Эканамічныя вынікі году: Такога падзеньня ВУП Беларусь ня бачыла з 1990-х

Беларускія і расейскія грошы. Ілюстрацыйнае фота

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка незалежнага цэнтру эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі BEROC, ацэньвае эканамічныя вынікі 2022 году, тлумачыць, чаму рэкорднае падзеньне ВУП не прывяло да адпаведнага падзеньня дабрабыту, і дае абгрунтаваны прагноз на 2023 год

Сьцісла:

  • Ва ўладаў ёсьць разуменьне, што немагчыма зьнішчыць прыватны сэктар, які выдае 50 працэнтаў эканомікі.
  • Менавіта таму, што шмат людзей выехалі зь Беларусі, афіцыйнае беспрацоўе моцна не павялічылася.
  • Няма такога, каб беларускія тавары масава пайшлі на расейскі рынак замест эўрапейскага.
  • Расейская эканоміка налета можа апынуцца ў сытуацыі значна большага падзеньня.

— Калі параўноўваць 2022 год з папярэднімі, увесьці яго ў кантэкст усёй эканамічнай гісторыі незалежнай Беларусі, то наколькі беспрэцэдэнтнымі зьяўляюцца ягоныя вынікі? Тыя 4-5 працэнтаў падзеньня ВУП, якія будуць зафіксаваныя па выніках году, ці сапраўды ёсьць незвычайнай зьявай?

— Такое падзеньне цягам аднаго году сапраўды зьяўляецца беспрэцэдэнтным і рэкордным, ад 90-х гадоў мы такога ня бачылі. Але, натуральна, у 90-я была свая спэцыфіка, зьвязаная з перабудовай эканомікі, зьменай грамадзкага ладу. Так што сёлета ў Беларусі адбылося самае вялікае эканамічнае ўзрушэньне ў гэтым стагодзьдзі.

Кацярына Барнукова

Гэта быў вялікі шок з гледзішча падзеньня ВУП. Але трэба адзначыць, што гэта падзеньне не настолькі моцна ўдарыла па дабрабыце людзей. Мы не назіраем вялікага росту беспрацоўя. Таму можна сказаць, што ў гэтым аспэкце Беларусь адчувае сабе лепш, чым у крызісе 2015–2016 гадоў.

— А ў чым сакрэт, як гэта адбылося? Чаму пры такім падзеньні ВУП людзі, як паказвае сацыялёгія, не адчуваюць вялікага эканамічнага шоку? Пры тым, што рэальныя даходы насельніцтва падаюць з улікам рэкорднай інфляцыі. Можа, уся справа ў тым, што курс беларускага рубля застаецца стабільным, і гэта ўплывае на псыхалягічнае ўспрыманьне беларусаў?

— Вы цалкам маеце рацыю ў тым, што беларусы схільныя ўспрымаць курс рубля як нейкі маяк здароўя эканомікі. Курс стабільны — і людзі аптымістычна настроены. Гэта дапамагае эканоміцы, бо яны больш трацяць, не пераходзяць у жорсткі рэжым эканоміі.

Курс стабільны, бо санкцыі прывялі да моцнага падзеньня імпарту. Тое ж самае адбылося ў Расеі, там курс рубля ўмацаваўся, і беларускі ўмацаваўся за ім.

Пры гэтым рэальныя даходы насельніцтва ў 2022 годзе зьнізіліся, прыблізна працэнты на 4. Намінальна заробкі павысіліся, але інфляцыя гэта зьела. І гэта падзеньне рэальных даходаў разьмеркавана вельмі няроўна. Ёсьць сфэры, дзе рэальныя заробкі вырасьлі, а ў некаторых упалі вельмі істотна. І склалася так, што даходы ўпалі там, дзе яны былі самыя вялікія — у нафтаперапрацоўцы, здабычы калію і ІТ-сфэры. Нават калі там падзеньне на 15-20 працэнтаў, — то гэта не прыводзіць на мяжу існаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў зацьвердзіла падатковыя зьмены на 2023 год. Для каго вырастуць падаткі

— Атрымліваецца пэўная «ўраўнілаўка» — багатыя бяднеюць, а бедныя застаюцца на месцы?

— Атрымліваецца так. Аднак гэтае падзеньне вельмі няроўна разьмеркавана паміж прыватным і дзяржаўным сэктарамі. На фоне таго прэсінгу, які робіцца на прыватны бізнэс (падвышэньне падаткаў, кантроль цэнаў) можа вырасьці няроўнасьць па гэтай лініі — прыватны і дзяржаўны сэктар.

— Можна сказаць, што адбываецца пэўны працэс «рэваншу» дзяржаўнай эканомікі? Ці гэта больш палітычная рыторыка, а не канкрэтныя дзеяньні?

— Нешта сярэдняе. З аднаго боку, ва ўладаў ёсьць разуменьне, што немагчыма зьнішчыць прыватны сэктар, які дае палову беларускай эканомікі. Але калі да 2020 году была ўстаноўка, што мы разьвіваем прыватны сэктар і ён становіцца крыніцай росту, то пасьля жніўня 2020-га рэжыму стала зразумела, што рост прыватнага сэктару нясе палітычныя рызыкі для рэжыму.

