Лукашэнка зацьвердзіў зьмены ў пагадненьні аб вывазе беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты

Порт у Санкт-Пецярбургу

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які ратыфікуе пратакол са зьменамі ў міжурадавае пагадненьне аб пераладаваньні беларускіх нафтапрадуктаў у партах Расеі для экспарту ў трэція краіны.

Дакумэнт апублікаваны 13 сьнежня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале. Пратакол, падпісаны ў Менску і Маскве 23 чэрвеня, выключае з базавага пагадненьня прывязку да Паўночна-Заходняга рэгіёну РФ, што дае магчымасьць экспартаваць беларускія нафтапрадукты праз парты ўсёй Расеі, піша BPN.

Пагадненьне падпісана 19 лютага 2021 году ў Маскве. Яно забясьпечвае гарантаваныя паводле колькасьці і намэнклятуры аб’ёмы пераладаваньня нафтапрадуктаў у партах да 31 сьнежня 2023 году. Дакумэнт прадугледжвае фіксаваны сумарны кошт чыгуначнай перавозкі, паслугаў кампаній-апэратараў і пераладаваньня на ўсе заяўленыя гадавыя аб’ёмы нафтапрадуктаў.

Сёлета 11 жніўня Лукашэнка заявіў, што Беларусі «выпаў добры шанец» стварыць уласную партовую інфраструктуру на тэрыторыі Расеі. «Пабудаваць порт трэба хутка і зь мінімальнымі выдаткамі. Ідзецца сёньня перш за ўсё пра Паўночна-Заходні рэгіён Расейскай Фэдэрацыі», — казаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква і Менск падпісалі пагадненьне аб транзыце грузаў праз Расею

8 верасьня Лукашэнка паведаміў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зацікаўлены ў праходжаньні беларускага экспарту праз марскія парты Мурманскай вобласьці. Паводле яго, «паўночны кірунак значна дапоўніць супрацоўніцтва ў сфэры лягістыкі з улікам Санкт-Пецярбургу».

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка 3 кастрычніка адзначыў, што Менск і Масква «ствараюць новыя транспартна-лягістычныя ланцужкі».

«Фактычна зьявіліся новыя схемы паставак беларускай прадукцыі з выкарыстаньнем расейскіх партоў Паўночна-Заходняга рэгіёну, Чорнага і Азоўскага мораў, а таксама сухаземных маршрутаў», — казаў Галоўчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне Associated Press і Frontline: Расея зарабіла на продажы выкрадзенага ва Ўкраіне збожжа паўмільярда даляраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская дыпляматыя стала прыдаткам вайны». Вынікі году з Паўлам Сьлюнькіным