Дэпутаты ўхвалілі адпаведнае рашэньне 7 сьнежня на пасяджэньні чарговай сэсіі.
Жытомірская вобласьць стала трэцяй пасьля Валынскай і Львоўскай, якія забаранілі дзейнасьць прадстаўніцтваў Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай2 сьнежня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацыяў.
Згодна з указам прэзыдэнта, урад за два месяцы мусіць распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.
Ва Ўкраіне дзейнічае некалькі праваслаўных цэркваў, але найбольш прадстаўнічыя — Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ, атрымала прызнаньне Канстантынопальскага патрыярхату ў 2019 годзе) і Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якая, у сутнасьці, ёсьць прадстаўніцтвам Расейскай праваслаўнай царквы і падпарадкоўваецца патрыярху Кірылу.
Пакуль Вярхоўная Рада Ўкраіны не ўхваліла закон аб забароне дзейнасьці ва Ўкраіне афіліяваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацыяў, абласныя рады пачалі забараняць дзейнасьць УПЦ МП у асобных рэгіёнах. Першымі такую забарону ўвялі ў Валынскай і Львоўскай вобласьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскія кнігі, грошы, пашпарты СССР — вынікі ператрусаў у асяродках Маскоўскага патрыярхату ва ЎкраінеЗ 23 лістапада праваахоўныя органы Ўкраіны ў межах антытэрарыстычных захадаў пачалі праводзіць ператрусы ў япархіях УПЦ МП. Першай стала Сьвята-Ўсьпенская Кіева-Пячорская лаўра ў Кіеве — галоўны храм Маскоўскага патрыярхату. У выніку СБУ выставіла падазрэньні ў апраўданьні расейскай агрэсіі аднаму зь сьвятароў лаўры, на багаслужбе ў якога сьпявалі песьню пра «абуджэньне вялікай Расеі».
7 сьнежня стала вядома, што СБУ праводзіць ператрусы ў храмах УПЦ МП у Чаркаскай, Валынскай і Херсонскай вобласьцях.