У канцы 2021 году экспэрты Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) апублікавалі даклад, прысьвечаны выкарыстаньню беларускімі сілавікамі зброі супраць мірных дэманстрантаў. Аўтары дасьледаваньня сьцьвярджаюць: нягледзячы на эмбарга 2011 году, беларускія спэцслужбы валодаюць узбраеньнем і спэцсродкамі найноўшых заходніх узораў. Гэта можа сьведчыць як пра існаваньне альтэрнатыўных каналаў паставак, так і пра тое, што заходнія вытворцы абыходзяць санкцыі, накладзеныя на Беларусь яшчэ пасьля выбараў 2010 году.
Цалкам тэкст справаздачы можна пабачыць тут. Яго аўтары ў размове са Свабодай расказалі, як рыхтаваўся дакумэнт, а таксама патлумачылі, чаму беларускія сілавікі ня могуць цалкам адмовіцца ад заходняй зброі.
Сілавікі могуць прымяняць зброю падчас пратэстаў, але ня так, як гэта было ў Беларусі
«Асноўны фокус дакладу — незаконны экспарт зброі, — кажуць экспэрты FIDH. — Мы павінны былі расказаць пра яе ўжываньне супраць мірных пратэстоўцаў, парушэньні міжнародных нормаў і правоў чалавека, для таго каб паказаць кантэкст, у якім прымяняецца экспартаваная зброя. FIDH і раней рыхтаваў даклады пра экспарт зброі і прымяненьне яе сілавікамі ў краінах прызначэньня. Апошнія даклады на гэтую тэму былі ў адносінах да Эгіпту і Емэна. Што тычыцца прымяненьня зброі сілавікамі ў іншых краінах, у нас ёсьць даклад аб пратэстах у Расеі ў жніўні 2019 году».
Па словах экспэртаў, праца над дакумэнтам заняла прыкладна шэсьць месяцаў. У яе аснову леглі публікацыі беларускіх недзяржаўных СМІ, фота і відэа, зробленыя падчас пратэстаў 2020 году ў Беларусі, справаздачы Эўразьвязу аб штогадовым экспарце ўзбраеньняў. Акрамя праваабаронцаў, над тэкстам працавалі тэхнічныя экспэрты арганізацыі Omega Research Foundation — незалежнай брытанскай арганізацыі, якая займаецца экспэртызай узбраеньняў і паліцэйскага абсталяваньня.
«Мы параўноўвалі прымяненьне зброі, сьмяротнай і менш сьмяротнай, зь міжнароднымі стандартамі прымяненьня сілы для падтрыманьня правапарадку, а ня з практыкай іншых краін, — расказалі ў FIDH. — Наогул спасылацца на практыку іншых краін ня мае сэнсу, бо паасобныя яе праявы таксама могуць парушаць міжнароднае права. І калі сапраўды адбываюцца парушэньні з боку органаў правапарадку ў краінах ЭЗ, то дзяржава нясе за гэта адказнасьць у міжнародных судах, у тым ліку ў ЭСПЧ».
Па словах праваабаронцаў FIDH, паводле міжнародных стандартаў сілавікі могуць прымяняць сілу і нават спэцсродкі падчас правядзеньня мірных акцый пратэсту, калі нехта зь іх удзельнікаў пачынае праяўляць агрэсію і дзейнічае супрацьзаконна. Аднак у такіх выпадках сілавікі маюць права дзейнічаць толькі ў дачыненьні да такіх асобаў, а не да ўсіх пратэстоўцаў у цэлым, як было ў Беларусі.
«Супраць асобных агрэсіўных удзельнікаў мірнай у цэлым акцыі паліцыя прымяняе сілу, у тым ліку сьлезацечны газ або гумовыя кулі, — кажуць у FIDH. — І калі прымяненьне сілы адбываецца з парушэньнем міжнародных стандартаў, у ахвяр паліцэйскага гвалту ёсьць магчымасьць зьвярнуцца ў суд, і вінаватыя будуць асуджаныя, а той, хто перажыў гвалт, атрымае кампэнсацыю... Гэта ашаламляльна адрозьніваецца ад практыкі ў Беларусі, дзе арганізатары мірных сходаў, па-першае, павінны атрымліваць дазвол на іх правядзеньне, што не адпавядае міжнародным нормам. А па-другое, мірныя акцыі разганяюцца абсалютна безь якіх-небудзь законных на гэта падстаў з ужываньнем жорсткага гвалту, гэта значыць нелегальнай і непрапарцыйнай сілы».
Адна са згаданых заходніх кампаній-вытворцаў зброі ўжо прыцягвалася да адказнасьці
У дакладзе, падрыхтаваным Міжнароднай фэдэрацыяй абароны правоў чалавека, згадваюцца некаторыя заходнія кампаніі, чыя зброя і спэцсродкі маглі выкарыстоўвацца для разгону мірных пратэстаў у Беларусі. Гэта італьянскія Fabarm і Benelli, швайцарска-нямецкая SIG Sauer і іншыя. Зброю гэтых вытворцаў экспэрты FIDH ідэнтыфікавалі на фота, зробленых у Беларусі летам і восеньню 2020 году. Прычым праваабаронцы сьцьвярджаюць, што пастаўкі заходніх узбраеньняў у Беларусь маглі адбывацца і пасьля ўвядзеньня эмбарга на гэта ў 2011 годзе. У адказах на звароты праваабаронцаў у кампаніях-вытворцах сувязь зь беларускімі ўладамі адмаўляюць. Аднак у FIDH абяцаюць працягнуць расьсьледаваньне і прыцягнуць заходнія кампаніі да адказнасьці, калі тыя насамрэч супрацоўнічаюць са спэцслужбамі Беларусі.
