Пасьля пачатку ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне беларускія афіцыйныя СМІ загаварылі пра тое, што на фоне санкцыйнай палітыкі і, адпаведна, падаражэньня энэрганосьбітаў у Эўропе (асабліва ў Нямеччыне) назіраецца рост цэнаў на прадукты і спажывецкія тавары. Пра тое, што цэны растуць у беларускіх крамах і чаму так адбываецца, звычайна ў такіх публікацыях нічога няма.
Мы параўналі цэны на некалькі спажывецкіх і харчовых тавараў у Менску, Вільні, Бэрліне і Варшаве.
У Менску глядзелі крамы «Гіпа», «Віталюр» і Green, у Вільні — Rimi, у Бэрліне — Edeka і Rewe, у Варшаве — Stokrotka, Auchan і Biedronka.
У чырвонай рамцы — самы дарагі тавар у кожнай катэгорыі.
Аказалася, што, амаль усе абраныя тавары даражэйшыя ў Беларусі. Сярод такіх — дзіцячыя падгузьнікі, шакаляд, кава молатая, аліўкавы алей, памідоры, авакада, перац салодкі, капсулы для пральнай машыны, какосавыя цукеркі. Прычым некаторыя пазыцыі ў Беларусі даражэйшыя ў разы: так, паўкіляграмовы пачак кавы ў менскім гіпэрмаркеце каштуе 38 рублёў, у Вільні — 21, а ў Варшаве і Бэрліне — менш за 15. Авакада ў Менску каштуе амаль 36 рублёў, у Варшаве і Бэрліне — удвая менш, каля 18 рублёў, а ў Вільні на зьніжцы ўвогуле каля 11 з паловай рублёў.