«З вольнай Беларусьсю ў нас ня будзе муру на мяжы». Былы і цяперашні прэзыдэнты Польшчы сустрэліся зь Ціханоўскай і беларусамі

Сьвятлана Ціханоўская і Анджэй Дуда

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Польшчы. Яна сустрэлася зь беларускімі актывістамі і польскімі палітыкамі, у тым ліку з былым і цяперашнім прэзыдэнтамі.

Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, на ёй абмеркавалі супольныя крокі ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі, захады для вызваленьня палітвязьняў і абароны незалежнасьці Беларусі.

Пасьля афіцыйнай сустрэчы яны разам узялі ўдзел у перадкалядным прыёме, арганізаваным прэзыдэнтам Дудам для беларусаў у Польшчы.

Дуда і Ціханоўская падчас сустрэчы зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю ў Варшаве. 8 сьнежня, 2022 году

Анджэй Дуда і Сьвятлана Ціханоўская разам прыйшлі ва ўпрыгожаную да Калядаў залю Бэльвэдэрскага палацу, рэзыдэнцыі прэзыдэнта Польшчы, да беларусаў і прадстаўнікоў польскіх арганізацыяў Беларусі, якія прыехалі з розных гарадоў Польшчы, а таксама зь Менску і Горадні.

Анджэй Дуда вітае маці Рамана Бандарэнкі Алену Бандарэнка ў Варшаве. 8 сьнежня, 2022 году

Была сярод гасьцей маці Рамана Бандарэнкі Алена, якую асабліва вітаў прэзыдэнт Дуда.

«Раман Бандарэнка загінуў за вольную і незалежную Беларусь. Гэта цана, якую часам даводзіцца плаціць за свабоду. Нашы суседзі ўкраінцы цяпер плацяць за незалежнасьць вельмі вялікую цану. І мы іх падтрымліваем у змаганьні. Як і вы, беларусы. Веру, што сапраўдныя беларусы не з Расеяй, што яны не пагодзяцца з расейскай акупацыяй і панаваньнем, што яны ня ёсьць часткай „рускага міру“. Жыве вольная і незалежная Беларусь, зь якой у Польшчы ня будзе ніякага муру на мяжы».

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за ўсю дапамогу, якую яна аказвае беларусам:

«Беларусы ніколі не забудуць гэтай дапамогі. Дыктатура рухне, а тыя сяброўскія адносіны, якія цяпер будуюцца паміж палякамі і беларусамі, застануцца назаўсёды. Мая любімая Беларусь цяпер у закладніках двух дэспатаў, мне балюча бачыць, што зь Беларусі страляюць па Ўкраіне. Я ўпэўненая, што Ўкраіна пераможа, што Беларусь стане свабоднай. Мы самі павінны гэтага дамагчыся, але гэта абавязкова атрымаецца, калі ёсьць такія сябры, як Польшча».

Гэта другая такая калядная сустрэча зь беларусамі прэзыдэнта Польшчы, гэта стала традыцыяй, прызнаў Анджэй Дуда:

«У часе Божага Нараджэньня чалавек ня можа быць у сваім доме, ня можа быць у сваёй Айчыне, вымушаны жыць у іншым краі. І нават калі яго прымаюць там гасьцінна, прымаюць зь любоўю, з сымпатыяй, з разуменьнем, кожны хоча вярнуцца ў свой дом.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда з прадстаўнікамі беларускай дыяспары

Польшча прымае вас цэлым сваім сэрцам, з усёй любоўю, з усёй гасьціннасьцю», — сказаў прэзыдэнт Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы: «Беларусы змагаюцца за свабоду дэмакратыі, і мы падрымліваем іх»

8 сьнежня Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася з былым прэзыдэнтам Польшчы і лідэрам польскай «Салідарнасьці» Лехам Валэнсам. Сустрэча была прымеркаваная да цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру, якую сёлета атрымаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Цырымонія адбудзецца 10 сьнежня ў Осла, зьняволенага Алеся Бяляцкага будзе прадстаўляць ягоная жонка Натальля Пінчук.

Лех Валэнса атрымаў гэтую прэмію амаль 40 гадоў таму.

«Важная сустрэча. Спадарыня Сьвятлана Ціханоўская. Размова аб Беларусі, Польшчы, Эўропе і сьвеце. Вайне і міры. І будучыні, часам, які наперадзе», — напісаў Лех Валэнса ў Facebook.


Паводле Ціханоўскай, Валэнса павіншаваў Алеся Бяляцкага і ўсіх беларусаў з Нобэлеўскай прэміяй міру.

«Ён сказаў, што ў ягоны час гэтая ўзнагарода дала велізарны штуршок польскай „Салідарнасьці“. Прэзыдэнт Валэнса пераканаў мяне, што мы пераможам. Я не магу не пагадзіцца», — напісала яна ў Twitter пасьля сустрэчы.


Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала фота з сустрэчы Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі, на якім выглядае, што яна спрабуе пагутарыць з афіцыйным прадстаўніком Беларусі Андрэем Дапкюнасам. Яна расказала Свабодзе, што пабачыла таблічку «Беларусь».

«Я ведала хто гэта, вырашыла „патроліць“, падышла да яго і сказала яму: „Удачы!“. Ён не чакаў мяне пабачыць, спалохаўся, я думаю, нічога не адказаў».

Больш на тым форуме Ціханоўская не спрабавала пагутарыць з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Ціханоўская спрабавала пагутарыць з прадстаўніком Лукашэнкі на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі. ФАТАФАКТ