«Трансьлітарацыя – гэта патрабаваньне закону». Чыноўнік патлумачыў, што ад лацінкі ў Беларусі не адмаўляюцца

Паказальнік на музэй Адама Міцкевіча ў Наваградку, 1998

Сёньня адбылося пасяджэньне Савету па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі. Як заявіў кіраўнік адміністрацыі Ігар Сергеенка, плянавалася разгледзець пытаньне трансьлітарацыі геаграфічных назваў і найменьняў вуліц з выкарыстаньнем расейскай мовы.

Пазьней яго заявы былі выдаленыя з сайту БЕЛТЫ.

Сытуацыю з пытаньнем трансьлітарацыі спрабаваў патлумачыць кіраўнік Дзяржкаммаёмасьці Дзьмітры Матусевіч.

«У нас ёсьць заканадаўчае патрабаваньне праводзіць працу па пераназваньні беларускіх найменьняў для іншаземцаў, якія наведваюць нашую краіну, літарамі лацінскага альфабэту, — цытуе Матусевіча дзяржаўнае агенцтва. — У выніку будуць выпрацаваныя пэўныя рашэньні. Але трансьлітарацыю як зьяву гэта не адменіць у любым выпадку. Безумоўна, яна будзе выкарыстоўвацца ў картаграфічных назвах для іншаземцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады абмяркоўваюць зьмену трансьлітарацыі назваў гарадоў, вуліц зь беларускай на расейскую мову

Некаторыя СМІ ў сувязі з гэтым пытаньнем прыводзілі выказваньне гісторыка з Магілёву Мікалая Барысенкі, які ў газэце «СБ. Беларусь сегодня» даваў зразумець, што трансьлітарацыю беларускіх назваў трэба рабіць з расейскай мовы, а афіцыйна зацьверджаная лацінская трансьлітарацыя павінна быць адмененая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму БелТА і «Беларусь-24» трансьлітаруюць геаграфічныя назвы з расейскай мовы