Зьнішчыць яго ўлада ня можа, але падтрымліваць больш ня будзе. І калі ўзьнікае пытаньне, што недзе трэба ўціснуць, у кагосьці нешта больш забраць, то адразу з гэтым ідуць да прыватнікаў. Спрыяльнага клімату для прыватнага сэктару больш няма, а вось небясьпека трапіць за краты, якая заўсёды была, цяпер істотна павялічылася.

— Міграцыя зь Беларусі высокакваліфікаваных і эканамічна актыўных людзей, гэтыя дзясяткі тысяч, якія пакінулі краіну — ІТ-шнікі, бізнэсоўцы — які тут будзе ўплыў на будучыню беларускай эканомікі?

— Несумненна, гэта ўплывае на эканамічную пэрспэктыву. Але канкрэтна сёлета гэта міграцыя якраз зрабіла кароткатэрміновы «станоўчы» уплыў. Менавіта з прычыны таго, што шмат людзей выехала, афіцыйнае беспрацоўе моцна не павялічылася.

Але калі з краіны, якая і так мае насельніцтва, якое старэе, выяжджаюць людзі эканамічна актыўныя і працаздольнага ўзросту, якія плацілі падаткі; выяжджаюць тыя, хто праявіў пэўную грамадзянскую актыўнасьць, то з пункту гледжаньня патэнцыялу беларускай эканомікі гэта, вядома, вялікая страта.

— Адзін з галоўных аспэктаў 2022 году — гэта санкцыі, якая былі ўведзеныя адразу пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Які быў іхны эфэкт, як ён працягнецца далей і ад чаго гэта будзе залежаць?

— Гэта, сапраўды, былі вельмі жорсткія санкцыі, пад якія трапілі асноўныя экспартныя пазыцыі — нафтапрадукты, калій, драўніна, мэталы, плястмасы, якія былі вельмі важныя для нашага эўрапейскага экспарту. Да таго ж Беларусь адразу страціла фактычна ўвесь украінскі рынак.

Цяпер, пасьля першага шоку і вялізнага падзеньня вясной і летам, мы назіраем пэўны рост экспарту ў Расею і па іншых кірунках. Але гэты рост пераважна адбываецца дзякуючы росту цэнаў. Няма такога, каб беларускія тавары масава пайшлі на расейскі рынак замест эўрапейскага. Нашы дрэваапрацоўка, мэталы, плястмасы ў Расеі асабліва не патрэбны, там свайго гэтага хапае.

Але вырасьлі цэны на прадукты харчаваньня. Да таго ж расейскі рубель умацаваўся — і наш экспарт становіцца больш выгадным. За кошт гэтага — цэнавага і курсавога чыньнікаў — і адбываецца павялічэньне экспартнай выручкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менскі рэжым зарабляе на вайне», — эканаміст Раманчук

— Які прагноз на наступны год? Курс рубля, ВУП, экспарт, санкцыі?

— Варта пералічыць тыя чыньнікі, ад якіх шмат што будзе залежаць. Мы бачым, што ўводзіцца эмбарга і максымальная цана на расейскую нафту — і расейскі рубель пачынае аслабляцца. Калі ўлада не дэвальвуе беларускі рубель, то мы страцім свае цэнавыя перавагі ў экспарце, будзем менш атрымліваць за тыя ж аб’ёмы экспарту. Далей — цэны на прадукты харчаваньня ў сьвеце таксама пачынаюць зьніжацца. Гэта таксама ставіць пад пагрозу пляны росту экспарту ў Расею ў грашовым вымярэньні.

Да таго ж расейская эканоміка можа апынуцца ў сытуацыі значна большага падзеньня налета, бо якраз пачынаюць дзейнічаць асноўныя санкцыі супраць экспарту ў Расеі. Гэта адаб’ецца і на Беларусі.

З другога боку, Беларусь можа пакарыстацца расейскай ваеннай мабілізацыяй. Тут і вайсковыя прадпрыемствы, і лёгкая прамысловасьць (апранаць расейскіх вайскоўцаў), харчовая прамысловасьць (карміць расейскіх вайскоўцаў), і нафтаперапрацоўка. Але пытаньне ў тым, наколькі Беларусь дапусьцяць да гэтых паставак.

Наступны чыньнік — што будзе з санкцыямі ў наступным годзе, ці будуць яны пашырацца, ці не. Яшчэ ёсьць куды пашырацца — і ў банкаўскай сфэры, і ў транспартнай. Гэта будзе залежаць ад таго, ці ўступіць Беларусь у вайну. Калі ўступіць, то эканамічная сытуацыя, відавочна, моцна пагоршыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для рэпэтытараў вырастуць удвая, для будаўнікоў у 1,5 раза. Якія падаткі налета хочуць падняць улады