Гісторыю Генадзя Мажэйкі расказаў «Вясьне» праграміст Аляксей Кавалеўскі, які нейкі час сядзеў з журналістам.
«Я засьпеў, калі ён знаходзіўся на першай стадыі: „Яны ж разьбяруцца, зараз мяне адпусьцяць“. Гэта добры і шчыры чалавек, часам нават як дзіцё. Ён вельмі моцна спадзяваўся, што за яго заступіцца расейская частка газэты і яго вызваляць, але было бачна, што гэтага ня будзе, мяркуючы па артыкулах, якія яму інкрымінавалі, і па рэзананснасьці справы.
Генадзь расказваў нам, як яго затрымалі. Ён паехаў у Маскву і хацеў адтуль вылецець кудысьці. Яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ у аэрапорце ў Маскве. Потым завезьлі на беларускую мяжу і перадалі КДБ Беларусі. Расейцы тут супрацоўнічалі без усялякіх працэдур. Журналіст казаў, што яго чакалі ўжо ў Маскве. Яшчэ да пашпартнага кантролю, паводле Генадзя, да яго падыходзілі нейкія людзі і шушукаліся. На пашпартным кантролі яго ўзялі пад рукі, і ўсё».
Міністэрства ўнутраных спраў раней заяўляла, што Мажэйку затрымалі ў Менску. Па іх вэрсіі, журналіст хацеў з Расеі вылецець у трэцюю краіну, але пры спробе зрабіць гэта даведаўся, што быў прызнаны непажаданым на тэрыторыі Расеі. Таму нікуды вылецець ён ня здолеў і, як сьцьвярджалася, вярнуўся ў Беларусь, дзе яго затрымалі.
Галоўны рэдактар «КП» Уладзімір Сунгоркін адзначаў, што Мажэйку правялі ў самалёт на рэйс у Менск, там яго сустрэлі супрацоўнікі КДБ Беларусі і затрымалі.
Генадзь Мажэйка цяпер на «Валадарцы», раней быў у жодзінскай турме. Яго абвінавачваюць па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальваньне варожасьці).