На 14 сьнежня ў суд у справе былога журналіста «„Комсомольской правды“ в Беларуси» выклікалі экспэртаў, якія праводзілі судовую фонаскапічную экспэртызу. Суд павінен вызначыць, каму належыць голас на аўдыёзапісе, знойдзеным у дыктафоне журналіста.
Разгледзелі 9 тамоў справы, прыступілі да разгляду рэчавых доказаў
На папярэднім паседжаньні суд разглядзеў тры апошнія тамы справы — пісьмовыя матэрыялы. А ўсяго ў справе дзевяць тамоў. Таксама пачаўся разгляд рэчавых доказаў: шматлікіх флэшак, цьвёрдых дыскаў, ноўтбука, фатаздымкаў. Аднак пракурорка зазначыла, што нічога зь пералічанага ня мае дачыненьня да справы. Таму ўсе гэтыя рэчы будуць вернутыя Мажэйку.
Бацька Генадзя Мажэйкі прынёс у суд цэлую тэчку са шматлікімі граматамі, дыплёмамі, якімі Генадзь быў узнагароджаны за 12 гадоў працы ў «Камсамолцы». Там ёсьць грамата ДАІ і мэдаль МУС «Абавязак, парадак, справядлівасьць».
У кастрычніку 2021 году падчас ператрусу ў кватэры Генадзя ў ліку іншых рэчавых доказаў забралі працоўны дыктафон журналіста. Знайшлі там аўдыёзапіс сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім у Лошыцы, якая адбылася летам 2020 году.
Паводле вэрсіі сьледзтва, Мажэйка на гэтай сустрэчы агітаваў супраць дзейнай улады і падтрымліваў «апазыцыйна настроеных» удзельнікаў, «парушаючы агульначалавечую мараль».
«З аўтаматам бегаць... Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта вар’ят», — зачытаў пракурор словы з матэрыялаў справы, якія, паводле судовай фанаскапічнай экспэртызы аўдыязапісу, прамовіў журналіст.
Сам Генадзь Мажэйка яшчэ ў першы дзень суду пацьвердзіў, што прысутнічаў у 2020 годзе на сустрэчы дэпутата Варанецкага з выбарнікамі, але моўчкі сядзеў з ноўтбукам і занатоўваў — рабіў рэпартаж. А словы, якія прыпісваліся яму, сказаў іншы чалавек, які сядзеў побач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абставіны затрыманьня журналіста «КП» Мажэйкі сталі вядомыя толькі праз 8 месяцаў пасьля арышту«Зразумела, што Гена нічога не выкрыкваў на сустрэчы з дэпутатам, ён працаваў там як журналіст»
Адвакат Генадзя Мажэйкі знайшоў відэазапіс той сустрэчы, які далучылі да матэрыялаў справы і 14 сьнежня будуць разглядаць у судзе. Таксама абаронца журналіста настаяў, каб у суд выклікалі адмыслоўцаў, якія рабілі экспэртызу.
Сябар Мажэйкі, які ходзіць на ўсе судовыя паседжаньні, кажа, што адвакат высьветліў, хто сядзеў побач з Генадзем і выкрыкваў тыя словы.
«Гэта сівы дзядок, які нарадзіўся ў 1930-х гадах. І вельмі добра, што адвакат дамогся, каб далучылі і разгледзелі відэазапіс. Мы спадзяёмся, што гэта шанец. Бо зразумела, што Гена нічога не выкрыкваў на сустрэчы з дэпутатам, ён працаваў там як журналіст.
Усё залежыць ад таго, як павядуць сябе экспэрты. Яны ж разглядалі аўдыёзапіс сустрэчы, які быў знойдзены ў дыктафоне Генадзя. А тут знайшоўся відэазапіс, мы вельмі на яго спадзяёмся», — кажа сябар Генадзя Мажэйкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць журналіста Мажэйку, які напісаў пра сьмерць Зельцара. Ён віны не прызнаўПерасьлед Генадзя Мажэйкі
Журналіста Генадзя Мажэйку абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») за згаданую рэпліку, нібыта прамоўленую ім на сустрэчы з дэпутатам. А таксама паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці). Тут маецца на ўвазе публікацыя на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Публікацыя «правісела» на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт беларускага выданьня «КП» быў заблякаваны, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мае ўзнагароды МУС Беларусі і грамату ДАІ». Расказваем пра журналіста, якога судзяць у «справе Зельцара»