Летась 28 верасьня ў выніку перастрэлкі ў Менску загінулі супрацоўнік EPAM Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк. Па Беларусі прайшлі затрыманьні «камэнтатараў». За краты трапілі больш за 200 чалавек. Свабода даведалася, як і за што судзяць абвінавачаных.
«Прытрымліваўся ідэі стварэньня варожасьці да супрацоўнікаў КДБ»
Свабода ня раз пісала пра суды ў «справе Зельцара». Затрыманых, у камэнтарах якіх былі нэгатыўныя выказваньні ў адрас міліцыі, КДБ і ўлады, судзілі ў асноўным за «распальваньне сацыяльнай варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу).
Частку арыштаваных «камэнтатараў» судзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі» (артыкул 369-1 Крымінальнага кодэксу). Напрыклад, вядомага гомельскага валянтэра Ільлю Міронава. Абвінавачаньне прыйшло да высновы, што камэнтарамі з спачуваньнем родным Андрэя Зельцара валянтэр «фармаваў станоўчы вобраз Зельцара і нэгатыўны — супрацоўнікаў КДБ».
Свабода атрымала аўдыёзапіс аднаго зь нядаўніх судоў у «справе Зельцара». Абвінавачаным на ім быў малады чалавек, які пад навіной пра перастрэлку ў Менску ў суполцы «УКантакце» пакінуў нэгатыўны камэнтар.
На судзе яго абвінавацілі ў тым, што «меў злачынны намер», «дзейнічаў з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці», «хацеў узьдзейнічаць на грамадзкую сьвядомасьць», «распальваў варожасьць да супрацоўнікаў КДБ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня са Жлобіна асудзілі на тры гады калёніі ў «справе Зельцара»«Не выбівалі дзьверы, а спрабавалі трапіць у жылое памяшканьне»
Падчас працэсу абвінавачаны расказаў, што ў адной з суполак «УКантакце» 28 верасьня 2021 году заўважыў навіну пра перастрэлку ў Менску. Навіна зьмяшчала і відэа таго, што адбывалася ў кватэры Зельцара.
«Я напісаў пад навіной камэнтар, у якім назваў дзеяньні супрацоўнікаў КДБ неправамоцнымі. Выказаў да іх нэгатыўнае стаўленьне. Я бачыў на відэа, што супрацоўнікі выбіваюць дзьверы», — казаў на судзе абвінавачаны.
«Не выбіваюць дзьверы, а спрабуюць трапіць у кватэру, жылое памяшканьне», — паправіла абвінавачанага супрацоўніца пракуратуры.
На ягоны камэнтар у чаце адрэагавала іншая ўдзельніца суполкі, якая выказала думку, што супрацоўнікі КДБ дзейнічалі правамоцна. Паміж імі пачалася дыскусія, падчас якой абвінавачаны назваў сваю апанэнтку «дурніцай».
На атрыманым Свабодай запісе ёсьць частка допыту абвінавачанага прадстаўніцай пракуратуры і судзьдзёй.
— Для чаго вы пакінулі такі камэнтар?
— Думаў, што можна выказваць сваю думку.
— Вы хацелі, каб людзі прачыталі ваш камэнтар?
— Не.
— Дык чаму пакінулі яго ў адкрытым доступе?
— Таму што людзі маюць стасункі паміж сабой, размаўляюць. Я так палічыў. Я думаў, што калі ў суполцы адкрытыя камэнтары, то можна пісаць іх.
— Вы думалі, што іх можна пісаць у такой форме, як напісалі вы?
— Я ж нічога абразьлівага не пісаў. Толькі даў нэгатыўную ацэнку супрацоўнікам. Я не да канца разумею, у чым мяне абвінавачваюць.
— Людзі, якія прачытаюць ваш камэнтар, — у іх зьявіцца сацыяльная варожасьць да супрацоўнікаў (сілавых структураў. — РС), будзе парушаная талерантнасьць у грамадзтве. Вы гэта разумелі?
— На той момант я гэтага не разумеў.
Да допыту пасьля супрацоўніцы пракуратуры перайшоў судзьдзя.
— У вас вышэйшая тэхнічная адукацыя. Юрыдычнай адукацыі вы ж ня маеце? Значыць, вы недасьведчаны ў гэтых пытаньнях. Дык адкуль вы ўзялі, што КДБ урываецца ў кватэру без падставаў? Чаму вы пісалі: «Ён (Зельцар. — РС) меў права абараняць сваё жыцьцё»?
— Не падумаў.
— Не падумалі. Значыць, так выйшла, што яны прыйшлі проста так, каб выламаць дзьверы? Без пастановы, бяз ордэру ўрываюцца? Вам жа жанчына ў камэнтары патлумачыла, што іх дзеяньні былі правамоцныя, а вы назвалі яе «дурніцай». Яна вам спрабуе нешта ўцерці ў галаву, а вы пішаце: «Заўтра да цябе прыедуць, скажуць абслугоўваюць дэпутатаў». Пішаце пра нізкія заробкі, пра тое, што растуць цэны. Для чаго вы гэта пішаце?
— Ад глупства. Я пісаў на эмоцыях.
— Эмоцыі мусяць мець пад сабой падставы. У вас што? Вам панізілі заробак? Не. Міліцыя вас недзе забрала і пабіла? Не. А пішаце так, як быццам нешта ведаеце. І ў такіх людзей, як вы, і больш простых людзей выклікаеце нэгатыў, што ўсе пачынаюць думаць, што тут усё так блага, што могуць уварвацца без пастановы, ні з таго, ні зь сяго выламаць дзьверы. Як вы ацэньваеце свае дзеяньні?
— Я паступіў блага, няправільна.
Працэс у гэтай справе ўжо завяршыўся. Як вядома Свабодзе, абвінавачанага ў выніку асудзілі на пазбаўленьне волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё залежыць ад таго, як павядуць сябе экспэрты». На судзе ў справе Генадзя Мажэйкі разгледзелі 9 тамоў матэрыялаў справыПерастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).