Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) не плянуе здымаць санкцыі з Расеі і Беларусі ў аглядным часе, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МАК Марк Адамс, піша Reuters.
На пасяджэньні Выканаўчай рады МАК у швайцарскай Лязане 5 сьнежня Марк Адамс заявіў, што ўведзеныя ў пачатку вайны ва Ўкраіне абмежавальныя захады не зьмяніліся, і «цяпер ня час здымаць санкцыі з расейцаў або беларусаў», таму яны «застаюцца ў сіле».
У лістападзе за працяг санкцый супраць расейскіх і беларускіх атлетаў выказаўся прэзыдэнт МАК Томас Бах.
У сярэдзіне лістапада было прыпынена сяброўства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце (МПК). У Беларускім паралімпійскім камітэце заявілі, што будуць падаваць апэляцыю на такое рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мроі пра «альтэрнатыўную Алімпіяду». Беларускі спорт задыхаецца ад санкцыяўПерад тым стала вядома пра зьняцьце беларускіх валейбольных зборных з кваліфікацыйных турніраў Алімпіяды-2024 у Парыжы. Акрамя таго, беларускім біятляністам, як і расейскім, забаранілі выступаць на Кубку сьвету. Ёсьць і шэраг іншых санкцый у іншых відах спорту для абедзьвюх краін.
Беларускія спартоўцы пацярпелі за афіцыйную пазыцыю рэжыму Лукашэнкі, які ня толькі падтрымаў дзеяньні Крамля супраць Украіны, але і прадаставіў для расейскіх войскаў тэрыторыю Беларусі для трэнаваньняў і наступу на ўкраінскую тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь плянуе абскардзіць рашэньне Міжнароднага Паралімпійскага камітэту ў нямецкім судзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матч Чэмпіянату сьвету у Катары перапыніў пратэстовец, які выбег на поле