Алесь Бяляцкі, «Центр громадянських свобод», «Мемориал» атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. ФОТА і ВІДЭА

Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, Ян Рачынскі, Аляксандра Матвійчук пасьля ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру. Осла, 10 сьнежня 2022

Жывая трансьляцыя з Осла, з цырымоніі ўшанаваньня Нобэлеўскай прэміяй міру 2022 году беларускага палітвязьня Алеся Бяляцкага, украінскіх і расейскіх праваабаронцаў.

Алесь Бяляцкі, зьняволены старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», украінская арганізацыя «Центр громадянських свобод», расейская арганізацыя «Мемориал» 10 сьнежня ў Осла атрымліваюць Нобэлеўскую прэмію міру 2022 году за сваю дзейнасць у галіне правоў чалавека ў Беларусі, Украіне і Расеі.

Нобэлеўская цырымонія ў фатаздымках

Афіцыйная трансьляцыя абылася тут:

Палітвязьня Алеся Бяляцкага на цырымоніі ў Осла прадстаўляе ягоная жонка Натальля Пінчук, «Центр громадянських свобод» — Аляксандра Матвійчук, «Мемориал» — Ян Рачынскі.

Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, Ян Рачынскі, Аляксандра Матвійчук на ўручэньні Нобэлеўскай прэміі міру. Осла, 10 сьнежня 2022

Падчас цырымоніі

Натальля Пінчук выступае з Нобэлеўскай лекцыяй Алеся Бяляцкага

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля Пінчук

Алесь Бяляцкі — трэці чалавек, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, знаходзячыся за кратамі.

Алесь Бяляцкі з 14 ліпеня 2021 году знаходзіцца ў няволі разам са сваімі паплечнікамі Валянцінам Стэфановічам, Уладзем Лабковічам і больш як 1500 іншымі беларускімі палітвязьнямі. Бяляцкага абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» у 2016–2020 гадах і «фінансаваньні актыўных групавых дзеяньняў, які груба парушалі грамадзкі парадак» падчас масавых акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Праваабаронцу пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Чакаецца перадача ягонай справы ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падтрымаць Алеся Бяляцкага: расказваем, дзе ў розных краінах глядзець онлайн-трансьляцыю ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру

Старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту: асабліва мы думаем пра Алеся Бяляцкага, які ў цёмнай турэмнай камэры

На пачатку цырымоніі старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Бэрыт Рэйс-Андэрсэн у прысутнасьці каралеўскай сям’і Нарвэгіі заявіла:

«Сёньня я адчуваю вялікае задавальненьне ад прызнаньня Алеся Бяляцкага, таварыства „Мемориал“ і „Центра громадянських свобод“ чэмпіёнамі барацьбы за мір, якія рознымі сродкамі, але дзеля агульнай мэты, прынесьлі найвялікшую карысьць чалавецтву.

За гэта кожнаму з іх належыць траціна Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год. Абвяшчаючы наша рашэньне ў кастрычніку, Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт падкрэсьліў, што ўсе тры ляўрэаты адстойвалі права крытыкаваць уладу і абаранялі асноўныя правы грамадзянаў. Яны прыклалі велізарныя намаганьні для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў, парушэньняў правоў чалавека і злоўжываньня ўладай. Разам яны дэманструюць значэньне грамадзянскай супольнасьці для міру і дэмакратыі».

Пра Алеся Бяляцкага Бэрыт Рэйс-Андэрсэн заявіла:

«Улады Беларусі на працягу многіх гадоў спрабавалі прымусіць яго замаўчаць. Яго перасьледавалі. Яго арыштоўвалі і кідалі ў вязьніцу. Ён быў пазбаўлены працы. Спадар Бяляцкі па прафэсіі літаратуразнаўца, і словы ягоныя былі зброяй з тых часоў, калі ён быў адным з пачынальнікаў руху за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі ў 1980-х гадах. Ён заснавальнік „Вясны“, якая спачатку дакумэнтавала злоўжываньні ўлады ў дачыненьні да пратэстоўцаў, але хутка ператварылася ў праваабарончую арганізацыю».

