З пачаткам вайны рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся, праз гэта вельмі цяжка адсочваць экалягічную сытуацыю ў розных рэгіёнах краіны, кажуць эколягі.
«Дзейнасьць экалягічных актывістаў, якія хоць неяк кантралявалі сытуацыю, дзейнасьць „Экадому“ цяпер немагчымая у Беларусі. Мы можам толькі глядзець на афіцыйныя зьвесткі, якія публікуюцца, але да якіх няма даверу. Аб’ектыўна ацаніць экалягічную сытуацыю ў Беларусі вельмі складана. Цяпер людзі, якія хочуць абараніць дрэвы, едуць на „суткі“, да іх прыходзіць АМАП. Таму пра сытуацыю на месцах вельмі складана што-небудзь даведацца. Людзі, заклапочаныя навакольным асяродзьдзем, сталі менш актыўныя, бо турбуюцца пра сваю бясьпеку», — кажа Ірына Сухій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь Беларусі выяжджаць не пляную». Экалягічны актывіст зь Берасьця тлумачыць, як трапіў пад арыштІрына адзначае, што экалягічная сытуацыя ў Беларусі стала моцна пагаршацца не з пачаткам вайны, а з пачаткам палітычнага крызісу і мігранцкага крызісу на межах з Эўразьвязам.
«Мігранты ўздоўж мяжы секлі дрэвы, палілі вогнішчы. Уся гэтая сытуацыя прывяла да таго, што Літва, Польшча, усе краіны будуюць ці ўжо пабудавалі платы (на мяжы зь Беларусьсю. — РС). Гэта вельмі дрэнна для захаваньня біяразнастайнасьці. Цяпер папуляцыі падзеленыя, а калі жывёлы ня могуць зьмешвацца, гэта вядзе да дэградацыі генафонду. Мяжа з Украінай замінаваная. Жывёлы там могуць падарвацца на мінах».
«Калі няма грамадзкага кантролю, сытуацыі з выкідамі будуць утойваць, што небясьпечна для здароўя людзей»
Вельмі сур’ёзная праблема ўзьнікла праз тое, што расейскія войскі заходзілі на забруджаную тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС, перакананая Ірына Сухій.
«Яны паезьдзілі па моцна забруджанай тэрыторыі АЭС і вярнуліся ў Беларусь. Іх ніхто не правяраў, ніхто не правяраў тэхніку, якая прыехала на беларускую тэрыторыю, ніхто не заняўся гэтым маніторынгам. Яны маглі прывезьці з сабой небясьпечныя часьціцы, радыянукліды. Гэтым ніхто не заклапочаны. Акрамя таго, у нас зьліквідавалі дзяржаўны камітэт, які займаўся пытаньнямі Чарнобыля, кажучы, што чарнобыльскія наступствы пераадоленыя і цяпер ня трэба за гэтым сачыць», — гаворыць Ірына.
Ухіл дзяржаўнай палітыкі будзе ўзмацняцца ў бок эканамічных праблемаў у процівагу экалягічным, перакананая эколяг.
«У нас і да вайны былі праблемы, бо прадпрыемствам было таньней заплаціць штраф за якія-небудзь выкіды, чым знайсьці грошы для дадатковых ачышчальных сыстэмаў. Калі няма грамадзкага кантролю, сытуацыі з выкідамі будуць утойваць. Гэта небясьпечна для здароўя людзей, а ня толькі для навакольнага асяродзьдзя. Калі раней Беларусь рабіла вялікія намаганьні, каб вытворчасьці сталі больш энэргаэфэктыўныя, то цяпер, паводле афіцыйнай статыстыкі, адваротны працэс: энэргаёмістасьць вытворчасьцяў з 2020 па 2021 год павялічылася».
«Адбудзецца сурʼёзны адкат назад у стане навакольнага асяродзьдзя»
Вялікую ролю ў працэсе ўзмацненьня экалягічных праблемаў адыгрывае тое, што цяпер няма доступу да эўрапейскай дапамогі ў галіне навакольнага асяродзьдзя, праектаў ААН, адзначае Ірына. Таксама эколяг лічыць, што зараз складана ацаніць, колькі часу спатрэбіцца на разьвязаньне экалягічных праблемаў, якія ўтварыліся праз палітычны крызіс у Беларусі і вайну ва Ўкраіне.
«Можна быць упэўненым, што дзяржава ня будзе ўкладаць грошы ў экалёгію, і ўсё будзе дэградаваць, —— заўважае Ірына. — Вось жа і раней было ня вельмі, але былі хаця б нейкія міжнародныя мэханізмы, якія стымулявалі, прыцягвалі грамадзкае прыняцьце рашэньняў. Цяпер гэтых мэханізмаў няма, няма нейкага ціску звонку. І я думаю, што ў нас адбудзецца сурʼёзны адкат назад у сытуацыі са станам навакольнага асяродзьдзя. А зразумець, колькі часу нам спатрэбіцца, мы зможам толькі маючы доступ да зьвестак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктару дома культуры, які залез на дрэва, каб абараніць дубы на Палесьсі, далі яшчэ 15 дзён арышту