Месяц таму Свабода паведамляла, як у Палацы мастацтваў хацелі зьняць творы «палітычна нядобранадзейных» мастакоў. Ціск на творцаў працягваецца і набірае моц, чорныя сьпісы папаўняюцца, сьцьвярджае суразмоўца Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даносы былі і ёсьць, але цяпер гэта татальная зьява». Чаму на выставе ў Менску мастакам прапанавалі зьмяніць прозьвішчы«Тэлефануюць (арганізатарам выставаў. — РС) зь Міністэрства культуры, просяць даслаць сьпісы ўдзельнікаў, кажуць: „Гэтага трэба зьняць і вось гэтага“. Часта гэта нават не за самі працы, а за прозьвішчы: хто ў пратэстах удзельнічаў, нешта посьціў, дзесьці „засьвяціўся“, хоць працы могуць быць зусім нэўтральныя», — расказвае Свабодзе крыніца, блізкая да беларускага мастацтва.
Паводле суразмоўцы, тэарэтычна мастакі маюць магчымасьць выстаўляцца ў прыватных галерэях, але гэта небясьпечна для ўладальнікаў апошніх.
«Калі вядома, што мастак у гэтых сьпісах („чорных сьпісах“ нядобранадзейных творцаў. — РС), то лепш яго не выстаўляць або паспрабаваць выставіць нешта нэўтральнае, каб нідзе ніякага намёку не праскочыла. Вось у Горадні была выстава ў гандлёвым цэнтры, у прыватнай галерэі, яна літаральна адзін дзень правісела, — расказвае суразмоўца. — Выставу закрылі, а за ёй і саму галерэю. Таму ўсе імкнуцца не рызыкаваць. Ну і сэнс, калі ты будзеш шмат часу і сіл марнаваць на падрыхтоўку выставы, а ў той жа дзень яе закрыюць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выстаўку беларускіх мастакоў у Кіеве можна наведаць онлайн. Арганізатары ствараюць 3D-тур«Мастакі цяпер павінны маляваць нешта „патрыятычнае“»
Суразмоўца гаворыць, што цяпер на арганізацыю выставаў і мастацкае жыцьцё ў Беларусі моцна ўплываюць праўладныя актывісты.
«Гэта такая арганізацыя актыўных таварышаў, якія ні ў чым не разьбіраюцца, але лічаць, што яны могуць дыктаваць усім свае ўмовы, — расказвае суразмоўца. — Уласна, так ужо і ёсьць. Людзі, наагул далёкія ад мастацтва, задаюць тон. Часта яны пішуць лісты, даносы, ня проста каб зьнялі выставу ці працы, а з заклікамі „разабрацца“, пасадзіць і гэтак далей».
«У гэтых таварышаў своеасаблівае меркаваньне наконт мастацтва, для іх нават проста абстракцыя — гэта заходні ўплыў. На іхную думку, мастакі павінны маляваць сацрэалізм, рэалізм, пажадана нешта патрыятычнае. Паказваць, як нам усім тут добра жывецца, ну ці пра Вялікую Айчынную вайну. А ўсё астатняе — гэта заходняя зараза і ўсё гэта трэба выкарчоўваць. Яны змагаюцца з лацінкай, лічаць, што ў нас прыцясьняюць расейскую мову і культуру», — тлумачыць крыніца.
Суразмоўца дадае, што прывазныя мастацкія выставы амаль усе расейскія, бо больш няма адкуль везьці. Таксама вялікая праблема ў тым, што ў кіраўніцтве культурніцкіх установаў засталіся ляяльныя да ўлады людзі, а прафэсіяналаў пазвальнялі.
«Цяпер мала нейкіх яркіх і цікавых працаў, часта майстры і прафэсіяналы ня могуць выстаўляцца і іх месца займае нейкая бздура. Наколькі мага ўсе (неляяльныя да ўладаў мастакі. — РС) паволі разьяжджаюцца, ад гэтага сумна. Ці вернуцца, незразумела».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мае працы прадаюцца, то ўсе грошы ідуць на падтрымку рэпрэсаваных». Размова з мастачкай Cactuss.art«Публікаваць працы нават у сацыяльных сетках небясьпечна»
Цяпер мастакі ў Беларусі апынуліся ў сытуацыі, калі свае творы яны фактычна не могуць нікому паказаць, кажа крыніца.
«Як вынікае, у Беларусі выстаўляцца многім нельга, у Расеі гэта „зашквар“, у Эўропе немагчыма выставіцца з катэгарычнымі мастацкімі выказваньнямі пра палітычную цяперашнюю сытуацыі, вайну і іншае (празь небясьпеку далейшага перасьледу ў Беларусі. — РС). Можна толькі падміргваньнем і расплывістымі намёкамі паказваць, калі ня хочаш „прысесьці“. Агулам ніякай магчымасьці ўзаемадзеяньня з гледачом, бо і ў сацыяльных сетках публікаваць працы небясьпечна. Праўладныя актывісты старанна ўсё манітаруюць і вырашаюць, што добра, што дрэнна, што мае права на жыцьцё, а што не. І тут гаворка не аб працы мастакоў, а пра асобу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У хаце і майстэрні мастака Пушкіна правялі ператрусыСуразмоўца згадвае як прыклад працу беларускай мастачкі Натальлі Сухаверхавай, якая падтрымлівае рэжым.
«Яна прыкладае ўсе намаганьні, каб зачысьціць беларускую арт-прастору ад непажаданых элемэнтаў (да іх, паводле суразмоўцы, адносяцца прыхільнікі ня толькі дэмакратыі, але і сучаснага мастацтва. — РС). Лічыць, што мастацтва існуе для таго, каб выхоўваць патрыятызм, прасоўваць хрысьціянскія і сямейныя каштоўнасьці, трансьляваць дзяржаўную ідэалёгію».