«На працягу больш як 20 гадоў „Вясна“ дакумэнтавала злоўжываньні і катаваньні ў дачыненьні да актывістаў і палітычных праціўнікаў дыктатуры ў Беларусі. Арганізацыя выяўляе ахвяраў, адсочвае, дзе яны адбываюць пакараньне, і сочыць за абыходжаньнем зь імі. „Вясна“ хоча зрабіць так, каб зьніклыя ахвяры не былі забытыя».

«У ліпені 2021 году ва ўсіх офісах „Вясны“ прайшлі ператрусы, а яе кіраўнікі былі арыштаваныя. У гэты момант нашы думкі з усімі вязьнямі сумленьня ў Беларусі. Асабліва мы думаем пра Алеся Бяляцкага ў яго цёмнай і ізаляванай турэмнай камэры ў Менску: вы не самотныя, мы з вамі. Мы дзякуем вашай жонцы, Натальлі Пінчук, якая зараз атрымае залаты мэдаль і дыплём ад вашага імя».

Пра «Мемориал» Бэрыт Рэйс-Андэрсэн заявіла:

«Цяпер вельмі важна, каб унікальныя архівы „Мемориала“ пра мінулыя і цяперашнія злачынствы дзяржавы былі захаваныя для будучыні. Мы таксама павінны зрабіць усе, каб каб галоўны ўрок 35-гадовай барацьбы „Мемориала“ за праўду ніколі не былі забытыя: праз выкрыцьцё цёмных бакоў нашай гісторыі мы маем магчымасьці вынесці ўрокі зь мінуўшчыны і прадухіліць паўтарэньне памылак. „Мемориал“ быў поўны рашучасьці расказаць сапраўдную гісторыю злоўжываньняў, прыгнёту і ваенных злачынстваў. Тыя, хто гаворыць праўду пра гэта, на жаль, у сённяшняй Расеі ўспрымаюцца як ворагі дзяржавы.

Для нас вялікі гонар вітаць тут старшыню „Мемориала“ Яна Рачынскага. Яго лёзунг гучыць так: „Ніхто не плануе здавацца“».

Пра «Центр громадянських свобод» Бэрыт Рэйс-Андэрсэн заявіла:

«Пасьля таго, як Віктар Януковіч быў адхілены ад пасады ў лютым 2014 года і Расея зьдзейсьніла незаконную анэксію Крыму, „Центр громадянських свобод“ скіраваў сваю ўвагу на сытуацыю з правамі чалавека там і на акупаваным Данбасе. Як першая праваабарончая група, якая накіравала мабільныя групы маніторынгу ў Крым і на Данбас, „Центр громадянських свобод“ складаў сьпісы палітычных зьняволеных і парушэньняў правоў чалавека, якія далей перадаваліся іншым нацыянальным і міжнародным праваабарончым арганізацыям і супольна ўдакладняліся.


Аднойчы, калі ваенныя дзеяньні спыняцца, Украіна будзе працягваць свае намаганьні па разьвіцьці дэмакратыі і вяршэнства права, „Центр громадянських свобод“ мае намер быць у авангардзе гэтых працэсаў».

Бяляцкі: прэмія належыць дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі празь зьбіцьцё, катаваньні, арышты, турму

Натальля Пінчук на цырымоніі ўзнагароджаньня Нобэлеўскай прэміяй міру 2022 году ў Осла прадстаўляе ляўрэата Алеся Бяляцкага, які ўжо паўтара года за кратамі ў Беларусі і таму ня змог прыехаць.

Натальля Пінчук выступіла на цырымоніі ў Осла з нобэлеўскай лекцыяй ейнага мужа Алеся Бяляцкага.

