Сьцісла:
- Лукашэнка абараняе Расею з нязграбнасьцю слана ў краме з парцалянай
- Пуцін часам кажа тое, што хоча сказаць Лукашэнка, а Лукашэнка вельмі часта кажа тое, што хацеў, але ня мог сказаць Пуцін
- Стратэгія Менску: «Што заўгодна гаварыць, абы не ваяваць».
Выступаючы 9 сьнежня ў Бішкеку пасьля пасяджэньня Найвышэйшага Эўразійскага савету, Аляксандар Лукашэнка зноў паўтарыў свой звыклы тэзіс, што Расея напала на Ўкраіну, бо, маўляў, NATO і Ўкраіна хацелі самі атакаваць Расею з Данбасу, а таксама фактычна ад імя Крамля заявіў, якія ўмовы пачатку перамоваў непрымальныя для Расеі.
Ужо ня першы раз Аляксандар Лукашэнка абараняе Расею са зграбнасьцю слана ў краме з парцалянай. Вобразна кажучы, у абароне расейскай пазыцыі ён імкнецца выглядаць большым расейскім патрыётам за саміх расейцаў. Пры гэтым у яго ёсьць адно вялікае адрозьненьне ад большасьці сусьветных палітыкаў: ён можа гаварыць што заўгодна, любую хлусьню і недарэчнасьць, бо даўно ўжо ня рупіцца пра сваю рэпутацыю.
«Эканамічны і харчовы крызіс на Захадзе, санкцыі сабе на шкоду, абвал даляра, палітычны развал Эўразьвязу» — усё гэта гучыць з вуснаў не адыёзных прапагандыстаў, не прыхільнікаў кансьпіралёгіі ў сацыяльных сетках, а з вуснаў чалавека, які называе сябе кіраўніком дзяржавы. Звычайна нават у дыктатарскіх краінах рыторыка афіцыйнай прапаганды, скажам так, трошкі адрозьнівалася ад рыторыкі прадстаўнікоў улады, якія маюць свае ўмоўнасьці і абмежаваньні. Да таго ж заўсёды імкнуцца выглядаць лепей за сваіх «ланцуговых прапагандыстаў». У СССР прапаганда гаварыла адно, а савецкія дыпляматы і палітыкі выкарыстоўвалі зусім іншы тон і лексыку ў перамовах з заходнімі партнэрамі. Іншая рэч, што цяпер расейскія і беларускія дыпляматы паводле лексыкі і рыторыкі мала чым адрозьніваюцца ад прапагандыстаў.
Лукашэнка не сустракаецца з заходнімі палітыкамі, яму ня трэба ўзважваць, што яны пра яго падумаюць і як расцэняць ягоныя словы. Афіцыйны Менск, канчатковы напляваўшы на рэнамэ незалежнай дзяржавы і апошнія рэшткі іміджу, галасуе за Расею ў любых рэзалюцыях ува ўсіх міжнародных арганізацыях, не саромеючыся часам заставацца ў кампаніі зь пяцьцю-шасьцю краінамі-ізгоямі.
Ужо ня першы раз падчас двухбаковых расейска-беларускіх сустрэчаў альбо падчас самітаў постсавецкіх структураў можна назіраць загадкавы сымбіёз: Пуцін часам кажа тое, што хоча сказаць Лукашэнка, а Лукашэнка вельмі часта кажа тое, што хацеў, але ня мог сказаць Пуцін.
Вось і цяпер, на саміце ў Бішкеку, пасьля пасяджэньня Найвышэйшага Эўразійскага савету Лукашэнка зноў рабіў журналістам шмат заяваў фактычна ад імя Расеі. Можна іранічна канстатаваць, што ў некаторых тэмах Лукашэнка выконвае функцыі прэсавага сакратара Ўладзіміра Пуціна значна лепш, чым ягоны намінальны прэсавы сакратар Пяскоў (а прычына тая самая: Пяскову, адрозна ад Лукашэнкі, даводзіцца спачатку падумаць і ўзважыць, што можна, а чаго нельга гаварыць).
Напрыклад, Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не павінен выстаўляць вызваленьне ўкраінскіх тэрыторыяў як папярэднюю ўмову для пачатку перамоваў з Расеяй. «Гэта папярэдняя ўмова, якая непрымальная для Расеі. На цяперашнім этапе Расея ўвогуле можа не прыняць гэтыя ўмовы — „сыходзьце з Запарожжа, Херсону і гэтак далей“. Нельга такія патрабаваньні выстаўляць Расейскай Фэдэрацыі. З шматлікіх прычынаў», — сказаў Лукашэнка журналістам у Бішкеку пасьля пасяджэньня Найвышэйшага Эўразійскага савету.
Расеі такая актыўнасьць Лукашэнкі нічым не замінае. Лукашэнка гаворыць нешта фактычна ад імя Крамля, а ўвесь сьвет думае: ці сапраўды гэта пазыцыя Пуціна? Ну а калі кіраўнік Беларусі ляпне нешта ня тое, то Крэмль заўсёды мае магчымасьць сказаць, што мы тут ні пры чым, гэта кіраўнік асобнай дзяржавы сказаў, у яго і пытайцеся пра ягоныя фантазіі.
Лукашэнку тут падвойная выгада. Па-першае, калі ён кажа нешта ад імя Крамля і Пуціна — гэта той рэдкі момант, калі яго слухаюць, спрабуючы адгадаць, ці сапраўды ён выказвае жаданьні і намеры Пуціна.
А па-другое, гэта адлюстраваньне стратэгіі Менску: «Я буду што заўгодна гаварыць, абы не ваяваць». Як назваў гэта палітоляг Андрэй Ягораў, стратэгія «чырлідэра». Бегаць, скакаць, усяляк дэманстраваць падтрымку — але самому «не выходзіць на поле», не прымаць удзелу ў жорсткай гульні.
У гэтым Лукашэнка і бачыць выкананьне свайго «саюзьніцкага» абавязку. Потым ён, магчыма, гаворыць Пуціну: «Глядзі, як я ім зноў урэзаў, як я нашу Расею абараняў. Ніхто ж, акрамя мяне, так ня робіць... Дай новы крэдыт!»
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.