Каго вучыць і каго ня вучыць гісторыя. Пра адзін камэнтар у «справе Зельцара»

Андрэй Зельцар

Калі па-простаму, Андрэй Зельцар усё зрабіў правільна. Так, як вучылі дома і ў школе, як па ўсім сьвеце, як у заканадаўстве.

Агулам у «справе Зельцара» ў Беларусі праходзяць больш за 200 чалавек. Свабода атрымала аўдыёзапіс допыту абвінавачанага на адным з такіх працэсаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не выбіваюць дзьверы, а спрабуюць трапіць у кватэру». Як на судзе ў «справе Зельцара» судзьдзя і пракурорка дапытвалі абвінавачанага

Давайце па-простаму. Калі да вас у кватэру ломяцца невядомыя са зброяй, што трэба рабіць? Бараніць свой дом, сваіх блізкіх і сябе. Ну гэта ж базавыя прынцыпы бясьпекі. Так нас вучылі дома і ў школе, так па ўсім сьвеце, так у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Было, прынамсі, да 2020 году.

Значыць, Андрэй Зельцар усё зрабіў правільна. Айцішнік, кажуць; прыстойны чалавек. Зрабіў, як вучылі дома і ў школе, як па ўсім сьвеце, як у заканадаўстве. Вось і вы так падумалі. І напісалі пра гэта камэнтар. Вы асудзілі дзеяньні невядомых узброеных бандытаў (чаму не ўмяшалася міліцыя?). На што мелі поўнае права і нават больш. Выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю. Умацавалі ў гэтым тых, каго так вучылі дома і ў школе, такое права дае вам заканадаўства.

Хіба не на гэтай правільнасьці трымаецца ўсё наша супольнае жыцьцё? Інакш бы даўно перагрызьлі адно аднаго. Урэшце, бясьпека — самая базавая патрэба чалавека і аснова існаваньня грамадзтва.

Зельцару не пашанцавала, не абараніла яго міліцыя. Бо гэта міліцыя-кгб з аўтаматамі і выбівала дзьверы ягонай кватэры. А не бандыты. Дзе ж ты разьбярэш? Не пашанцавала і вам, каго за камэнтар арыштавалі і прывялі ў суд.

Стойце. А маглі яны проста Зельцару ў дзьверы пазваніць, ён бы спытаў: «Хто там?», вы б назваліся і сказалі, у якой вы справе? І чаму вы прыйшлі цэлай кучай і з аўтаматамі? Вы ж цудоўна ведалі, што ён ня страшны забойца, а айцішнік, кампутаршчык і, кажуць, прыстойны чалавек. Што праўда, журналіста, які запісаў ягоную знаёмую, што так сказала, пасадзілі за гэта ў турму.

Насамрэч Зельцара прыйшлі застрашваць або забіваць. Як прыходзілі і прыходзяць да тысяч і тысяч самых разумных, добрых і мірных беларусаў. Прыходзяць бандыты. Вядомыя факты.

Цяпер вось у вас «суд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чым абвінавачваюць беларусаў, якіх судзяць за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі»

«Не выбіваюць дзьверы, а спрабуюць трапіць у кватэру, жылое памяшканьне», — папраўляе вас «пракурор». Гэта каб зьмякчыць сытуацыю ці што? «Размазаць» факт. Ох ужо гэты канцылярыт. Не кватэра, а жылое памяшканьне, ня школа, а ўстанова адукацыі. «Вы по какому вопросу плачете, девушка? — По вышеизложенному».

Але ж хлусьня, нічога яны не «спрабуюць», яны менавіта выбіваюць дзьверы, што мы бачым на відэазапісе, які паказалі ў тэлевізары. «Пракурора» не вучылі гаварыць праўду дома і ў школе, ён робіць ня тое, што робяць пракуроры па ўсім сьвеце, і ня тое, што мусіць рабіць паводле закону. Толькі ж і ня скажаш яму гэта, бо гэта ўжо ў вас спрацоўвае базавы прынцып бясьпекі. «Пракурор», разумееце вы, з тымі бандытамі заадно. Ён хоча павярнуць так, што злачынства — ня тое, што тыя забілі Зельцара, а тое, што Зельцар бараніў свой дом. І што злачынства — ваш камэнтар, а ня іхная хлусьня. То бок, усё з ног на галаву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў такі змучаны, што было ўсё роўна, колькі мне дадуць». Каго і як асудзілі за камэнтары па «справе Зельцара»

«Вы думалі, што можна пісаць у такой форме, як напісалі вы?» — пытаецца «пракурор».