Натальля Пінчук зьвярнулася да нарвэскай каралеўскай сям’і, сяброў Нобэлеўскага камітэту, усіх прысутных з падзякай за рашэньне Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту, «рашэньне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасьці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разьлічваць на дэмакратычную салідарнасьць у барацьбе за свае правы». Натальля Пінчук падзякавал ўсім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і яго справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер, павіншавала з прэміяй украінскі „Центр громадянських свобод“ і расейскі «Мемориал».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі — гэта і ёсьць Беларусь. Уражаньні ад нобэлеўскай лекцыі

«Алесь і ўсе мы ўсьведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расеі супраць Украіны».

«Ня толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зьняволеных за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаны ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасьцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасьцярогай, бо сёньняшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасьці і незалежнасьці».

«На жаль, улада з грамадзтвам размаўляе толькі пры дапамозе сілы — гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаваньняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялёг няма размовы. Перасьледуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сыстэмы, асабліва для тых, хто марыў быць свабоднымі людзьмі!»

Натальля Пінчук згадала паплечнікаў Алеся Бяляцкага, якіх таксама арыштавалі за дэмакратычныя перакананьні і праваабарончую дзейнасьць: у вязьніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя.

Натальля сказала, што Алесь Бяляцкі ня змог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён на кароткім спатканьні пасьпеў сказаць ёй літаральна пару сказаў. Гэтыя словы і думкі Алеся, выказаныя ім раней, і склалі аснову нобэлеўскай лекцыі Бяляцкага аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды.

Між іншага Натальля Пінчук перадала словы Алеся Бяляцкага:

«Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолягі, прафсаюзныя лідэры, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў... Суды працуюць як канвэер, асуджаных развозяць па калёніях, а новыя хвалі палітзьняволеных займаюць іх месца.

Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадзкім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі празь зьбіцьцё, катаваньні, арышты, турму.

Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэсьлівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідзе вайна іншага кшталту». Што сказала на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру жонка Алеся Бяляцкага. ВІДЭА

Матвійчук: Мы павінны стварыць міжнародны трыбунал і прыцягнуць Пуціна, Лукашэнку ды іншых злачынцаў да адказнасьці

Украінскую праваабарончую арганізацыю Цэнтар грамадзянскіх свабодаў на цырымоніі ў Осла прадставіла Аляксандра Матвійчук, якая расказала пра злачынствы Расеі падчас яе агрэсіўнай вайны ва Ўкраіне і заклікала да адказнасьці:

«Мы атрымліваем Нобэлеўскую прэмію міру падчас вайны, разьвязанай Расеяй. Гэтая вайна доўжыцца восем гадоў, 9 месяцаў і 21 дзень. Для мільёнаў людзей гэта стала звычайнай справай такія словы, як „абстрэл“, „катаваньні“, „дэпартацыя“, „фільтрацыйныя лягеры“.

Але такіх слоў няма, каб перадаць боль маці, якая страціла нованароджанага сына пасьля расстрэлу радзільні. Яна проста абдымала сваё дзіця, называла яго па імені, карміла грудзьмі, удыхала яго пах — і раптам расейская ракета зьнішчыла ўвесь яе сьвет. А цяпер ейная мара і жаданае дзіця ляжыць у самай маленькай труне ў сьвеце.

Аляксандра Матвійчук. Осла, 10 сьнежня 2022

Неабходна перастаць маскаваць адкладзеныя ваенныя пагрозы пад „палітычныя кампрамісы“. Дэмакратычны сьвет прывык ісьці на саступкі дыктатурам. І таму гатоўнасьць такая важная ўкраінскаму народу супрацьстаяць расейскаму імпэрыялізму... Мы не пакінем людзей на акупаванай тэрыторыі на сьмерць і катаваньні. Жыцьцё людзей ня можа быць „палітычным кампрамісам“. Змагацца за мір — гэта не паддавацца націску агрэсара, а абараняць людзей ад яго жорсткасьці.

У гэтай вайне мы змагаемся за свабоду ва ўсіх яе сэнсах. І мы плацім за гэта самую высокую цану. Мы, грамадзяне Ўкраіны ўсіх нацыянальнасьцяў, не павінны абмяркоўваць іх права на сувэрэннай і незалежнай Украінскай дзяржавы і разьвіцьця ўкраінскай мовы і культуры. Як людзі, мы не павінны ісьці на кампраміс з правам вызначаць сваю ідэнтычнасьць і зрабіць дэмакратычны выбар.

