць палітычным, спадзяюся, і проста зьняволеным. А ёсьць людзі, якім усё абыякава. Да такіх адносяцца загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня Сілкіна Сьвятлана Аляксандраўна і яшчэ адна тэрапэўтка. Ня памятаю прозьвішча, яе завуць Марыя. Гэта маладая жанчына, але таксама абсалютна без эмоцыяў і спачуваньня.

Якасьць дапамогі? Калі я была ў мэдычнай частцы, сустрэла там жанчыну, якая практычна асьлепла. Яна казала, што праз адміністрацыю калёніі, якая не выконвала тэрмінаў, ён не зрабілі своечасова апэрацыю на вачах, і яна практычна ня бачыць.

Я была сьведкай аднаго эпізоду на фабрыцы. Цэх быў поўны работніц, якія шылі форму для сілавікоў. Адначасова працавала будаўнічая брыгада, фарбавалі сьцены алейнай фарбай. Я абурылася, на што інжынэр аховы працы сказала, што нічога ня можа зрабіць, трэба рабіць рамонт. Я бачу, як жанчыне стала дрэнна, яна страціла прытомнасьць, упала паміж машынкамі ў вузкім праходзе. Яе вывелі на вуліцу, калі яна апрытомнела, пасадзілі на лаву, а праз 30 хвілінаў зноў пасадзілі на працоўнае месца. Пах фарбы быў па-ранейшаму моцны. Яна нічога не магла рабіць і другі раз страціла прытомнасьць. Потым прыехала „хуткая“, і я доўга гэтую жанчыну ня бачыла. Праз тры тыдні я яе пабачыла на мыліцах. Яна стала інвалідам. Хутчэй за ўсё, у яе быў інсульт.

— Калі ў Марыі сапраўды прабадная язва, то пасьля такой апэрацыі патрабуецца працяглая рэабілітацыя, спэцыяльнае харчаваньне. Наколькі гэта магчыма ў калёніі?

— Умовы для рэабілітацыі ў калёніі ніякія. Слова „рэабілітацыя“ тут ужываць немагчыма. Я ёй жадаю, каб яна найдаўжэй заставалася ў мэдычнай частцы. У параўнаньні са звычайным атрадам там лягчэй. Ёй ня трэба будзе хадзіць на працу. Паўнавартаснага харчаваньня яна ня зможа атрымліваць. Ёй могуць дадаткова даць 100-150 грамаў тварагу, адно яйка на дзень і кавалачак масла — 10-15 грамаў. Людзі ў калёніі моцна страчваюць вагу празь нястачу калёрыяў.

«Самае галоўнае — гэта вялікі стрэс, якім пранізаная кожная хвіліна зьняволенай»

— Ці можаце апісаць тыднёвы рацыён зьняволенай?

— Раніцай каша на малацэ. У турме каша на вадзе. Гарбата, хлеб, часам масла. На абед суп, макарона, якія зьліплася, і катлета, якую есьці нельга. Рыбную катлету часта даюць, там можна было есьці толькі корачку, але мусіш есьці гэтую катлету. Кампот. На вячэру маглі быць лянівыя галубцы, гэта месіва з капусты, крыху фаршу і морквы. Калі ты ня ў карцары, ёсьць магчымасьць нешта купіць у краме. Можна купіць сыр, які зьмяшчае пратэін.

Харчаваньне будзе вялікай праблемай пры аднаўленьні Марыі. Калі яна вернецца ў атрад, ёй забароняць ляжаць ці сядзець на ложку. Яна будзе ўвесь час стаяць ці сядзець на крэсьле. Гэта нядобра ў пасьляапэрацыйны пэрыяд. Самае галоўнае — гэта вялікі стрэс, якім пранізаная кожная хвіліна зьняволенай. Дзень арганізаваны такім чынам, што ты ня маеш вольнай хвіліны ўвогуле. У правілах запісана, што ты павінен мець ня менш за гадзіну вольнага часу. Яны даюць гадзіну вольнага часу ўвечары, але яго недастаткова, каб спортам заняцца, напрыклад. Не магу ўявіць, як можа выглядаць паўнавартаснае выздараўленьне Марыі ва ўмовах калёніі.

— Марыя заўсёды перадавала з турмы аптымістычныя пасланьні — гэта адпавядае яе сутнасьці, але давайце паспрабуем апісаць умовы, у якіх яна за кратамі. Яна была вымушаная шыць форму для сілавікоў, у яе ёсьць каля 15-20 хвілін на дзень для фізычных практыкаваньняў, калі на іх застануцца сілы. Зь ёю нельга кантактаваць іншым зьняволеным. Натальля, працягніце гэты сьпіс з улікам вашага досьведу.

— Гэта холад. Цяпер такі сэзон, што ідзе дождж ці сьнег, а пасушыць мокры абутак няма дзе. Адзін раз на тыдзень памыцца — гэта не гігіена. З Марыяй ніхто не размаўляе — увогуле не магу такога сабе ўявіць. Можна сябе настроіць і гэта пераадолець. Я так разумею, што яе спрабуюць зламаць любымі шляхамі і сродкамі. Калі яны шые ўніформу, важкіх падставаў, каб закрываць яе ў ШЫЗА, няма. Тады яны кіруюцца тактыкай „калі няма парушэньняў, мы знойдзем“. Найхутчэй, гэта былі прыдзіркі, за якія яе і кінулі ў ШЫЗА. А ня шыць форму — гэта самае цяжкае непадпарадкаваньне для адміністрацыі.

— Што можна зрабіць для Марыі людзям, якія цяпер на свабодзе — як у Беларусі, так і за яе межамі? Што можна зрабіць, каб не паўтарылася трагедыя Вітольда Ашурка?

— Маліцца за ўсіх палітвязьняў, каб яны жывымі прышлі дадому, каб вярнуліся да сваіх семʼяў і родных. Спрабаваць актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, калі не ў Беларусі, а за мяжой. Браць удзел у дэманстрацыях, каб урады розных краін бачылі, што беларусы тут, што праблема Беларусі нікуды ня зьнікла і яе трэба вырашаць. Я часта маю выступы і сустрэчы ў розных швайцарскіх мэдыя, я ўвесь час гаварыла і гавару пра палітвязьняў і пра тое, што трэба нешта рабіць...

— Хто для вас Марыя Калесьнікава?

— Вельмі мужная і годная жанчына, вартая захапленьня. Ня ведаю, ці змагла б я зрабіць тое, што зрабіла Марыя, калі б мяне вывозілі за мяжу... Чалавек сьвядома сабе наканаваў гэтыя катаваньні. Для мяне яна застаецца ідэалам нашай беларускай дэмакратыі. Спадзяюся, што здароўе яе палепшыцца. Я ёй вельмі жадаю хутчэй паправіцца і найхутчэй вярнуцца да нас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG