Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рыхтуе Расея забойства Лукашэнкі? Камэнтуе вайскова-палітычны экспэрт


Каляж
Каляж

Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Robert Lansing institute апублікаваў інфармацыю пра плян Масквы фізычна зьнішчыць Лукашэнку і анэксаваць Беларусь. Наколькі праўдападобная гэтая вэрсія? Ці ня можа яе ўкід быць апэрацыяй спэцслужбаў? Якой можа быць рэакцыя Лукашэнкі на такую інфармацыю?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі вайсковы і палітычны экспэрт Юрый Фёдараў.

Сьцісла

  • Інфармацыя пра плян Масквы зьліквідаваць Лукашэнку і анэксаваць Беларусь абсалютна праўдападобная.
  • Пуцін і Лукашэнка на працягу амаль усяго часу іх узаемадзеяньня ненавідзелі адзін аднаго.
  • Лукашэнка супраціўляецца ўдзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны, у Крамлі гэта выклікае злосьць.
  • Расейскія спэцслужбы спрабавалі атруціць і атручвалі многіх праціўнікаў Пуціна.
  • Сьмерць Уладзімера Макея была даволі дзіўнай, празь яго Лукашэнка падтрымліваў закрытыя кантакты з Захадам.
  • Калі сьмерць Макея не была выпадковай, то яна магла быць апошнім папярэджаньнем.
  • Спэцслужбы Расеі разумеюць наступствы забойства Лукашэнкі і анэксіі Беларусі, але яны арыентуюцца на меркаваньне Пуціна.
  • Публікацыя Robert Lansing institute можа быць папярэджаньнем Лукашэнку ад заходніх спэцслужбаў наконт плянаў Пуціна.

— 25 лістапада амэрыканскі дасьледчы цэнтар Robert Lansing institute апублікаваў сэнсацыйны артыкул пад назвай «Крэмль рыхтуе ліквідацыю Лукашэнкі і захоп кантролю над беларускім войскам».

Паводле зьвестак інстытуту, расейскія спэцслужбы рыхтуюць забойства Лукашэнкі, адказнасьць за якое ўскладуць на Ўкраіну і Польшчу. Плян прадугледжвае, што Беларусь узначаліць цяперашні генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, ён прыме рашэньне аб далучэньні Беларусі да Расеі і аб уступленьні беларускага войска ў вайну.

Публікацыя Robert Lansing institute адразу разьляцелася па ўсім сьвеце. А на наступны дзень пасьля зьяўленьня артыкулу раптоўна і загадкава памёр міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей.

Некаторыя палічылі, што ён быў забіты і што гэтая вэрсія пацьвярджае інфармацыю амэрыканскага дасьледчага цэнтру: што забойства Макея — папярэджаньне Лукашэнку.

Наколькі праўдападобнай уяўляецца вэрсія, выкладзеная ў публікацыі Robert Lansing institut? Наколькі гэта стасуецца з лёгікай і працэдурамі прыняцьця рашэньняў у Маскве?

Юры Фёдараў
Юры Фёдараў

— На мой погляд, гэта абсалютна праўдападобная інфармацыя. Хаця праверыць яе мы ня можам. Магчыма, калі-небудзь нехта з расейскіх спэцслужбаў пяройдзе на бок Захаду і раскажа дэталі гэтай апэрацыі.

Аб ёй зараз ведае толькі вышэйшае кола кіраўнікоў Расеі, некаторыя асобы ў Беларусі і непасрэдныя выканаўцы.

Ускосныя доказы злачынства дзеляцца на тры катэгорыі: гэта наяўнасьць матыву, наяўнасьць магчымасьці і адсутнасьці алібі.

Матыў зьліквідаваць Лукашэнку ў Пуціна ёсьць. Яны на працягу амаль усяго часу іх узаемадзеяньня ненавідзелі адзін аднаго. Гэта вельмі яскрава праявілася, у прыватнасьці, у інтэрвію Лукашэнкі ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.

Ёсьць і асабовыя матывы, і палітычныя. Лукашэнка да апошняга моманту хацеў быць не расейскім гаўляйтэрам, прызначаным з Масквы, а поўнаўладным уладаром Беларусі.

Гэтыя адносіны крыху зьмяніліся пасьля пачатку расейскай агрэсіі. Лукашэнка стаў хаваць сваё стаўленьне да Пуціна. Але ўсяляк супраціўляўся і супраціўляецца таму, каб беларускае войска непасрэдна ўдзельнічала ў вайне супраць Украіны.

Ён дае беларускую тэрыторыю для расейскіх ракетных комплексаў, якія абстрэльваюць Украіну, ён дае аэрадромы для расейскай авіяцыі, на беларускіх палігонах зараз трэнуюцца каля 10 тысяч расейскіх мабілізаваных.

Але беларускае войска непасрэднага ўдзелу ў вайне не бярэ. І гэта выклікае злосьць у Крамлі. І яна ўзмацняецца з тае прычыны, што справы ў Расеі ідуць ня так, як хочацца ў Маскве.

У Расеі не хапае падрыхтаванай жывой сілы, асабовага складу. Ну, а ў Беларусі ёсьць прынамсі некалькі падрыхтаваных брыгадаў, якія могуць ваяваць супраць Украіны. І яны былі б вельмі дарэчы расейскаму дыктатару.

Другі чыньнік — магчымасьць. Вядома, што расейскія спэцслужбы спрабавалі атруціць і атручвалі шмат палітычных праціўнікаў Пуціна. Гэта Скрыпалі, Навальны. Але мы ня ведаем, колькі было пасьпяховых замахаў. Але і з таго, што вядома, вынікае, што расейскія спэцслужбы здольныя і схільныя выконваць загады Пуціна аб атручэньні палітычных праціўнікаў.

І сапраўды, даволі дзіўнай была сьмерць Уладзімера Макея. Ён быў вядомы як, зразумела, паплечнік Лукашэнкі. Але ў яго ў фашыстоўска-мілітарысцкіх колах у Расеі была рэпутацыя ледзь не галоўнага агента Захаду ў атачэньні Лукашэнкі.

Ён ня быў ні агентам, ні прыхільнікам Захаду, але Лукашэнка выкарыстоўваў свайго міністра, каб падтрымліваць закрытыя кантакты з заходнімі элітамі.

— А раптоўная, магчыма, гвалтоўная сьмерць Макея — яна хутчэй пацьвярджае гэтую вэрсію ці супярэчыць ёй? Калі вы спачатку забіваеце кіраўніка МЗС, пасьля гэтага даволі складана правесьці яшчэ адзін замах. Той, на каго вы рыхтуеце замах, будзе падрыхтаваны і прыкладзе высілкі, каб яго прадухіліць.

— Я не спэцыяліст у замахах. Мае веды заснаваныя на чытаньні мэмуараў адстаўных чэкістаў і на чытаньні добрых шпіёнскіх раманаў Ле Карэ і Фарсайта. Яны абодва служылі ў брытанскай выведцы, так што пісалі пра тое, што ведалі не па чутках.

Давайце ўявім сабе, што Лукашэнка зьліквідаваны рукамі расейскай агентуры. А далей? Бо ўся беларуская намэнклятура, як я разумею, таксама, як і Лукашэнка, падзяляе такі пункт погляду: так, мы хочам захаваць рэжым — дыктатарскі, антычалавечны, жорсткі і г.д. — але мы хочам самі кіраваць Беларусьсю. І ў гэтым ёсьць пэўная лёгіка, таму што, напэўна, першае, што зробіць патэнцыйны пераемнік Лукашэнкі, якога прышлюць з Масквы ці якога прызначыць Масква — гэта будзе чыстка. Прычым чыстка менавіта намэнклятуры, пачынаючы ад найвышэйшых эшалёнаў.

Таму што ў Маскве цудоўна разумеюць, што ня толькі ад аднаго чалавека — няхай ён нават займае найвышэйшую пасаду ў дзяржаве — але вельмі многае (практычна ўсё) залежыць ад таго, наколькі ляяльныя Маскве людзі, што займаюць ключавыя пасады ў кіраўніцтве дзяржапаратам, у кіраўніцтве сілавымі ведамствамі, войскам і г.д.

А для гэтага трэба, як я разумею, зрабіць чыстку, і даволі жорсткую, якая закране, думаю, як мінімум некалькі соцень, а мо і тысячы чалавек, якія займаюць высокія пасады ва ўсіх структурах кіраваньня краінай. Так што гэтыя людзі акурат будуць не ў захапленьні ад таго, што да ўлады прыходзіць нехта па-прамаскоўску настроены і гатовы ўключыць Беларусь у Расею ў якасьці нейкай часткі.

— Тэхнічна расейскія спэцслужбы забіць Лукашэнку, напэўна, могуць. Але гэта будзе мець вялікія і непрадказальныя наступствы. Пра некаторыя вы ўжо сказалі. Калі Лукашэнка так супраціўляецца ўцягваньню беларускага войска ў вайну, гэта значыць, што ня толькі ён гэтага ня хоча, гэтага ня хоча і прынамсі значная частка кіроўнай эліты. Паводле апытаньняў, гэтага катэгарычна ня хоча пераважная частка беларускага грамадзтва.

Два гады таму беларусы паказалі, што яны не такія ціхія і рахманыя, як некаму, магчыма, здавалася.

Зараз Лукашэнка кантралюе ўладны апарат і ў пэўным сэнсе краіну. Уявім сабе на яго месцы Зася. Хто ён для намэнклятуры, хто ён для народа? Мо і ня поўны нуль, але і ня надта ўплывовая фігура. Ці ня можа такая зьмена адкрыць скрыню Пандоры і для расейцаў? Яны ўжо пралічыліся ва Ўкраіне са сваімі прагнозамі ляяльных да іх паводзінаў суседняга народу. Яны могуць гэтак жа памыліцца і зь беларусамі.

