Фактычна ад Беларусі на міжнароднай сустрэчы ў польскай Лодзі прысутнічалі дзьве дэлегацыі — адна ад МЗС, другая — ад апазыцыйнага Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
Улады Беларусі на саміце АБСЭ ў Лодзі прадстаўляў Андрэй Дапкюнас, пасол Беларусі ў Аўстрыі, сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ. Раней на саміт запрашалі міністра замежных справаў Уладзімера Макея, але ён памёр незадоўга да саміту.
Фатографам Getty Images удалося зафіксаваць момант, калі Сьвятлана Ціханоўская знаходзілася побач з Дапкюнасам і нахілілася нешта яму сказаць.
Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала фота з сустрэчы Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі, на якім выглядае, што яна спрабуе пагутарыць з афіцыйным прадстаўніком Беларусі Андрэем Дапкюнасам. Яна расказала Свабодзе, што пабачыла таблічку «Беларусь».
«Я ведала хто гэта, вырашыла „патроліць“, падышла да яго і сказала яму: „Удачы!“. Ён не чакаў мяне пабачыць, спалохаўся, я думаю, нічога не адказаў».
Больш на тым форуме Ціханоўская не спрабавала пагутарыць з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі.
Адным з тых, хто з усьмешкай глядзіць на Ціханоўскую і Дапкюнаса, стаў кіраўнік МЗС Турэччыны Мэўлют Чавушоглу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце АБСЭ ў Лодзі агучылі выступ памерлага Макея. Ён зьбіраўся выказаць расчараваньне адсутнасьцю ЛаўроваНа саміт у Лодзь арганізатары адмовіліся запрасіць міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова як прадстаўніка краіны-агрэсара ў вайне з Украінай. Ягонай адсутнасьцю зьбіраўся абурыцца памерлы Макей, выступленьне якога зачыталі прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі.
Сьвятлана Ціханоўская ў сваім выступе гаварыла аб пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і заклікала АБСЭ працягваць і нарошчваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з мэтай вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
«Кожнаму чалавеку, які супрацьстаіць тыраніі ў Беларусі, асабліва важна быць прынамсі бачным і пачутым. Важна, каб АБСЭ адсочвала сытуацыю ў Беларусі, не здымала яе з парадку дня і дэманстравала салідарнасьць з барацьбой нашага народу, — сказала Ціханоўская ў пачатку выступу. — Я ўпэўненая, што АБСЭ мае інструмэнты ўплыву на сытуацыю. І я вас прашу: не чакайце чарговай ахвяры, не чакайце чарговай сьмерці, трэба дзейнічаць зараз».
Гаворачы пра палітвязьняў у Беларусі, Ціханоўская згадала па імёнах Марыю Калесьнікаву, Алеся Бяляцкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ заклікала павялічыць ціск на рэжым Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка непрымальны, ягоныя словы на Захадзе нічога ня вартыя», — Кавалеўскі