Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 14 сьнежня заявіў, што ведамства будзе «выяўляць» лекараў, якія атрымліваюць менш за 2300 рублёў. Свабода пагутарыла зь лекарамі ў Беларусі ды іншых краінах пра заробкі. Імёны герояў на іхныя просьбы зьмененыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бракуе больш за 6000 мэдыкаў. Як дзяржава спрабуе кампэнсаваць іх адсутнасьць«Маю столькі, але працую і вечарамі, і выходнымі»
Міхаіл больш за 20 гадоў працуе лекарам у адным з абласных шпіталяў. Заробку яму не стае, таму ён пайшоў працаваць дадаткова ў прыватную клініку.
«Выходзіць так, што працую без выходных. Спачатку ў шпіталі, затым, часта вечарам і па выходных — у прыватнай клініцы. Я акурат маю каля 2300 заробку ў месяц. Але ж працую на дзьвюх працах», -— кажа Міхаіл.
Ён дадае, што цяпер найбольш павысілі заробкі рэаніматолягам.
«Яны найбольш запатрабаваныя за мяжой і актыўна туды зьяжджаюць. Бо заробкі за мяжой і нашы — гэта вялікая розьніца», — дадаў лекар.
На заклік Свабоды таксама адгукнуліся чытачы-лекары, якія паведамілі пра свае заробкі.
«Вузкі спэцыяліст, оталярынголяг атрымлівае 2200, але працуе на паўтары стаўкі», — напісала чытачка Свабоды.
«За лістапад атрымаў „чыстымі“ каля 1900, „бруднымі“ — каля 2300. Раней меў 2000 „чыстымі“», — падзяліўся іншы лекар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 тысяч вакансіяў, але толькі 7% зь сярэднім заробкам. Каму і колькі гатовыя плаціць у Беларусі«У мяне заробак большы, але гэта прыватная клініка»
Лекар-беларус Станіслаў Салавей працуе ў Адэсе ў прыватнай клініцы.
«Тут нават у пастаноўцы пытаньня міністра закладзена абвінавачаньне ў бок лекара — чаму ён мала атрымаў? Выходзіць парадокс. Сярэдні заробак у краіне цяпер 2276, значыць, шмат тых, хто атрымлівае значна менш гэтай лічбы», — кажа лекар.
Ён зазначыў, што працуе менавіта ў прыватнай клініцы. І тут у яго заробак большы, чым заяўлены міністрам у 2300 рублёў.
«Але колькі атрымліваюць у дзяржаўных установах — я ня ведаю. Вядома, ідзе вайна, заробкі ўпалі, цэны вырасьлі і ўсё вельмі складана», — дадаў Станіслаў Салавей.
«Меў 3500, але працаваў на дзьве стаўкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «100 даляраў за адну паездку». Як беларусы цяпер зарабляюць на мяжы
Беларус Максім некалькі месяцаў таму пераехаў жыць і працаваць у Польшчу. У Беларусі ён як спэцыяліст са стажам і вышэйшай катэгорыяй атрымліваў заробак каля 3500 рублёў.
«Але гэта таму, што я працаваў на дзьве стаўкі. Цяпер у Польшчы я атрымліваю ўтрая больш. І гэта роўна за стаўку і плюс шэсьць дзяжурстваў. Значыць, прыкладна паўтары стаўкі. Што тычыцца заробку ў 2300 рублёў, то хірургі ў прынцыпе могуць такі атрымліваць у Беларусі», — дадаў Максім.
Дэфіцыт мэдыкаў
Нягледзячы на намаганьні ўладаў узяць сытуацыю пад кантроль, у Беларусі нарастае дэфіцыт мэдыкаў. Калі ў ліпені ў агульнанацыянальным банку вакансіяў і рэзюмэ была 5591 вакансія для лекараў, то цяпер іх больш за 6300. У гэты лік уваходзяць і вэтэрынары. Лекару-спэцыялісту ў адну з паліклінік Менску гатовыя прапанаваць заробак 1300-1500. У Краснапольскім раённым шпіталі чакаюць лекара-спэцыяліста на заробак ад 1000 да 1500 рублёў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 гадоў хворых на рак дзяцей возяць на апраменьваньне ў дарослыя анкацэнтры. Чаму так адбылося і што можна зьмяніць