У красавіку Свабода параўноўвала цэны ў менскіх крамах «Эўраопт», «Гіппа», «Green» з цэнамі ў літоўскіх, польскіх і нямецкіх крамах. Праз восем месяцаў мы вярнуліся ў тыя ж менскія крамы і паглядзелі, як зьмяніліся цэны. За гэты час некаторыя прадукты — такія, як бульба, памідоры, грэцкі арэх — патаньнелі. Такія прадукты, як кава, аліўкавы алей, паста Nutella, цукеркі Raffaello, а таксама шампуні і зубная паста значна вырасьлі ў цане.
Значна патаньнела
Падзеньне цэнаў на гародніну ў параўнаньні з красавіком зьвязваюць з сэзоннасьцю і добрым ураджаем сёлета.
Нязначна патаньнела
Цэны на харчовыя тавары, якія вырабляюцца ў Беларусі, упалі, бо ў 2022 годзе ў краіне быў вельмі добры ўраджай, значна лепшы, чым у 2021-м.
У пачатку вайны (у сакавіку-красавіку) цэны падымаліся настолькі, наколькі рынак лічыў апраўданым. Рызыкі вырасьлі, таму цэны пачалі расьці з аб'ектыўных прычынаў — зьявіліся складанасьці зь лягістыкай.
Нязначна падаражэла
Значна падаражэла
Павышэньне цэн зьвязваюць з лягістычнымі праблемамі, санкцыямі і ростам сабекошту і цэн на сыравіну.
«Гэта ўсё прыкметы крызіснай зьявы». Камэнтар эканаміста
Эканаміст Леў Львоўскі патлумачыў, што адбываецца з эканомікай апошнія месяцы.
— Можна сказаць, што ў сярэднім прадукты падаражэлі на 15%. Афіцыйная спажывецкая інфляцыя складае 15,2%. Рост цэнаў на асобныя тавары заўсёды можа быць значна вышэйшы ці значна ніжэйшы. Ёсьць рэчы, якія даражэюць вельмі моцна, аднак яны могуць не ўваходзіць у кошык сярэдняга спажыўца, напрыклад Rafaello, цана на які вырасла на 50%.
Інфляцыя можа выклікацца рознымі фактарамі. У нашым выпадку ўсплёск інфляцыі здарыўся, па-першае, праз сусьветную інфляцыю ўвогуле. Па-другое, праз розныя санкцыі, якія наклалі на Беларусь. Адсюль узьніклі і лягістычныя праблемы: прывезьці прадукты зь іншай краіны робіцца даражэй і складаней, у раздробнага гандлю ўзьнікае больш рызык, бо магчымае замарожваньне цэнаў.
Рэгуляваньне цэнаў у Беларусі — папулісцкі крок, але ён выканаў сваю мэту. Паводле незалежных апытаньняў, яно аказалася хутчэй папулярным, чым непапулярным. Калі вам забараняюць падвышаць цэны — а яны аб'ектыўна растуць — можа быць некалькі сытуацыяў. Калі забараняюць абыходзіць падвышэньне цэнаў, нейкі час можна гандляваць сабе ў страту.
Лукашэнка забараніў падвышаць цэны — гэта беспрэцэдэнтная мера. Калі павялічваецца сабекошт курыцы, але вам забараняюць падвышаць цэны, пагражаючы крымінальным перасьледам, урэшце вы проста разарыцеся.
Пасьля таго як затрымалі 20 прадпрымальнікаў, астатнія вырашылі, што лепш папрацаваць са стратамі, чым рызыкаваць і сесьці ў турму. У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта зьніжае цэны. Сапраўды, некаторыя цэны затармазіліся ці адкаціліся назад. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта, вядома, не нясе пазытыву для эканомікі Беларусі.
Зразумела, ёсьць спажыўцы, якія выйграюць ад таго, што яны могуць купляць па ўчорашніх цэнах. Але трэба, каб вытворцы таксама не прайгравалі і ў выніку не разарыліся. З гэтым у нас ёсьць пэўныя праблемы.
З пачатку году ўпалі сярэднія рэальныя заробкі ў Беларусі. Напрыклад, у кастрычніку 2022 году сярэднія рэальныя заробкі былі на 4,5% меншыя, чым у кастрычніку летась.
Паводле Белстату, сярэдні заробак у Беларусі ў верасьні 2022 году складае 1 637 рублёў.
Калі ваш заробак расьце павольней, чым цэны, значыць, з эканомікай нешта не ў парадку. Калі прадпрымальнікі не жадаюць пашыраць бізнэс, можна меркаваць, што адбываецца рэцэсія эканомікі. Падзеньне ВУП і рэальных заробкаў, інфляцыя — хоць яна прыпынілася ў росьце, але ўсё роўна складае 15% — гэта ўсё прыкметы крызіснай зьявы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе даражэй хадзіць у краму. Менск, Варшава, Вільня, Бэрлін ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія прадукты таньнейшыя ў Менску