Ператрусы пачаліся 9 сьнежня, прэзыдэнт парлямэнту Рабэрта Мэтсала папярэдзіла эўрадэпутатаў, што «дэмакратыя знаходзіцца пад атакай», піша BBC.
Бэльгійская паліцыя выставіла абвінавачаньні чатыром асобам з шасьці затрыманых раней, дваіх адпусьцілі. Мяркуецца, што абвінавачаньне выставілі адной з 14 віцэ-прэзыдэнтак Эўрапарлямэнту Эве Кайлі, дэпутатцы ад Грэцыі. Актывы яе, ейнага мужа і блізкіх сямейнікаў замарожаныя. Іншыя тры чалавекі — грамадзяне Італіі, у тым ліку памочнік Кайлі Франчэска Джорджы, паведамілі выданьню яго крыніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафтагазавае багацьце, 3 мужчыны на кожную жанчыну і 8 мігрантаў на кожнага грамадзяніна. Цікавыя факты пра КатарСярод падазраваных таксама былы дэпутат Эўрапарлямэнту П’ер Антоніё Панцэры, які цяпер кіруе праваабарончай групай Fight Impunity, яго жонка і дачка таксама арыштаваныя. Яшчэ адзін падазраваны — Люка Візэнтыні, генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў.
Пракуратура падазрае, што адна дзяржава Пэрсыдзкай затокі некалькі месяцаў уплывала на эканамічныя і палітычныя рашэньні парлямэнту, асабліва шляхам працы праз памочнікаў дэпутатаў. СМІ адразу напісалі, што маецца на ўвазе Катар. Эўрадэпутаты абмяркуюць скандал ужо 13 сьнежня на пазаплянавых дэбатах у Страсбургу. Катар адмаўляе віну, заяўляючы пра дэзынфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніцу кіраўніка Эўрапарлямэнту затрымалі ў Бэльгіі па справе аб карупцыі, — СМІБэльгійская пракуратура раней заявіла, што знайшла грошы гатоўкай на суму каля 600 000 эўра ў доме аднаго падазраванага, 150 000 эўра ў кватэры дэпутата і некалькі сотняў тысяч эўра ў валізцы ў нумары гатэлю ў Брусэлі. Таксама сьледчыя забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а профілі падазраваных былі замарожаныя, каб ніхто ня выдаліў інфармацыі, якая можа мець дачыненьне да справы.
У гэтыя дні Катар прымае чэмпіянат сьвету ў футболе. Пасьля таго як знайшліся доказы подкупу палітыкаў і спартовых чыноўнікаў, многія зь іх пакінулі свае пасады. Расьсьледаваньне закранула ў тым ліку былога прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі. Аднак чэмпіянат у іншую краіну не перанесьлі. Падчас рыхтаваньня чэмпіянату ў Катары, паводле ацэнак міжнародных праваабарончых арганізацыяў, прынамсі 6500 чалавек, пераважна рабочыя з Нэпалу, Індыі і Бангладэш, працавалі ва ўмовах, якія ня раз крытыкаваліся і называліся нечалавечымі.
У чым менавіта палягала цяперашняе спрыяньне Катару Эўрапарлямэнтам, сьледзтва пакуль ня кажа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матч Чэмпіянату сьвету у Катары перапыніў пратэстовец, які выбег на поле