Пракуратура назвала найбуйнейшы хабар у Беларусі. Карупцыйных злачынстваў сёлета выявілі на траціну больш, чым летась

Партманэт з эўра і далярамі. Ілюстрацыйнае фота

Сёлета колькасьць выяўленых карупцыйных злачынстваў у Беларусі павялічылася на 35% у параўнаньні зь леташнім годам, заявіў начальнік упраўленьня барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генэральнай пракуратуры Ігар Грэйба.

Аднак, паводле яго, гэта сьведчыць толькі пра павышэньне эфэктыўнасьці выяўленьня такіх злачынстваў

Прадстаўнік пракуратуры заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што пабольшала выяўленых фактаў хабарніцтва, злоўжываньняў і перавышэньняў улады, службовых крадзяжоў. Больш за ўсё карупцыйных злачынстваў учынена ў сфэрах сельскай гаспадаркі, прамысловасьці, транспарту, мэдыцыны, адукацыі.

«Матэрыяльны ўрон ад карупцыйных злачынстваў склаў 19 млн рублёў і кампэнсаваны практычна напалову», — сказаў Грэйба. Кампэнсацыю ўсёй шкоды павінна забясьпечыць арыштаваная маёмасьць хабарніка.

Найбольшы хабар, зафіксаваны ў матэрыялах крымінальных справаў у 2022 годзе, склаў 1 млн даляраў. Грэйба не ўдакладніў, хто атрымаў хабар, за што і ад каго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Transparency International: У Беларусі пачынаецца «вялікая карупцыя»

Тымчасам пракуратура пахвалілася сваім найлепшым дасягненьнем: замест турмы за карупцыйныя злачынствы — штраф.

Увядзеньне адміністрацыйнай адказнасьці юрыдычнай асобы за карупцыйныя злачынствы Генэральная пракуратура лічыць найбольш значнай сваёй заканадаўчай ініцыятывай за апошнія гады, заявіў Ігар Грэйба.

Арт. 24.59 КаАП (незаконная ўзнагарода ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы) уведзены ў дзеяньне з 2021 году.

«Адказнасьць (Штраф. — РС), прадугледжаная за перадачу незаконнай узнагароды ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы, складае да 200% кошту перададзеных матэрыяльных каштоўнасьцяў, але ня менш як 50 базавых велічыняў (на сёньня 1,6 тыс. рублёў)», – падкрэсьліў прадстаўнік пракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цяпер як Сэнэгал. Беларусь крыху палепшыла пазыцыю ў індэксе ўспрыняцьця карупцыі

У 2022 годзе ўжо накладалі адміністрацыйныя спагнаньні на суб’екты гаспадараньня, службовыя асобы якіх асуджаныя за дачу хабару, удакладніў ён.

«Лічым, што названая навэля заканадаўства стане адным з эфэктыўных мэханізмаў папярэджаньня карупцыйных праяваў», — заключыў Грэйба.

  • Летась у штогадовым рэйтынгу Corruption Perceptions Index 2021 («Індэкс успрыманьня карупцыі»), які складае арганізацыя Transparency International Беларусь была на 82 месцы.
  • Жорсткія рэпрэсіі ўлады ў адказ на агульнанацыянальныя пратэсты ў сувязі з фальсыфікацыямі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году прывялі да задушэньня свабоды слова і мірных сходаў, гаворыцца ў прэс-рэлізе TI ў сувязі з публікацыяй справаздачы. Падкрэсьліваецца, што ў выніку зьнішчэньня сыстэмы дэмакратычных стрыманьняў і супрацьвагаў у краіне цяпер пачынаецца «вялікая карупцыя» (grand corruption), зьвязаная з найвышэйшымі палітычнымі элітамі.
  • Рэпрэсіі супраць людзей, апазыцыйна настроеных да ўладаў у Беларусі, ставяцца ў справаздачы ў адзін шэраг з гвалтам супраць пратэстоўцаў у Судане і забойствам праваабаронцаў на Філіпінах.
  • У справаздачы ТІ-2020 адзначалася, што высокая карупцыя канцэнтруецца ў Беларусі на найвышэйшым узроўні дзяржаўнага кіраваньня.
  • Паводле Transparency International, прэзыдэнцкая ўлада ў Беларусі ажыцьцяўляецца практычна без кантролю з боку заканадаўчай і судовай уладаў, эканоміка ў асноўным кантралюецца дзяржавай. Справаздача спасылаецца на выснову экспэртаў Рады Эўропы, якія абвясьцілі, што Беларусь не правяла пераважную большасьць неабходных антыкарупцыйных рэформаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падробка дакумэнтаў, шэрыя схемы. Як заходняя зброя трапляе да беларускіх сілавікоў