Гэта не вайна паміж дзьвюма дзяржавамі, гэта вайна паміж дзьвюма сыстэмамі — аўтарытарызмам і дэмакратыяй. Мы змагаемся за магчымасьць пабудаваць дзяржаву, у якой абаронены правы кожнага чалавека, улада адказная, суды незалежныя, а міліцыя не разьбівае мірныя студэнцкія дэманстрацыі цэнтральнай плошчы сталіцы».

«Права не працуе, але гэта не бясконца. Нам належыць разарваць кола беспакаранасьці і зьмяніць падыходы пра правасудзьдзя за ваенныя злачынствы... Мы дагэтуль глядзім на сьвет праз прызму Нюрнбэрскага трыбуналу, дзе ваенных злачынцаў засудзілі, калі нацысцкі рэжым паў. Але справядлівасьць ня мае залежаць ад стойкасьці аўтарытарных рэжымаў, зрэшты, мы жывём у новым стагодзьдзі.

Правасудзьдзе ня мае чакаць. Нам трэба даць шанец на справядлівасьць усім пацярпелым людзям... Мы павінны стварыць міжнародны трыбунал і прыцягнуць Пуціна, Лукашэнку ды іншых ваенных злачынцаў да адказнасьці».

Рачынскі: Пасьля бамбаваньняў Грознага зьнішчэньне Марыюпаля ня стала чымсьці прынцыпова новым

Расейскую праваабарончую арганізацыю «Мемориал» на цырымоніі ў Осла прадстаўляе Ян Рачынскі, які заявіў пра злачынствы супраць чалавека і супраць чалавечнасьці, якія ўчыніла або чыніць дзяржаўная ўлада.

«І першапрычыну гэтых злачынстваў мы бачым у сакралізацыі дзяржаўнай улады як вышэйшай каштоўнасьці, у абвяшчэньні абсалютнага прыярытэту таго, што гэтай улады заўгодна лічыць „дзяржаўнымі інтарэсамі“, над асобай, яе свабодай, добрай якасьцю і правамі. Гэтая перакуленая сыстэма каштоўнасьцяў, у якой людзі — толькі расходны матэрыял для вырашэньня дзяржаўных задач, панавала ў нашай краіне семдзесят гадоў.

Адно зь відавочных наступстваў сакралізацыі дзяржавы — адраджэньне імпэрскіх амбіцый. Праявай гэтага ў пачатку Другой сусьветнай вайны сталі напады на Польшчу і Фінляндыю, захоп краін Балтыі, анэксія Бэсарабіі і Паўночнай Букавіны. Пасьляваенны дыктат у дачыненьні да краін Усходняй Эўропы, уварваньні ў Вугоршчыну ў 1956-м і Чэхаславаччыну ў 1968-м, вайна ў Афганістане — праява тых жа амбіцый, якія жывыя і сёньня.

Натальля Пінчук, Ян Рачынскі, Аляксандра Матвійчук. Осла, 10 сьнежня 2022

Іншае наступства — беспакаранасьць ня толькі тых, хто прымае злачынныя палітычныя рашэньні, але і тых, хто зьдзяйсьняе злачынствы пры іх выкананьні.

Беспакаранымі і нават не расьсьледаванымі застаюцца бяссудныя пакараньні, забойствы мірных жыхароў, катаваньні і марадэрства. Мы бачылі гэта ў ваенных дзеяньнях у Чачэніі, мы бачым гэта і сёньня на захопленай тэрыторыі Ўкраіны. Пасьля бамбаваньняў Грознага зьнішчэньне Марыюпалю ня стала чымсьці прынцыпова новым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гаворыць, што думае, і жыве так, як гаворыць». Нобэлеўскія ляўрэаткі з Расеі і Ўкраіны — пра Бяляцкага

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.