«Прыгожая, чысьценькая краіна — гэта ўсё вельмі дрэнная вокладка»
Зьміцер Філіпаў — беларус зь Пецярбургу, мастак і кухар. Хлопец нарадзіўся ў Расеі і працягвае там жыць, але ягоныя карані з Гомля, дзе нарадзілася маці.
«Для мяне Беларусь заўжды была значнай часткай жыцьця, сьвядомасьці, бо я праводзіў у бабулі па 3-4 месяцы на год. Гэта была такая беларушчына ў маім жыцьці. Мая маці ніколі не размаўляла па-беларуску. Максымум на нейкай трасянцы, калі прыяжджала ў вёску. У нас дома не спраўлялі ніякіх беларускіх сьвятаў, бо бацька расеец да мозгу касьцей, але Беларусь была часткай майго „я“, можа не зусім асэнсаванай», — кажа Зьміцер Філіпаў.
У 2020 годзе падчас паездкі ў Беларусь Зьміцер купіў кнігу Андруся Горвата «Радзіва Прудок», якая моцна яго ўразіла.
«Пасьля яе я пачаў пошук сябе, — кажа Філіпаў. — Пачаў пытацца, што для мяне азначае маё паходжаньне, мае беларускія карані. Я асэнсаваў, што гэта значная частка майго „я“, маіх успамінаў, таго, як я да сябе стаўлюся, і што гэта ўвогуле зараз азначае — быць беларусам. Пасьля выбараў я даведаўся, што беларусы ў Піцеры прыходзяць да амбасады. Мне спачатку было няёмка ісьці, бо я не грамадзянін Беларусі. Здавалася, быццам бы ня маю права, але потым адчуў, што гэта мяне таксама тычыцца».
Пасьля падзеяў жніўня 2020 году Зьміцер пачаў больш чытаць па-беларуску, цікавіцца гісторыяй.
«Мне захацелася прымаць больш удзелу ў беларускіх падзеях, — гаворыць хлопец. — Мы рабілі з дыяспарай дзьве выставы ў Піцеры: адну ў 2020 годзе, прысьвечаную жаночым пратэстам, а на пачатку 2021-га „Страну для жизни“. Мы хацелі пазнаёміць пецярбуржцаў з тым, як насамрэч выглядае Беларусь, што прыгожая, вясёлкавая, паштовачная, чысьценькая краіна — гэта ўсё вельмі дрэнная вокладка».
«У знаёмых расейцаў было ўяўленьне, што Беларусь — гэта „саўковы Дыснэйлэнд“»
Пляцоўку для тых выставаў знайсьці было складана, усе вядомыя месцы адмаўлялі, кажа Зьміцер. Іх уласьнікі баяліся чагосьці палітычнага, нават калі гэта ня тычылася Расеі.
«У наведнікаў была пазытыўная зацікаўленасьць тым, што мы робім, — кажа Філіпаў. — Мы чакалі розных правакацыяў, і на другой выставе мы сустрэліся зь людзьмі, якія казалі: „Вы там крыху перабольшваеце. Мы такога ня бачылі. Навошта вы дзяржаўны сьцяг паказваеце ў нэгатыўным сьвятле? Нам трэба неяк мірыцца з людзьмі“. Актывістам з дыяспары давялося пазнаёміцца з расейскімі дзяржаўнымі органамі, і іх прымусілі зьехаць праз свой актывізм».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як людзі Лукашэнкі палююць на беларусаў у Расеі. Расьсьледаваньне BBCЗьміцер кажа, што ягоныя знаёмыя расейцы не маглі паверыць, што такія падзеі сапраўды адбываюцца ў Беларусі.
«Усе мае знаёмыя мелі такое стэрэатыпнае ўяўленьне, што Беларусь вельмі ціхая краіна, вельмі чыстая, такі „саўковы Дыснэйлэнд“ у нейкім сэнсе, — кажа Філіпаў. — Там нічога не можа адбывацца, Лукашэнка — гэта нейкі сьмешны дзед, які дзіўна размаўляе, аматар Савецкага саюзу. Ніхто такога не чакаў. Але ў сваіх знаёмых я не сустрэў ніводнай адмоўнай рэакцыі, калі пачаў весьці instagram на беларускай мове. Гэта было ў 2021 годзе, пасьля разгрому TUT.BY і арышту Пратасевіча. Я думаў, хтосьці адпішацца, перастане чытаць, але не, ніхто не сышоў».
У сям’і на інтарэс Зьмітра да Беларусі адрэагавалі інакш, кажа хлопец.
«На жаль, мая маці пражыла большую частку жыцьця ў Расеі, яна выбрала для сябе гэтую краіну, таму да Беларусі яна ставіцца як расейка, — кажа хлопец. — Яна казала: „А, ну гэта ўсё куплена, Лукашэнка дагуляўся, усе паедуць у Расею“. Яна не падтрымлівала ні дэмакратычныя сілы, бо для яе гэта было ўвогуле незразумела, ні Лукашэнку, бо ён на пачатку году гуляў у нейкія гульні з Захадам, нібыта так здрадзіў Расеі. Калі я слаў ёй інфармацыю пра выставы, яна вельмі стрымана рэагавала, ніяк не камэнтавала, не казала, падабаецца ёй ці не. Мая сям’я, хутчэй, праігнаравала гэта ўсё».
«Мы нават нашую гісторыю лепш успрымаем праз расейскую храналёгію, і гэта катастрофа»
Зьміцер кажа, што для расейцаў гісторыя Беларусі — белая пляма.
«Расейцы пра Беларусь ведаюць тое, што гэтыя тэрыторыі далучылі пры Кацярыне ІІ. Хто добра вучыўся ў школе, ведае, што былі нейкія польскія паўстаньні ў ХІХ стагодзьдзі, а потым зьявіўся Савецкі Саюз і там утварылася Беларусь. Калі я прыяжджаў у дзяцінстве ў Беларусь, я сам нічога больш за гэта не ведаў, бо там былі нейкія савецкія падручнікі. Аніякай старажытнай Беларусі я ня ведаў. Для мяне пошук гэтай гісторыі быў як пошук самога сябе».
Зьмітру захацелася падзяліцца сваімі ведамі і адкрыцьцямі з гісторыі Беларусі. Усё пачалося з чатаў у Clubhouse, дзе сустракаліся беларусы сьвету, хлопец рабіў там тэматычныя гістарычныя размовы. Так і нарадзілася ідэя падкасту «Хто ты гэткі».
«Мне хацелася падаваць інфармацыю, што Беларушчына — гэта цэлы спэктар, — гаворыць хлопец. — Як ёсьць гендэрны спэктар, калі чалавек можа абіраць шмат ідэнтычнасьцяў, так і быць беларусам для мяне нешта падобнае. У нас ёсьць вельмі шмат розных момантаў у гісторыі: ёсьць ліцьвінства, старажытнаруская частка, ёсьць частка разьвіцьця краіны пад імпэрыяй, вялікі ўнёсак габрэйскай культуры, татарскай і інш. І як з усяго гэтага можна стварыць гамагенную канцэпцыю, што ёсьць Беларусь? Гэта немагчыма. Таму ўсе гэтыя спрэчкі накшталт „чыя Літва“, „мы балты або славяне“ для мяне ня маюць сэнсу, бо гэта ўсё розныя ідэнтычнасьці, зь якіх ты можаш браць нешта для сябе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся, што Расея разваліцца і бяз вулічных пратэстаў». Як беларус з расейскім пашпартам уцякаў ад мабілізацыіПраз пэўны час Зьміцер разам са сваёй сяброўкай зрабіў «Рыфмаваную гісторыю вялікіх князёў літоўскіх».
«Мы зь сяброўкай жывем на розных мацерыках, але амаль штодня размаўляем па-беларуску, — кажа Філіпаў. — Мы зразумелі ў нейкі момант, што нам цяжка асэнсаваць гістарычны кантэкст. То бок калі ты кажаш пра Вітаўта, ты яшчэ разумееш, у якім стагодзьдзі ён жыў, прыгадаеш, што было навокал. А каралі дынастыі Вазаў, Аляксандар Ягелёнчык? І вось яна ў мяне запытвала: „А які гэта год? Хто быў тады царом у Расеі?“ Мы зразумелі, што нават нашую гісторыю мы лепш успрымаем праз расейскую храналёгію. І гэта катастрофа».
Тады ў Зьмітра і ягонай сяброўкі зьявілася ідэя стварыць лёгкі матэрыял, які будзе дапамагаць людзям арыентавацца ў гісторыі Беларусі.
«Сяброўка мне параіла ангельскую песеньку, там дзеці з садочку ведаюць лічылку пра кожнага караля, — гаворыць хлопец. — Мы падумалі, што вось і нам трэба нешта зрабіць такое. Спачатку мы выпісалі амаль усіх князёў, галоўнае, хто і што зь іх зрабіў. Гэта заняло некалькі месяцаў, хоць імкнуліся, каб было вельмі лёгка, забаўляльна, з простай рыфмай, але потым яе ўскладнялі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледнік нацыянальнай ідэі: «З часу задушэньня паўстаньня 1863–1864 гадоў Беларусь зьяўляецца часткай „русского мира“»Зьміцер прызнаецца, што найбольш складана даліся апошнія тры каралі, бо тады і час быў складаны, і падзеі значныя.