Людзі, якія рыхтуюць такія рашэньні ў Крамлі і на Лубянцы, хіба не пралічваюць такіх магчымых наступстваў?

— Мне хацелася б думаць, што там людзі гэта ўзважваюць. Але мы бачым гісторыю з уварваньнем ва Ўкраіну. Я вам шчыра скажу: зыходзячы з такога кшталту разваг, спрабуючы за людзей у Крамлі ўзважваць плюсы і мінусы, я перад вайной прыходзіў да высновы, што Пуцін не пачне ўварваньне. Але атрымалася зусім ня так. Гэта значыць, што Пуцін ня можа рацыянальна ўзважваць наступствы тых рашэньняў, якія ён прымае.

Людзі ў спэцслужбах і ў Крамлі, якія рыхтуюць паперы, арыентуюцца на меркаваньне начальніка. І наўрад ці здольныя прадстаўляць аргумэнты і інфармацыю, якія супярэчаць поглядам Пуціна. І ў гэтым праблема Пуціна і расейскага рэжыму. Як, напэўна, і любога дыктатарскага рэжыму.

Я згодны з вамі, што людзі, якія ў Маскве займаюцца плянаваньнем і ажыцьцяўленьнем такога кшталту спэцапэрацыяў, могуць разумець, што гэта прывядзе да вельмі кепскіх для Расеі наступстваў — магчыма, выбуху незадавальненьня ў Беларусі; магчыма, неабходнасьці вайсковай акупацыі гэтай краіны, што азначае для Расеі адкрыцьцё яшчэ аднаго фронту, што для яе сьмерці падобна. Гэта разумее любы чалавек, здольны рацыянальна разважаць. Але што прыйдзе ў галаву Пуціну — на гэтае пытаньне павінны адказваць псыхіятры, а не палітолягі.

— На ваш погляд, ці ня можа публікацыя ў Robert Lansing institute быць тым, што на жаргоне савецкіх спэцслужбаў называлася «актыўныя мерапрыемствы»? Мэта апэрацыяў такога кшталту — уплыў на паводзіны супернікаў або саюзьнікаў. Дарэчы, у гэтай публікацыі гаворыцца, што варыянт з забойствам Лукашэнкі — асноўны, але ёсьць і пабочны — напалохаць яго пагрозай забойства. Дык, можа, такая публікацыя — гэта і ёсьць рэалізацыя пабочнага варыянту. Часам пагроза мацнейшая і эфэктыўнейшая за яе выкананьне. Так можа быць?

— Так, безумоўна, можа быць. Я б не недаацэньваў здольнасьць да інтрыг людзей, якія сядзяць у Крамлі і на Лубянскай і Смаленскай плошчах Масквы (месцазнаходжаньне ФСБ і МЗС РФ. — РС). Гэта вэрсія, якая мае права на існаваньне. Ёсьць і яшчэ адна вэрсія — што гэта папярэджаньне, зробленае Лукашэнку, але з другога боку. Часам у заходнія мэдыя трапляюць матэрыялы заходніх спэцслужбаў, якія зьяўляюцца пасланьнямі замежным лідэрам.

Скажам, такая публікацыя можа папярэджваць Пуціна: мы ведаем, што вы зьбіраецеся ўжыць хімічную зброю супраць Украіны. Мы публікуем такую інфармацыю, са спасылкай, зразумела, на ананімныя крыніцы. І спэцслужбы Захаду гавораць яму: мы ведаем пра такія вашыя пляны і мы не паверым, калі вы скажаце, што гэта зрабілі ўкраінцы ці нехта яшчэ. Мы ведаем некалькі такіх гісторыяў.

Прадстаўнікі амэрыканскай і брытанскай выведак заяўлялі, што Расея зьбіраецца ўжыць хімічную зброю. І абнародаваньне гэтай інфармацыі дазволіла прадухіліць такія дзеяньні Расеі. Такая гульня таксама можа мець месца. Публікацыя можа быць папярэджаньнем Лукашэнку ад Захаду: паглядзі, што табе рыхтуе твой «закляты сябра», прымі меры. Ня выключана, што ён іх і прыняў, асабліва пасьля не зусім зразумелай сьмерці Макея.

— Юры, як я зразумеў, гэта можа быць папярэджаньнем Лукашэнку ад заходніх спэцслужбаў як аб плянах, якія насамрэч ёсьць у Пуціна, гэтак і аб плянах, якіх у яго няма. Там таксама ёсьць спэцыялісты ў справе «актыўных мерапрыемстваў».

— Так. І гэта магчыма. Быў бы жывы Джон Ле Карэ, мог бы напісаць вельмі цікавы раман на гэтую тэму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG