Пасьля сканчэньня 11 клясаў беларускія выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамэны

Выпускніцы адной з менскіх школ. Архіўнае фота

Раней выпускнікі маглі здаваць цэнтралізаванае тэставаньне па 4 дысцыплінах на выбар. Гэта дазваляла паступаць у тую ВНУ, куды яны праходзілі па балах.

Пасьля заканчэньня адзінаццаці клясаў выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамэны: адзін, абавязковы, — па расейскай або беларускай мове, другі — на выбар.

Для тых, хто будзе паступаць у ВНУ, прапануюць здаваць адзін дадатковы экзамэн у форме ЦТ. Такое рашэньне прынялі 2 сьнежня па выніках нарады ў Лукашэнкі па пытаньнях удасканаленьня ўступнай кампаніі ў ВНУ, піша БелТА.

Як растлумачыў на нарадзе міністар адукацыі Андрэй Іванец, залічэньне ва ўнівэрсытэты будзе праводзіцца па выніках двух ЦЭ, аднаго дадатковага экзамэну ў выглядзе ЦТ і сярэдняга бала атэстата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінадукацыі расказалі, як зьменіцца ЦТ для школьнікаў

Міністэрства адукацыі прапануе праводзіць цэнтралізаваны экзамэн за межамі школ. У буйных гарадах і раёнах ужо вызначылі месцы для гэтага. Прымаць экзамэн будуць у аўдыторыях каледжаў і унівэрсытэтаў. Паколькі не ў кожным населеным пункце ёсьць гэтыя навучальныя ўстановы, частку школьнікаў прыйдзецца падвозіць для здачы экзамэну ў іншыя раёны або гарады.

Па словах Андрэя Іванца, па Беларусі вызначылі 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамэну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі: настаўнікі не павінны весьці ўрокі дыстанцыйна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава заявіла, што «пастаўленая задача» разьмяркоўваць і выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на платнай аснове