«Гэта быў ужо заняпад Рэчы Паспалітай, мне бачылася шмат падобнага з нашым часам, — расказвае Зьміцер Філіпаў. — Таму мы пісалі і перапісвалі. Каб намаляваць пэрсанажаў, для першых дзесяці я шукаў рэфэрэнсы, як я ўяўляю сабе гэтых князёў. А вось пачынаючы ад Жыгімонта было значна прасьцей, бо ёсьць ужо гістарычныя партрэты, якія пісалі сучасьнікі, іх можна было проста змалёўваць. Я вельмі рады, што гэта спадабалася людзям. Нават настаўнікі пісалі, пыталіся, ці можна ўжываць гэта для працы. Для мяне вялікая ацэнка, што гэта сапраўды камусьці патрэбна, я пра гэта і марыў».
Зьміцер кажа, што ў Беларусі не хапае мэрчу, які папулярызаваў бы гісторыю. Таму надалей ён хоча рабіць рыфмаваную гісторыю з Радзівіламі і іншымі дзеячамі. Хлопец заклікае іншых ілюстратараў ствараць беларускі зьмест і супрацоўнічаць.
«Цяпер хочацца зрабіць сямейную паштоўку да Калядаў. Яшчэ мы з адной дзяўчынай зь Любчы плянуем набор паштовак пра Любчу, пра каштоўнасьці і славутасьці гэтага мястэчка, — гаворыць хлопец. — Мне хацелася б потым працягваць гэтую сэрыю, бо калі пра буйныя беларускія гарады людзі ведаюць цікавае, то пра мястэчкі ўжо значна менш, пра іх няма ніякага мэрчу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нашых дзетак ня будзе другога дзяцінства». Як блізкія палітвязьняў сустрэнуць Каляды і Новы год«Беларусы ў Піцеры часам як вампіры»
Зьміцер прызнаецца, што час ад часу бывае страшна рабіць беларускі зьмест у Расеі.
«Калі пачалася вайна і прынялі закон аб фальсыфікацыі і дыскрэдытацыі дзеяньняў расейскіх войскаў, я хуценька прыкрыў сваю старонку, — прызнаецца хлопец. — А потым на сябе раззлаваўся, думаю: „Божа, колькі ўжо тых свабодаў у нас засталося?!“ Я зноў яе адкрыў. Некалькі разоў сябе цэнзураваў. Напрыклад, у апошняй частцы хронікі я напісаў „Жыве Беларусь“. Потым падумаў, што людзі зь Беларусі, мае сябры абавязкова гэта лайкнуць ці зробяць перапост, я магу праз гэта іх „падставіць“. Увогуле я вельмі сумую ад таго, што не магу паехаць у Беларусь. Я столькі ўсяго даведаўся пра яе новага, мне так хочацца ўсё пабачыць ужывую».
Тое, што беларусы надалей хаваюць сваю ідэнтычнасьць, стварае пагрозу, кажа Зьміцер.
«Беларусы ў Піцеры часам як вампіры, — гаворыць хлопец. — Ты ніколі не даведаесься, што чалавек вампір, пакуль ён не пакажа табе свае іклы. Так і чалавек, пра якога ты ўвогуле не даведаесься, што ён беларус, пакуль ён не „праколецца“ на чымсьці. Напрыклад, пачуеш, як ён кажа цьвёрдае „р“, ці „халаднік“ замест „свекольник“, нейкую дробязь. Гэта значная пагроза для разьвіцьця краіны, гэта як жыць, ня ведаючы, хто ты, якія ў цябе каштоўнасьці, што цябе трымае».
Хлопец кажа, што апошнія два гады яму дапамагае трымацца сьвята Дзяды, калі можна ўспомніць сваіх продкаў.
«Вось чытаеш заявы Лукашэнкі, нябожчыка Макея, Качанавай, і думаеш: Божа, вы такую лухту верзяце, адкуль вы гэта ўзялі? — кажа Зьміцер. — Калі пачытаць гісторыю Беларусі, Літвы — у нас ніколі не было таго, што яны ёй прыпісваюць. Трэба гэта разумець, каб не было комплексу непаўнавартасьці, маўляў, ну што там у нас ёсьць? Капялюшыкі нейкія саламяныя, „Славянскі базар“, „Дажынкі“ — і ўсё, няма чым ганарыцца. Ганарыцца ёсьць чым, проста вы пра гэта ня ведаеце. Мне здаецца, мой абавязак як абазнанага чалавека, які штосьці ўмее маляваць, апавядаць, — рабіць гэта».