«FIDH плянуе зьвярнуцца ў адпаведныя структуры ЭЗ, каб дабіцца расьсьледаваньня выпадкаў парушэньня экспартных нормаў ЭЗ, зафіксаваных у дакладзе, — кажуць праваабаронцы. — Са згаданых у дакладзе кампаній як мінімум кампанія Sig Sauer была ў 2019 годзе прыцягнута да суду за парушэньне нормаў экспарту зброі, і кіраўніцтва кампаніі панесла за гэта адказнасьць. Размова тады ішла пра парушэньне нямецкага экспартнага заканадаўства ў галіне кантролю за зброяй пры пастаўцы зброі ў Калюмбію праз ЗША. Кампанія схавала ад нямецкіх уладаў фінальную краіну прызначэньня, гэта значыць Калюмбію».
Праблема ў тым, кажуць экспэрты FIDH, што расьсьледаваньні фактаў парушэньня санкцый могуць займаць шмат гадоў, і іх складана давесьці да суду. У выпадку зь нямецкай Sig Sauer, напрыклад, расьсьледаваньне працягвалася чатыры гады. У 2019 годзе ўдалося прыцягнуць да адказнасьці кампанію Euroturbine BV, якая ў абыход санкцый праз пасярэднікаў у некалькіх краінах займалася пастаўкамі газатурбіннага абсталяваньня зь Нідэрляндаў у Іран.
Заходняй зброяй карыстаюцца САХР (СОБР), «Альфа» КДБ, «Алмаз» МУС, ГУБАЗіК
«Схемы, якія кампаніі выкарыстоўваюць, каб абысьці эмбарга ЭЗ на пастаўкі зброі ў адносінах да Беларусі, падобныя да тых, што былі выкарыстаныя ў іншых краінах, — кажуць у FIDH. — Кампаніі-вытворцы зброі падрабляюць экспартныя дакумэнты або паказваюць транзытныя краіны ў якасьці краіны фінальнага прызначэньня. Яны таксама ствараюць даччыныя кампаніі ў краінах, дзе кантроль за экспартам зброі не такі сур’ёзны, як у ЭЗ. У гэтых апэрацыях таксама часта задзейнічаныя карумпаваныя чыноўнікі».
Праваабаронцы кажуць, што такія ж схемы былі выкарыстаныя, каб абысьці эмбарга і нацыянальныя сыстэмы кантролю за экспартам зброі, для паставак у Іран, Лібэрыю, Лібію, Сырыю і іншыя «гарачыя пункты». Па словах экспэртаў, органам правапарадку зацікаўленых краін гэтыя схемы вядомыя, таму ёсьць верагоднасьць таго, што ў адносінах да Беларусі расьсьледаваньні будуць ініцыяваныя і прывядуць да посьпеху.
Экспэрты FIDH спасылаюцца на ранейшы даклад iSans, паводле якога каля 90% зброі, якую выкарыстоўвалі ў 2020 годзе беларускія сілавікі, было закуплена ў Расеі.
«Пры гэтым спэцыяльныя сілавыя падразьдзяленьні, такія як САХР (СОБР), „Альфа“ КДБ, „Алмаз“ МУС, ГУБАЗіК, выкарыстоўвалі ці мелі пры сабе зброю, вырабленую ў краінах ЭЗ і ЗША, — кажуць экспэрты FIDH. — Пра якую мы, уласна, пішам у сваім дакладзе. Існуе меркаваньне, што заходняя зброя больш дакладная, таму менавіта яе закупляюць для „элітных“ падразьдзяленьняў. Ну, і яшчэ можна ўлічваць жаданьне беларускіх уладаў дывэрсыфікаваць пастаўкі».
Адным з магчымых калідораў для паставак заходняй зброі ў Беларусь у дакладзе FIDH называецца Малдова. Па словах праваабаронцаў, гэтую краіну заходнія вытворцы ўзбраеньняў і беларускія сілавікі могуць выкарыстоўваць зь некалькіх прычын.
«Малдова не далучылася да эмбарга ЭЗ, заканадаўства Малдовы не дазваляе эфэктыўна кантраляваць брокерскую дзейнасьць па продажы зброі трэцім краінам, — кажуць экспэрты. — Пагранічны кантроль таксама, відаць, ня мае дастатковых рэсурсаў. Карупцыя ў гэтай сфэры носіць эндэмічны характар. Таму вэрсія з Малдовай дастаткова праўдападобная. Але ёсьць і іншыя краіны, празь якія маглі працягвацца пастаўкі зброі пасьля 2011 году. У прыватнасьці, ААЭ».
У FIDH спадзяюцца, што даклад аб выкарыстаньні беларускімі сілавікамі зброі заходніх кампаній дазволіць прыцягнуць да гэтага ўвагу ўладаў Эўразьвязу. А ў выніку прывядзе да расьсьледаваньняў і поўнай адмовы ад паставак. Паўплываць на гэта ня зможа і тое, што ў Беларусі з 2021 году афіцыйна дазволена ўжываць супраць удзельнікаў пратэстаў сьмяротную зброю.
«Зьмена нацыянальнага заканадаўства ў Беларусі не ўплывае на той факт, што ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права прымяняць зброю супраць пратэстоўцаў забаронена, — кажуць у FIDH. — Як мы паказваем у сваім дакладзе, «у кантэксьце пераважна мірных пратэстаў нявыбарачнае выкарыстаньне зброі менш сьмяротнага дзеяньня, такой як сьлезацечны газ, сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты, апрыёры зьяўляецца незаконным. Ужываньне агнястрэльнай зброі для разгону сходаў заўсёды незаконнае».