Чаму беларуская намэнклятура такая баязьлівая?

Беларускія чыноўнікі на нарадзе з Лукашэнкам. Архіўнае фота

Беларуская намэнклятура не адчувае сябе элітай, гатовай браць адказнасьць за краіну. Усе чыноўнікі бачаць сябе нейкімі шрубкамі вялікай бюракратычнай машыны. І ні на што іншае не прэтэндуюць.

Сьцісла:

  • Увесь час свайго кіраваньня Лукашэнка бязьлітасна пляжыў усіх чыноўнікаў.
  • Лукашэнку ўдалося стварыць такую палітычную сыстэму, у межах якой намэнклятура, бізнэс ня сталі суб’ектамі палітыкі, не атрымалі права голасу пры прыняцьці важных рашэньняў.
  • Вышэйшая намэнклятура, буйны бізнэс маглі скарыстацца момантам крызісу 2020 году і выставіць нейкія ўмовы. Але не зрабілі гэтага.
  • У крытычны момант гісторыі краіны выявілася, што беларуская намэнклятура баязьлівая, несамастойная, неаб’яднаная.
  • І цяпер перад рэпрэсіўнай машынай прадстаўнікі эліты такія ж безабаронныя, як і адкрытыя праціўнікі рэжыму.

Толькі два факты апошніх дзён.

У Менску судзяць экс-міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу. Ён прызнаўся, што атрымліваў хабар ад замежнай кампаніі.

Паводле інфармацыі «Нашай нівы», затрымалі намесьніка старшыні праўленьня «Белаграпрамбанку» Віталя Крука. Нібыта за рэалізацыю карупцыйнай схемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, у чым вінавацяць былога міністра лясной гаспадаркі

Таксама апошнім часам трапілі ў апалу, былі затрыманыя некаторыя ўладальнікі буйных камэрцыйных кампаніяў, у прыватнасьці за рост цэнаў.

Варта нагадаць, што ўвесь час свайго кіраваньня Лукашэнка бязьлітасна пляжыў усіх начальнікаў. Прычым рабіў гэта дэманстратыўна, на патрэбу публікі. То быў такі танны папулізм. Ён выступаў у вобразе «народнага прэзыдэнта», які абараняе простых людзей ад кепскіх чыноўнікаў. На гэтым у значнай ступені грунтавалася ягоная папулярнасьць.

Увогуле Лукашэнку ўдалося стварыць такую палітычную сыстэму, у межах якой намэнклятура, бізнэс ня сталі суб’ектамі палітыкі, не атрымалі права голасу пры прыняцьці важных рашэньняў. Яны былі толькі інструмэнтам у руках Лукашэнкі. А на практыцы часта станавіліся «ахвярнымі казламі» падчас нейкіх антыкарупцыйных кампаній, траплялі за краты. Прычым гэта тычылася нават людзей зь блізкага атачэньня Лукашэнкі, напрыклад Юрыя Чыжа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як таемны літоўскі партнэр дапамагаў Чыжу зарабляць мільярды на схемах з разбаўляльнікамі. Аналіз Беларускага расьсьледніцкага цэнтру

І вось грымнуў 2020 год. Рэжым захістаўся. Ягоны лёс у значнай ступені залежаў ад пазыцыі намэнклятуры. Чакалі, што здарыцца раскол эліт, і тады Лукашэнка страціў бы ўладу.

Здавалася б, вось яна спрыяльная сытуацыя, каб эліты заявілі пра сябе, свае інтарэсы. Вышэйшая намэнклятура, буйны бізнэс маглі скарыстацца момантам, калі ўлада Лукашэнка больш залежала ад іхнай падтрымкі, чым яны ад яго. І выставіць нейкія ўмовы. Напрыклад, каб Лукашэнка пагадзіўся на прыватызацыю дзяржаўнай уласнасьці на карысьць чынавенства, дырэктарату, буйнога бізнэсу. Як тое адбылося ў Расеі і ва Ўкраіне. Ці хоць бы стварыць сыстэму, якая б гарантавала іх уласную бясьпеку, абараняла ад турмы.

Як, напрыклад, пасьля сьмерці Сталіна кіроўная савецкая намэнклятура паставіла пад свой кантроль праваахоўныя органы. Свавольства спэцслужбаў было спыненае, яны пазбавіліся права «распрацоўваць» высокіх чыноўнікаў. У часы Брэжнева практычна немагчыма было арыштаваць за карупцыю буйнога намэнклятурніка. У горшым выпадку такога маглі перасунуць на ніжэйшую пасаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як насамрэч адбыліся перамены ў Польшчы. Трошкі ня так, як мы ўяўляем

Але ў Беларусі нічога падобнага не адбылося. Эліта падтрымала Лукашэнку без усялякіх умоваў. І апынулася ў той самай сытуацыі, як і раней, да 2020 году. Любога зь яе прадстаўнікоў можна арыштаваць, пасадзіць у турму, пазбавіць маёмасьці. І разьлічваць на незалежны справядлівы суд яны таксама ня могуць, як і палітычныя зьняволеныя. Перад рэпрэсіўнай машынай яны такія ж безабаронныя, як і адкрытыя праціўнікі рэжыму. Як тое адбылося, напрыклад, з кіраўніком «Прыёрбанку» Сяргеем Касьцючэнкам, якому далі 3 гады і 6 месяцаў нібыта «за ўхіленьне ад уплаты падаткаў».

Дарэчы, і сілавікі апынуліся ў той самай сытуацыі безабароннымі. З пачатку пратэстаў Лукашэнка памяняў, адправіў у адстаўку ўсіх кіраўнікоў сілавых структураў (акрамя міністра абароны Віктара Хрэніна). Некаторым далі «залаты парашут» у выглядзе больш нізкай пасады, а іншыя і таго не атрымалі.

У крытычны момант гісторыі краіны выявілася, што беларуская намэнклятура баязьлівая, несамастойная, неаб’яднаная. Няма структураў, у рамках якіх эліта магла б фармуляваць, узгадняць свае карпаратыўныя інтарэсы, выстаўляць патрабаваньні. Невыпадкова Лукашэнка не дазваляе ператварыць арганізацыю «Белая Русь» у партыю. Бо партыя мага б стаць цэнтрам кансалідацыі чынавенства. А ў 2020 годзе, падчас вострага палітычнага крызісу, намэнклятуры нават у галаву не прыйшло, каб заявіць пра свае інтарэсы. Прынамсі, такая інфармацыя не пратачылася нават на ўзроўні чутак.

Самае галоўнае, беларуская намэнклятура не адчувае сябе элітай, гатовай браць адказнасьць за краіну. Усе чыноўнікі бачаць сябе шрубкамі вялікай бюракратычнай машыны. І ні на што іншае не прэтэндуюць. Нават перад тварам пагрозы ўласнай бясьпекі.

У выніку ў Беларусі захаваўся рэжым асабістай улады Лукашэнкі, пэрсаналісцкі рэжым. Палітычная мадэль нагадвае ўсходнюю дэспатыю, у якой і народ, і эліта маюць аднолькава бяспраўны статус прыгонных, падданых дыктатара.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.