«Я ж нічога абразьлівага не пісаў. Толькі даў нэгатыўную ацэнку супрацоўнікам. Я не да канца разумею, у чым мяне абвінавачваюць».

«Людзі, якія прачытаюць ваш камэнтар, — у іх зьявіцца сацыяльная варожасьць да супрацоўнікаў, будзе парушаная талерантнасьць у грамадзтве».

Гэта як? Талерантнасьць у грамадзтве трымаецца на замоўчваньні і хлусьні? Зьявіцца сацыяльная варожасьць да бандытаў? Але сацыяльна варожым да бандытаў мяне вучылі быць дома і ў школе, так па ўсім сьвеце, так у заканадаўстве — нельга мірыцца з такой зьявай, як бандытызм.

У размову ўступае «судзьдзя»: «У вас вышэйшая тэхнічная адукацыя. Юрыдычнай адукацыі вы ж ня маеце? Значыць, вы недасьведчаны ў гэтых пытаньнях. Дык адкуль вы ўзялі, што КДБ урываецца ў кватэру без падставаў? Чаму вы пісалі: „Зельцар меў права абараняць сваё жыцьцё“»?

Вось гэта «судзьдзя»!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разлад разьвіўся на фоне затрыманьня і зьбіцьця». Як судзяць палітвязьняў з псыхічнымі парушэньнямі

У вас няма юрыдычнай адукацыі, значыць, вы ня мусіце ведаць законаў, гэтаксама як Зельцар ня мае права абараняць сваё жыцьцё. Ды вас што, так на юрфаку вучылі, што грамадзянін не павінен ведаць сваіх правоў? Вось так вось адкрытым тэкстам і казалі? «Судзьдзя» больш падобны да заатэхніка на фэрме.

Ну і «суд».

«Вы пішаце так, як быццам нешта ведаеце. І ў такіх людзей, як вы, і больш простых людзей выклікаеце нэгатыў, усе пачынаюць думаць, што тут усё так блага, што могуць уварвацца без пастановы, ні з таго, ні зь сяго выламаць дзьверы».

Гэта «судзьдзя» кажа. Быццам гэта ня наша цяперашняя рэальнасьць, калі ўрываюцца без пастановы, ламаюць дзьверы, каб пабіць, захапіць або проста спаскудзіць вашу кватэру і потым хваліцца гэтым у сваіх чатах.

Вас, вядома ж, пазбавяць волі. За тое, што гэта вы, аказваецца, «выклікалі нэгатыў». А ўсе павінны думаць, што тут усё добра.

Але чаму для «судзьдзі», як выглядае, самае важнае, што «ўсе пачынаюць думаць, што тут усё так дрэнна»? Для ўласнага самазаспакаеньня? І закрытыя працэсы для таго самага. І ўся ўвогуле машына юрыспрудэнцыі сёньня працуе выключна для самазаспакаеньня. Сябе і ўсіх астатніх чыноўнікаў, сілавікоў, апаратчыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады калёніі за камэнтар пад відэа зь Зельцарам

Кажуць, гісторыя вучыць таму, што яна нічому ня вучыць. Але гэта няпраўда. У грамадзтве заўсёды ёсьць людзі, якіх гісторыя вучыць, і тыя, каго не. Калі другім трапляе ў рукі ўлада, тады злом перамагаецца дабро, а замест законаў дзейнічае дубіна.

Калі па-простаму, Андрэй Зельцар усё зрабіў правільна. Так, як вучылі дома і ў школе, як па ўсім сьвеце, як у заканадаўстве. І ў гісторыі ягоны ўчынак будзе ацэнены як подзьвіг. Ягоным імем назавуць вуліцу і школу, пра яго будуць пісаць кнігі. Гісторыя аддзячыць таму, каго яна навучыла высакародзтву і прыстойнасьці. А вось адданых Лукашэнку служакаў (насамрэч адданых ягоным зарплатам, крэдытам і пасадам), якіх яна нічому не навучыла, яна проста забудзе і адправіць у «бан». Як тое было і 50, і 100, і 500, і 5000 гадоў таму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).